Вынікі работы за 2013-ты год падвялі працаўнікі ААТ “Камарынскі”

Сельское хозяйство

Komarin

Хто бываў на справаздачных сходах у ААТ “Камарынскі”, не прамінуў адзначыць, што дырэктар Рыгор Анапрэеенка заўсёды выходзіць на трыбуну з грунтоўным дакладам і глыбокім аналізам вытворчых паказчыкаў. Сказанае да месца трапнае слова і жарт у спалучэнні з прыведзенымі прыкладамі канкрэтных фактаў толькі дапаўняюць агульны малюнак таго, як жыў і працаваў калектыў на працягу года. І справа тут не столькі ў красамоўстве, колькі ў адносінах кіраўніка да лёсу гаспадаркі і падначаленых. Не ўсе з іх сумленна працавалі, не ўсе ў аднолькавай ступені ўсведамляюць сваю адказнасць за агульны вынік, але ж, як любіць паўтараць Рыгор Мікалаевіч, іншых не будзе, трэба знаходзіць агульную мову з усімі. А гэта прадугледжвае і выхаванне, і стымуляванне, і меры адміністратыўнага ўздзеяння.

На жаль, мінулы год для камарынцаў быў неспрыяльным. Рэзкія перапады тэмпературы, калі 27 сакавіка яшчэ ляжалі гурбы снегу, а 1 мая ўжо стаяла спёка да 30 градусаў, адмоўна адбіліся на стане пасеваў. Менавіта раслінаводчая галіна і падвяла хлебаробаў, не дазволіла выканаць прагнозныя паказчыкі. Вытворчасць валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах склала 34 млрд 18 млн рублёў, у тым ліку раслінаводчай – 12 млрд 729 млн рублёў (76,4%) і жывёлагадоўчай – 21 млрд 290 млн (102,4%). Зерневым і зернебабовым адвялі летась 1883 гектары, сабралі 2723 тоны збожжа, а гэта на 3011 тон менш, чым у 2012-м годзе (47,5%), пры сярэдняй ураджайнасці 14,8 цнт з гектара.

Кукурузы пасеялі 2010 гектраў, у тым ліку 307 – на зерне, валавы збор яго пасля дапрацоўкі склаў 1194 тоны (38,9 цнт з га). Для грамадскага пагалоўя нарыхтавалі і 26 453 тоны зялёнай масы, па 155,3 цнт з гектара. Не парадаваў і рапс, з плошчы 550 га атрымалі 520 тон насення каштоўнай алейнай культуры, па 9,5 цнт/га.

На 1 студзеня 2014 года ў гаспадарцы налічвалася 5803 галавы буйной рагатай жывёлы, што на 98 больш, чым у папярэднім годзе, кароў – 1964 галавы, дойных – 580. За мінулы год атрымалі 822 тоны валавой прывагі (мінус 34 тоны да ўзроўню 2012-га), ад рэалізацыі жывёлы выручылі 12 млрд 430 млн рублёў. Прыбытак склаў 1 млрд 172 млн, рэнтабельнасць – 11,7%.

Надаілі 2548 тон малака (плюс 412 тон ), рэалізавалі яго дзяржаве 2113 тон (плюс 253 тоны) і атрымалі выручкі 6 млрд 804 млн, прыбытак – 317 млн пры рэнтабельнасці 5,5%. Калі абагуліць усе лічбы, атрымаецца, што выручка ад рэалізацыі прадукцыі зменшылася на 2 млрд 362 млн. Пры ўсіх фінансава-эканамічных складанасцях сельгаспрадпрыемства летась шмат будавала і рэканструявала. На гэтыя мэты выдаткавана 2 млрд 495 млн рублёў уласных грошай. Асноўная сума пайшла на заканчэнне работ у Прудавіцы, а таксама добраўпарадкаванне Асарэвіцкай фермы і механічнай майстэрні.

Па лізінгу набыты кормаўборачны камбайн, два прэс-падборшчыкі, граблі і інш., усяго на 3 млрд 829 млн рублёў. Працаўнікі ААТ “Камарынскі” застаюцца вернымі сабе ў жаданні жыць па сродках, эканоміць. Дарэчы, у іх – найменшая сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна крэдыторская запазычанасць (15 млрд 420 млн), з якіх 7 млрд 896 млн – лізінг. На аднаго працаўніка прыпадае па 79,5 млн рублёў доўгу. Дэбіторская запазычанасць вымяраецца сумай 1 млрд 17 млн рублёў.

Пасля падрабязнай справаздачы аб выніках работы за 2013 год, прыведзеных лічбаў і фактаў дапаўняць дырэктара не сталі, усё і так зразумела: неабходна будзе працаваць так, каб не было прыкрых мінусаў у паказчыках і спаду вытворчасці прадукцыі. Як гэта зрабіць, думаюць разам. Планы намечаны, засталося рэалізаваць іх. Рэзервы у калектыва ёсць, тут на пасадах галоўных спецыялістаў працуюць адукаваныя і неабыякавыя людзі з немалым стажам, на іх і надзея. Ды і кіраўніцтва гаспадаркі – мудрае і прадбачлівае, са сваім стылем работы, здольнае вырашаць пастаўленыя задачы. Хочацца пажадаць, каб гэты год быў для камарынцаў шчодрым і паспяховым, каб яны рэалізавалі свой патэнцыял.

Ва ўрачыстых абставінах правялі на заслужаны адпачынак ветэранаў вытворчасці, уручылі ім каштоўныя падарункі. Адзначылі за сумленную працу пераможцаў спаборніцтва, якія дасягнулі добрых вынікаў. Іх чакалі грашовыя прэміі.

У рабоце сходу прынялі ўдзел прадстаўнік дзяржавы ў ААТ “Камарынскі” Пётр Пінчук, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан і старшыня Іёлчанскага сельскага Савета Валянціна Свіслоўская.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *