Заняць дзяцей, каб на свавольствы ім не хапіла часу

Территория закона

Sovet

На каардынацыйнай нарадзе, якая адбылася ў мінулую пятніцу ў РАУС, абмяркоўваліся пытанні прафілактыкі падлеткавай злачыннасці ў Брагінскім раёне. У ёй прыняў удзел старшы памочнік пракурора вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства непаўналетнімі і моладдзю Валерый Фурс. На пасяджэнні таксама прысутнічалі прадстаўнікі арганізацый, адказных за працу з дзецьмі і моладдзю, супрацоўнікі пракуратуры, РАУС і Следчага камітэта, дырэктары школ і іх намеснікі па выхаваўчай рабоце.

Як паведаміла старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Валерыя Кудрэнка, за 10 месяцаў гэтага года ў нашым раёне падлеткамі здзейснена сем злачынстваў (у асноўным – крадзяжы). У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага гэта лічба паменшылася на 41,7%. Але, нягледзечы на тое, што сёлета назіраецца паніжэнне, сітуацыя застаецца напружанай.

Сярод асноўных прычын падлеткавай злачыннасці – недабранадзейнае становішча ў сем’ях. На ўліку знаходзяцца 49 такіх “ячэек грамадства”, у якіх выхоўваецца 101 дзіця. І хаця з такімі сем’ямі пастаянна праводзіцца прафілактычная работа, станоўчых вынікаў дасягнуць атрымліваецца не заўсёды. І тады ўжо ва ўзаемадзеянні з органамі апекі рыхтуюцца матэрыялы на пазбаўленне бацькоўскіх правоў у адносінах да дзяцей альбо на іх адабранне. Так, у бягучым годзе па рашэнні КСН 10 дзяцей з пяці сем’яў былі змешчаны ў сацыяльны прытулак. Двое жыхароў раёна афіцыйна перасталі быць бацькамі. Усяго ў 2013-м інспекцыяй па справах непаўналетніх пастаўлена на ўлік 35 падлеткаў, зараз іх колькасць адпавядае 24-м. Выяўлены 12 дзяцей, якія здзейснілі правапарушэнні ва ўзросце да 16 гадоў (да адказнасці былі прыцягнуты іх бацькі). За ўцягванне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны панеслі пакаранне пяцёра дарослых. Пры гэтым зарэгістравана 10 фактаў парушэння падлеткамі антыалкагольнага заканадаўства.

Разам з тым, установамі адукацыі раёна праводзіцца вялікая работа па недапушчэнні злачыннасці сярод непаўналетніх, распрацаваны спецыяльныя комплексныя праграмы, у рэалізацыі якіх удзельнічаюць усе службы прафілактыкі. Аб прынятых мерах, накіраваных на занятасць падлеткаў, расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Калясан. Ён адзначыў, што школы не толькі праводзяць выхаваўчую работу сярод дзяцей, але і імкнуцца так арганізаваць мерапрыемствы, каб заняць вучняў у вольны ад урокаў час. Іх сталі шырэй прыцягваць да заняткаў фізічнай культурай, спортам і турызмам, мастацкай творчасцю, разнастайнымі відамі працоўнай дзейнасці. Прычым розныя клубы і аб’яднанні па інтарэсах працуюць у шосты школьны дзень тыдня.

Асаблівая ўвага на нарадзе была звернута на арганізацыю занятасці дзяцей летам. У гэтую пару дзейнасць супрацоўнікаў аддзела і ўстаноў адукацыі рэгулявалася міжведамасным планам “Разумныя канікулы: лета-2013”. У яго ўвайшлі мерапрыемствы, арганізаваныя сумесна з РАУС, у тым ліку аддзяленнем ДАІ, РАНС, пракуратурай, аддзелам культуры, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай, РК ГА “БРСМ”, КСН, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і інш. Была прадугледжана работа аздараўленчых лагераў, лагераў працы і адпачынку, гульнявых пляцовак, праводзіліся ўрокі духоўнасці, экалагічныя злёты, рознабаковыя экскурсіі і конкурсаў. Дарэчы, гэтым летам 115 падлеткаў не толькі займалія карыснымі справамі, але і змаглі добра зарабіць.

Іншымі словамі, прафілактыка злачынстваў сярод непаўналетніх дае станоўчыя вынікі. Але для больш эфектыўнай работы патрэбна каардынацыя і цеснае ўзаемадзеянне ўсіх адказных службаў, каб заняць хлапчыкаў і дзяўчынак на працягу дня. У выніку на свавольствы ў іх проста не застанецца часу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *