Правялі адпачынак з карысцю

Грамадства

Deti-1

Зімовыя канікулы для дзяцей – выдатная магчымасць адпачыць ад падручнікаў і сшыткаў, паўдзельнічаць у шматлікіх мерапрыемствах і святах ці накіравацца ў падарожжа. Цэлыя два тыдні вольнага часу! І дарослыя паклапаціліся аб тым, каб вучні правялі іх весела, з карысцю, насычана і цікава.

Як паведаміла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Аксана ГОЛІК, на адпачынак і аздараўленне школьнікаў у лагерах дзённага знаходжання ў перыяд зімовых канікулаў было выдзелена 23 802 240 рублёў. Яны працавалі ў пяці ўстановах адукацыі Брагіншчыны з ахопам 128 вучняў. Фінансаванне ажыццяўлялася з разліку 26 565 рублёў на адзін ложка-дзень. Для дзяцей у перыяд канікулаў было арганізавана каля 100 мерапрыемстваў.

Раённы Дом культуры, напрыклад, падрыхтаваў для юных наведвальнікаў лагераў казачнае прадстаўленне “Навагоднія прыгоды ў ведзьміным царстве”. Пятнаццаць вучняў раёна пабывалі на канікулах у Гомельскім дзяржаўным цырку на галоўнай ёлцы вобласці. Самыя прыемныя ўражанні пакінула таксама паездка ў “Мазырскі замак”, дзе размясцілася рэзідэнцыя братоў Дзядоў Марозаў.

Шэраг мерапрыемстваў прайшло ў рамках раённай прафілактычнай акцыі “У Новы год – без правапарушэнняў”. З дзецьмі былі праведзены гутаркі на прававую і супрацьпажарную тэматыку, ішла размова аб правільных паводзінах на лёдзе, шкодным уздзеянні на арганізм алкаголю, наркатычных і таксічных сродкаў. Падлеткі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, сустрэліся з настаяцелем прыхода Храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы. У Брагінскай школе прайшла дабрачынная акцыя “Ад сэрца да сэрца”, якая ставіла на мэце сабраць падарункі для дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Такі рознапланавы, духоўна абагачаны і насычаны яркімі падзеямі, калектыўнымі твор-чымі справамі вольны час дазволіў школьнікам прыступіць да авалодвання ведамі ў другім паўгоддзі з прыемнымі ўражаннямі і новымі сіламі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *