З дабрачыннай місіяй завіталі італьянцы на Брагіншчыну

Грамадства

Missiya-1

Напэўна, таму што ў гэтай школе фарміраваўся і мой светапогляд, сустрэча з яе настаўнікамі заўсёды сагравае, навявае прыемныя ўспаміны, выклікае самыя добрыя пачуцці. Праз гады на многія паняцці, якія некалі здаваліся звычайным, пачынаеш глядзець інакш. І з цягам часу прыходзіш да разумення, што на ўсіх скрыжаваннях жыццёвых дарог і перапетый нязменна каштоўнымі застаюцца вытокі духоўнасці, еднасць са сваёй зямлёй, чысціня і шчырасць чалавечых узаемаадносін.

Missiya-2

Відаць, так было задумана яшчэ пры стварэнні сусвету – надзяліць беларусаў душэўнай шчодрасцю, мірным характарам, працавітасцю і гасціннасцю. Усё гэта ў спалучэнні з жыццёвым вопытам і дапамагае нам цвёрда трымацца на роднай зямлі, паказваць яе таямніцы, цуды і сілу астатнім.

Missiya-16

Менавіта на такой глебе – насычанай мясцовым мастацкім каларытам і яркімі фарбамі народнай творчасці, традыцый і звычаяў – выхоўваецца падрастаючае пакаленне Асарэвіцкага дзіцячага сада-базавай школы. Адсюль нясуць добрае імя беларусаў у свет. І таму яскравае пацвярджэнне: на мінулым тыдні ва ўстанове з цеплынёй і сардэчнасцю сустракалі ў чарговы раз гасцей з сонечнай Італіі. Сяброўства, якое не мае межаў, аб’яднала дзве розныя краіны ў адзіны, дружны і згуртаваны калектыў. Па-іншаму і не можа быць у Год гасціннасці.

Прадстаўнікоў асацыяцыі «Чернобыль-Маранелло-Фьорано-Формиджине» на чале з Паола Фантана і ўстановы адукацыі, сем’і Брагіншчыны звязваюць сяброўскія адносіны ўжо на працягу многіх гадоў. Іх зблізіла агульнае жаданне справіцца з паследкамі трагедыі, што абрушылася на наш край 28 гадоў назад, і супрацьпаставіць бядзе высакародныя імкненні і намеры. З дабрачыннай місіяй завіталі замежныя госці на Брагіншчыну і на гэты раз: у Асарэвіцкі дзіцячы сад-базавую школу яны прыехалі з маразільнай камерай і наборам посуду для сталовай, а Малажынскай СШ, дзе быў наладжаны не менш цёплы прыём, падаравалі акардэон. Наведалі таксама на даму дзяцей, якія ўжо пабывалі ці яшчэ толькі накіруюцца на адпачынак у Італію сёлета. Летам пры падтрымцы гэтай асацыяцыі плануецца аздаравіць у г. Маранэлла 11 юных жыхароў Брагіншчыны.

Для замежных гасцей у Асарэвічах мясцовыя педагогі, іх вучні і маленькія выхаванцы падрыхтавалі мерапрыемства “Узнаём Брагинщину вместе, или Добро пожаловать!”, якое вырашылі правесці на свежым паветры. У атмасферы ўзаемнай добразычлівасці, азарту і весялосці дзеці дэманстравалі сваю знаходлівасць, спрыт і хуткасць, уменне дзейнічаць у камандзе. Самапрадстаўленне, шэраг забаўных конкурсаў і гульняў, пранізаная любоўю да родных мясцін канцэртная праграма… Усё гэта было арганізавана на станцыях “Знаёмства”, “Цыркачы”, “Гульнявое скрыжаванне”, “Вясёлыя ноткі”. А кафэ “Весялінка” запрасіла і дзяцей, і дарослых за стол з прысмакамі. Ад кастра, што распалілі побач, пайшоў прыемны водар смажаных на агні сасісак…

Missiya-3Missiya-4Missiya-5Missiya-6Missiya-7Missiya-8Missiya-9Missiya-10Missiya-11Missiya-12Missiya-13Missiya-14Missiya-15Missiya-20Missiya-17Missiya-18Missiya-19

Добрыя гаспадары, як і належыць, душой жадаюць, каб у гасцей засталіся прыемныя ўражанні і ім абавязкова захацелася сюды яшчэ не раз вярнуцца.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *