13 красавіка — Вербная нядзеля

Грамадства Праздники и будни

85750591_52999621

Напярэдадні перадвелікоднага тыдня Ісус Хрыстос урачыста ўехаў у Іерусалім у суправаджэнні сваіх вучняў. Жыхары горада сустракалі яго пальмавымі галінкамі ў знак глыбокай пашаны.

На Беларусі да Вербнай нядзелі вернікі заўсёды рыхтавалі галінкі вярбы. 3 імі ішлі ў царкву, каб асвяціць. Пасля гэтага вярба станавілася ганаровай святыняй у доме і па-за ім, захоўвалася ў чырвоным куце за абразам на працягу года.

Пасля асвячэння адразу адну пупышку з’ядалі, каб абараніцца ад навальніц. Увайшоўшы ў хату, тры разы стукалі вербным пучком ці галінкамі кожнага з сям’і, прыгаворваючы: «Не я б’ю, вярба б’е, няхай на здароўе жыве». 3 вярбой гаспадар абыходзіў пабудовы для жывёлы, стукаючы кожную таксама тры разы, а потым утыкаў гэты пруцік у шчыліну сцяны хлява. Не забывалі і пра вуллі. Таксама абыходзілі гароды, азімае поле, стукаючы тры разы ў розных месцах, і ўтыкалі галінку ў зямлю. Часта потым з гэтага прутка вырастала вялікае дрэва.

На працягу года асвечаная вярба выкарыстоўвалася ў розных жыццёвых сітуацыях. Напрыклад, у час набліжэння навальніцы яе ставілі на падаконнік у бок хмары. Калі хто-небудзь з сям’і ці хатняй жывёлы захварэў, іх акурвалі вярбой.

Праз год, калі ў хату ўносілі новыя асвячоныя галінкі вярбы, старыя не выкідвалі, а спальвалі асобна ў печы, звычайна ў перадвелікодны панядзелак. Потым гэтым попелам падкормлівалі расаднік.

Пасля Вербнай нядзелі пачынаецца перадвелікодны тыдзень. Ён праходзіць у клопатах падрыхтоўкі да Вялікадня.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *