Пераможцамі дзіцячага музычнага фестывалю «Зорная карусель» сталі брагінчане

Грамадства

Karusel-1

Дзясяты, юбілейны фестываль-конкурс сучаснай эстрады “Зорная карусель” закончыўся перамогай юных артыстаў Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў. Прыемна, што галоўны сімвал фестывалю – “Залаты ключ” – застаўся ў нас. У дадатак да ўсяго юныя таленты атрымалі каштоўны падарунак – тэлевізар. На гэты раз удзел у мерапрыемстве прынялі 17 каманд з раёнаў Гомельшчыны і абласнога цэнтра, а гэта прыкладна 300 хлопчыкаў і дзяўчынак. З прывітальным словам да іх звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва, якая ўзначальвала журы.

Karusel-2

Летась “Залаты ключ” забрала таленавітая каманда з Новай Гуты Гомельскага раёна. Выкладчыкі, якія рыхтавалі з дзецьмі конкурсную праграму, паабяцалі, што яны прывязуць сёлета новы ключ. Слова сваё стрымалі, знайшлі ўмельца, якія выкаваў сімвалічны знак фестывалю з любоўю і фантазіяй. Ён заззяў пазалотай, да ўсяго ключ змясцілі ў куфэрак як найвялікшую каштоўнасць. Пад апладысменты прысутных ва ўрачыстых абставінах перадалі яго намесніку начальніка ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брагінскага райвыканкама Ліне Пятніцкай, каб уручыла потым сёлетняму пераможцу. Дзякуючы ёй існуе і заваёўвае папулярнасць фестываль “Зорная карусель”, Ліна Адамаўна – аўтар гэтага цудоўнага праекта. І вось пасля доўгіх вандраванняў па іншых раёнах “Залаты ключ” нарэшце застанецца на Брагіншчыне.

Karusel-13

Заваяваць гран-пры брагінчанам было няпроста, у мінулым годзе яны таксама выступілі добра, і ў мяне як члена журы была надзея ўбачыць іх у ліку лідараў. Праўда, да таго часу, пакуль на сцэну не выйшлі выхаванцы Навагуцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Karusel-3

Да юбілейнага конкурс у педагогі і вучні Брагінскай ДШМ падрыхтаваліся грунтоўна, таму і перамаглі. Супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адзначылі значны ўклад харэографа Алены Цярэшчанкі (пастаноўка танцаў) і галоўнай захавальніцы фонду музея з карціннай галерэяй Надзеі Мялешкі (падрыхтоўка сцэнарыя). Канцэртная праграма была цікавая, арыгінальная, змястоўная, цалкам адпавядала тэме “Жыві і квітней, наш родны, любімы край”. Дарэчы, як і іншых каманд.

Karusel-4Karusel-5Karusel-6Karusel-7Karusel-8Karusel-9Karusel-10
Сярод выканаўцаў вакальнай эстраднай песні першае месца заняла Анастасія Уласава (СШ №26 Гомеля), другое раздзялілі Міхаіл Цімашэнка (Красненская дзіцячая школа мастацтваў Гомельскага раёна) і Наталля Дарошчанка (Малейкаўскі сельскі клуб), трэцяе – Аліна Цалко (Ельскі ГДК) і Алеся Лявоненка (Красненскі цэнтр культуры і вольнага часу нашага раёна).

Лепшай вакальнай групай, на думку членаў журы, была “Вясёлка” Ельскага ГДК, другое месца прысуджана вакальнаму ансамблю “Мара” (Светлагорск, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Ювента”), трэцяе – “Рамонку” (Красненская ДШМ Гомельскага раёна) і вакальнай студыі “Дамісолька” Ельскага гарадскога Дома культуры.

Выканаўцы народных песень былі адзначаны ў такім парадку: Маргарыта Няроўная – першае месца, Кацярына Хасяневіч – другое (абедзве прадстаўлялі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля).

Ансамбль “Веснушки” Яромінскай школы мастацтваў заваяваў першынство ў намінацыі “Народная вакальная група”, фальклорнаму ансамблю “Забавы” Ельскага ГДК прысуджана другое месца, трэцяе – фальклорнай групе “Талака” Камарынскага культурна-спартыўнага цэнтра. Выканаўцы сучаснага эстраднага танца з Новай Гуты (ансамбль “Карусель”) змаглі стаць лідарамі фестывалю ў гэтай намінацыі, на другой пазіцыі – ансамбль “Чапурушачка” (Красненская ДШМ Гомельскага раёна), трэцяй – ансамбль “Дэгаже” з г. Турава Жыткавіцкага раёна. Сярод выканаўцаў народных танцаў пальма першынства дасталася танцавальнаму ансамблю “Карусель” (Новая Гута), другое месца – ансамблю “Чапурушачка” (Красненская ДШМ), трэцяе – юным танцорам “Вясёлкі” (Светлагорск).

У намінацыі “Канферанс” на гэты раз лепшай была Дар’я Марудзенка (Красненская ДШМ, Гомельскі раён), другое месца ўзялі Улад Ляхавец і Кацярына Байкова, трэцяе – шасцігадовыя Мікалай і Маргарыта Буднік з Новай Гуты. У мінулым годзе ім дастаўся прыз глядацкіх сімпатый. Да слова, у сёлетнім фестывалі ўсе шасцігадовыя ўдзельнікі (а іх было шэсць) адзначаны памятнымі сувенірамі, а прыз глядацкіх сімпатый атрымала Яна Семяненка з Ельска.

Прыжыўся на конкурсе і арыгінальны жанр. Лепшай фальклорнай групай не першы год прызнаецца “Талака” з Камарына, Аліне Чэкан (цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля) дасталося другое месца, трэцяе – Таццяне Яроміч (Камарынскі культурна-спартыўны цэнтр).

Karusel-11Karusel-12

На другім паверсе раённага Дома культуры была арганізавана выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Першынство па праву заваявалі прадстаўнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з Гомеля, на другім месцы – Марыя Марчанка (Брагінскі РДК).

Прызоў было шмат, іх хапіла ўсім. Спонсарамі выступілі Брагінскі раённы выканаўчы камітэт, КЖУП “Брагінскае”, раённае спажывецкае таварыства, установа аховы здароўя “Брагінская цэнтральная раённая бальніца”, царква евангельскіх хрысціян “Благодать”, Брагінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *