Навіны культуры: парадавалі і вяскоўцаў, і гарпасялкоўцаў

Грамадства

elka-333

Работнікі дзяржаўнай установы “Брагінскі раённы Дом культуры” і Брагінскі аўтаклуб у пераднавагоднія і навагоднія дні шмат увагі ўдзялілі правядзенню мерапрыемстваў для жыхароў сельскай мясцовасці, і не толькі.

Першы выязны канцэрт адбыўся ў Просмычах, дзе сабралася амаль уся вёска. На працягу ўсяго канцэрта адчувалася добрая энергетыка і на сцэне, і сярод гледачоў. “У нас брагінскія самадзейныя артысты ўжо не першы раз, але сёння была незвычайная атмасфера, сапраўднае яднанне душ, а галоўнае – з намі была Песня, – гаварыла загадчыца Просмыцкай бібліятэкі-клуба Валянціна Малочка”. Больш чым 40 вяскоўцаў не толькі спявалі з салістамі разам, але і танцавалі з запалам.

Наступны цудоўны вечар з культра-ботнікамі правялі жыхары Кавакі. Музычныя нумары вызначаліся змяс-тоўнасцю і жанравай разнастайнасцю: ад незабыўных рэтра-мелодый да вядомых сучасных шлягераў і шчымлівых лірычных мелодый, якія радавалі гледачоў, задавальнялі розныя густы. Пакідаючы глядзельную залу, яны прызналіся, што асаблівыя ўражанні засталіся ад выступлення вакальнага жаночага калектыву “Бліскавіца”, у складзе якога – Наталля Нікіценка, Ала Злыдзенка, Ірына Гаршкова, Маіна Сяргейчык.

Прыемна былі здзіўлены самадзейныя артысты, калі 31 снежня ўбачылі запоўненую залу Буркоўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Яна не ўмяшчала ўсіх жадаючых паслухаць папулярныя на Брагіншчыне калектывы і іх салістаў, таму многім давялося стаяць у калідоры. Выходзячы на сцэну, Вячаслаў Гаршкоў, Анжэла Бондар, Раман Цеслянок, Віталь Клімовіч, Сяргей Даўгулявец, Аксана Галяк, Марына Марчанка, Юля Гапоненка, Ала Злыдзенка, Іван Корхаў, Маіна Сяргейчык, Наталля Нікіценка імкнуліся ўзняць святочны настрой, раілі жыць і верыць у лепшае, што прынясе Новы 2014 год.
Старшыня мясцовага сельскага Савета Надзея Каробкіна ад імя гледачоў падзякавала выступаючым, запрасіла прыязджаць часцей.

Паспяхова прайшоў у РДК навагодні святочны канцэрт “Карнавальная ноч”, дзе персанажы аднайменнага фільма стараліся захапіць гледачоў новымі навагоднімі песнямі, тэатралізацыяй.

Не абышлі ўвагай у гэтыя дні і юнага гледача. Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” пачалася з прадстаўлення “Навагоднія прыгоды ў ведзьміным царстве” , якое потым паказалі ў Вуглоўскім цэнтры культуры і вольнага часу. Дзеці ўважліва сачылі за прыгодамі Лесавіка, Зайчыка, Кікімары, Ведзьмы, Дзеда Мароза і Снягурачкі, радаваліся, што дабро заўсёды перамагае зло. Рэжысёр і пастаноўшчык – Святлана Русак.

У раённым Доме культуры выхаванцаў ДУА “Санаторны яслі-сад г.п. Брагіна” захапілі прыгоды Калабка, Воўка, Лісічкі, Зайчыка, Мядзведзя, Дзеда, Бабы, іх унучкі Дашы ў ходзе лялечнага спектакля (падрыхтавала яго Анжэла Бондар).

У навагоднюю ноч на плошчы Леніна каля галоўнай ёлкі раёна сабралася прыкладна 400 гледачоў. Гучалі прыпеўкі, песні, жарты, танцы, а віншаванні Снегурэты (Анжэла Бондар), мадам Брошкінай (Святлана Русак), Дзеда Мароза (Віталь Клімовіч), Снягурачкі (Юля Гапоненка) прыемна ўразілі прысутных. Тэатралізаванае прадстаўленне атрымалася яркім і незабыўным.

Тыя, хто прысутнічаў на навагодняй тэматычнай дыскатэцы, мелі магчымасць паўдзельнічаць у святочнай латарэі, выйграць не толькі каштоўныя падарункі, але і сертыфікаты на суму 100, 200, 300 і нават 500 тысяч рублёў.

За ўсёй гэтай карпатлівай работай стаіць творчы і ініцыятыўны чалавек – дырэктар ДУ “Брагінскі раённы Дом культуры” Сяргей Краўчанка. Менавіта ім было прыкладзена шмат намаганняў і арганізатарскіх здольнасцяў пры правядзенні мерапрыемстваў.

Любоў ДУБАТДЗЕЛ,
метадыст ДУ “Брагінскі РДК”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *