Перад Новым годам работнікі лясгасу рэалізавалі насельніцтву 370 соснаў

Грамадства

Sosna

Рознакаляровыя агеньчыкі гірлянд, святочныя салюты, пырскі шампанскага… І, вядома ж, самы галоўны атрыбут Новага года – прыгажуня-ёлка. Яна абавязкова прысутнічае ў гэтыя дні амаль у кожным доме, адміністрацыйным будынку, на галоўных плошчах гарадоў. Таму да выбару зялёнай госці людзі падыходзяць з асаблівай дбайнасцю і скрупулёзнасцю. Адны аддаюць перавагу штучным дрэўцам – зручна і практычна, не давядзецца набываць штогод, другія – натуральным, каб напоўніць памяшканне хвойным пахам.

Гандаль зялёнымі прыгажунямі, па словах намесніка дырэктара ДЛГУ “Камарынскі лясгас” Таццяны ШПЕТНАЙ, пачаўся ў раёне з 20 снежня. Іх можна было набыць як у лясніцтвах, так і ў магазінах райспажыўтаварыства, на рынках Брагіна і Камарына. Кошт навагодніх дрэўцаў, у залежнасці ад вышыні, вагаўся ад 43 200 да 108 000 рублёў. Пік продажу назіраўся за тры-чатыры дні да Новага году. Работнікі лясгасу рэалізавалі насельніцтву 370 соснаў (для параўнання: у снежні 2012-га – 495) на 19 мільёнаў. Большая частка жыхароў аддала перавагу дрэўцам вышынёй ад аднаго да двух метраў. А лідарам продажу стала Савіцкае лясніцтва, дзе жадаючыя набылі 172 сасны на 7 мільёнаў 800 тысяч рублёў.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *