Мнагадзетная маці будзе пазбаўлена бацькоўскіх павоў

Общество

Lishenie

Аб прадаўжэнні роду, абароне маленькіх істот ад бед і небяспекі, падрыхтоўцы іх да самастойнага жыцця клапоціцца ўсё жывое. Для гэтага прадстаўнікам фаўны дадзены інстынкты, а людзям яшчэ і розум. Толькі што рабіць, калі ён “глушыцца” спіртным?.. Зялёны змей забірае сілы, прыгажосць, маральныя прынцыпы, духоўныя каштоўнасці. І асабліва страшна, калі сябруюць з ім маці, бо губляюць яны тады не толькі сваю прывабнасць, але і адказнасць за дзяцей.

Звузіўся сэнс жыцця да аднаго жадання – выпіць – і ў маладой жанчыны, 1982 года нараджэння, якая была выклікана на мінулым тыдні на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. У пачатку ліпеня мінулага года ў яе былі адабраны і змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне пяцёра непаўналетніх дзяцей. Дажылася да таго, што абараняць іх патрэбна ад самой жа. Зацікаўленыя службы распрацавалі індывідуальныя планы абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, правялі комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне становішча ў сям’і. Але для гора-маці шматлікія ўшчуванні і павучанні, парады і перакананні змяніць свае адносіны да жыцця так і засталіся пустымі словамі. Не абудзілі сумлення.

Больш чым тры месяцы жанчына ўхілялася ад працаўладкавання, знайшла сабе чарговага грамадзянскага мужа і прытулак у Хойніцкім раёне. Толькі 30 кастрычніка прыступіла да работы ў КЖУП “Брагінскае”, вядома, у прымусовым парадку. І, здаецца, справа пайшла на лад: заўваг да абавязанай асобы на працоўным месцы не ўзнікала. Пакуль у адзін з паслясвяточных дзён жанчыну не заўважылі на рабоце ў нецвярозым стане… Хаця задоўга да гэтага ёй прапаноўвалі прайсці бясплатнае лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Не згадзілася.

У сувязі з тым, што сям’я зарэгістравана ў Зарэччы, дзе ў яе застаўся дом, маці патрэбна было прывесці яго ў парадак, зрабіць там касметычны рамонт, стварыць належныя ўмовы для жыцця і выхавання дзяцей, тым больш, што аказалі і гуманітарную, і адрасную сацыяльную дапамогу. Але жанчына ехаць туды не спяшалася, некаторы час пражывала з маці ў Брагіне. Яе ахапіла надзея атрымаць жыллё ў райцэнтры. І такі шанц можна было сапраўды выкарыстаць, пакуль дзеці знаходзіліся побач з маці: службы рэкамендавалі сабраць адпаведныя дакументы на атрыманне крэдыту для будаўніцтва ці пакупкі жылля як мнагадзетнай сям’і. Ды, відаць, жанчыне было б больш зручна, каб за яе гэта зрабіў нехта іншы. А яе клопат – “баляваць”.

Праз шэсць месяцаў, ужо на пасяджэнні камісіі, у маці пацікаваліся, што зрабіла менавіта яна для таго, каб вярнуць дзяцей. У адказ – маўчанне ды слёзы з апушчаных вачэй… І дзіўная просьба – даць апошні шанц. Жанчына так і не ўсвядоміла, што яна яго ўжо ўпусціла.

Камісія вынесла пастанову, згодна з якой раённаму аддзелу адукацыі, спорту і турызму даручана звярнуцца з іскавай заявай у суд аб пазбаўленні грамадзянкі бацькоўскіх правоў.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ