Удзячныя вучні паважаюць і памятаюць

Грамадства

Uchitel

У кожнага з нас, выпускнікоў 1963-1968 гадоў Ільіцкай школы, ужо далёка не маладых людзей, свой лёс, свая жыццёвая дарога. Але на яе выбар у значнай ступені некалі паўплываў наш настаўнік, былы дырэктар Аляксандр Іванавіч Козел. Спачатку мы былі яго вучнямі, а потым многія сталі калегамі-педагогамі.

Больш за 40 гадоў адпрацаваў Аляксандр Іванавіч у сістэме адукацыі Брагіншчыны. Хутка рос па службовай лесвіцы: завуч Мікуліцкай СШ, дырэктар Ільіцкай СШ, загадчык раённага аддзела адукацыі. Пасля адсялення з-за чарнобыльскай навалы – дырэктар Бялёўскай СШ Жыткавіцкага раёна. Цяпер – на пенсіі.

Эвакуацыя чорным радком упісалася ў сэрца і душу Аляксандра Іванавіча: не стала жонкі. Тады яму здалося, што жыццё спыніла свой ход. Але выратоўвала праца, у якой імкнуўся быць адказным і сумленным.

Праз нейкі час добраму чалавеку сустрэлася цудоўная жанчына, якая літаральна прымусіла яго паверыць у жыццё. За дабрыню і шчодрасць яго палюбілі дзеці і ўнукі жонкі Надзеі Раманаўны. Ён жа, у сваю чаргу, праяўляе клопат і ўвагу да новай сям’і. Нават на заслужаным адпачынку не сядзіць без справы: навучыўся цяслярыць, збірае чарніцы, вырошчвае на дачным участку не толькі традыцыйныя, але і экзатычныя культуры. Гэтую сям’ю ў Жыткавічах вельмі паважаюць.

Дык які ж ён, наш настаўнік, па жыцці?..

У далёкім 1962 годзе ў нашай школе з’явіўся новы выкладчык матэматыкі, новы дырэктар, адукаваны і прыстойны мужчына, кампетэнтны кіраўнік і добры арганізатар. Усе гэтыя якасці ўвасобіліся ў адным чалавеку. З прыходам Аляксандра Іванавіча ажывілася пазакласная работа, сталі дзейнічаць гурткі па інтарэсах, больш актыўна праводзіцца спартыўна-масавыя мерапрыемствы. А калі на зімовых канікулах 14 вучняў-выдатнікаў вучобы і спартыўных школьных прызёраў былі заахвочаны экскурсіяй у г. Гомель, гэта стала асабліва прыемнай падзеяй. І стымулам для іншых. Нездарма ўжо ў канцы навучальнага года на святочнай лінейцы віталі ажно 37 выдатнікаў!

З выпуску 1963 года (29 вучняў) восем сталі педагогамі, двое закончылі Віцебскі медыцынскі інстытут і столькі ж – ваеннае вучылішча. Ад душы можна было парадавацца і за поспехі наступных выпускаў.

Выдатны матэматык, умелы кіраўнік і добразычлівы чалавек – пра такіх кажуць: на сваім месцы. Аляксандр Іванавіч стаў узорам для педагогаў школы. Ён умеў падабраць ключык да сэрца кожнага хлопчыка і дзяўчынкі. Яго шчырая ўсмешка, лагодны голас, добрае і дарэчы сказанае слова не маглі не крануць сэрца таго, хто знаходзіўся побач: будзь то сталы чалавек, ці яршысты юнак, ці вучань-пачатковец.

Мы дагэтуль, як адзін, не перастаём здзіўляцца і захапляцца яго фенаменальнай памяццю: на 50-годдзі сустрэчы з выпускнікамі ў мінулым годзе Аляксандр Іванавіч узгадваў да дробязяў пахвальныя ўчынкі і сарамлівыя “выкіды” (чаго толькі не было ў школьныя гады!) сваіх вучняў. На працягу ўсіх шасці гадоў работы ў Ільіцкай СШ вяскоўцы называлі яго “наш дырэктар”. Як бачым, новы, чужы чалавек стаў для мясцовых жыхароў сваім (у Ільічах тады вучыліся дзеці з васьмі вёсак).

Адкуль жа столькі пазітыву ў гэтага чалавека, чым ён пакарыў сэрцы людзей? Думаецца, што лепшыя якасці ўвабраў з малаком маці, якая была на рэдкасць прыгожая знешне і моцная па натуры. Са сваім сынам на руках, старэйшым братам Аляксандра Іванавіча, яна прыйшла ў сям’ю, дзе без маці засталіся шасцёра дзяцей. А потым на свет з’явіўся і восьмы – Аляксандр. Малыя, бывала, канфліктавалі, часта хварэлі. Але маці выратавала ад хваробы ўсіх дзяцей. Акрамя свайго старэйшага сына… Памёр.

Успамін свайго настаўніка цытую: “Начамі матуля недасыпала: прала, ткала, шыла, вязала і строга кантралявала нашу вучобу”. З усёй вёскі толькі ў іх сям’і трое дзяцей атрымалі сярэднюю адукацыю да вайны, а малодшыя – пасля яе. Былі тут і свае педагогі, і ваенны інжынер, і заатэхнік. Добрымі і шчырымі выраслі дзеці, бо бацькі вучылі саступаць адзін аднаму, дзяліцца апошняй скарыначкай хлеба, шанаваць і паважаць іншых. Значыць, у такой сям’і Аляксандр Іванавіч загартаваўся як асоба.

Сістэме адукацыі ён аддаў 45 лепшых гадоў свайго жыцця. І няхай няма ў яго высокіх урадавых узнагарод, затое ёсць удзячныя былыя вучні, сябры, калегі, добрыя суседзі. Яны паважаюць гэтага абаяльнага, душэўна шчодрага, добразычлівага чалавека.

А мы, былыя яго вучні – М. Дзямковіч (Брагін), П. Шылец (Хракавічы), М. Майсеенка, П. Ільянок і А. Хіжанок (Мінск), Ю. Мельнічэнка (Брэст), Д. Рубаха і В. Кацэба (Гомель), М. Юрчанка (Добруш), М. Хіжанок (Рэчыца), напярэдадні 85-годдзя з дня нараджэння свайго настаўніка гаворым: “Шчыры дзякуй Вам, Аляксандр Іванавіч, што Вы былі і ёсць у нашым жыцці! Моцнага Вам здароўя, даўгалецця і дабрабыту!”

Па даручэнні выпускнікоў Любоў МАЙСЕЕНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *