ААТ “Імя Жукава”: грамадскі статак зімой галадаць не будзе

Сельское хозяйство

Seno-1

Тэмпы назапашвання сена і сенажу ў гаспадарцы сёлета вышэйшыя, чым у мінулым годзе. На 19 чэрвеня на ўмоўную галаву нарыхтавана на 1,5 цнт кармавых адзінак больш, чым у 2013-м.

Травы першага ўкосу ляжаць у валках, з іх атрымліваюцца якасныя сянаж і сена. Спецыялісты лабараторыі ўстановы “Брагінская ветэрынарная станцыя” сочаць за гэтым строга, наведваюцца ў сельгаспрадпрыемства праз дзень, каб даць патрэбныя рэкамендацыі. Пакуль, кажуць вяскоўцы, ніякіх заўваг ім не рабілі, бо ўсё ідзе належным чынам.

Чатыры ёмістасці закладзены падвяленай масай з такіх каштоўных бялковых траў, як канюшына і люцэрна. Кожная – умяшчальнасцю тысяча тон. Зараз запаўняецца пятая па ліку ў Рыжкаве, для прыгатавання кансерваванага корму выкарыстоўваюцца сеяныя травы. Па словах дырэктара гаспадаркі Рамана Козела, тэхналогію стараюцца не парушаць, сянажныя ёмістасці запаўняюцца за чатыры-пяць дзён. Трамбоўка масы вядзецца кругласутачна. Гэты нялёгкі ўчастак даручаны маладым механізатарам Андрэю Галезніку і Сяргею Крысенку.

Андрэй Галезнік
Андрэй Галезнік

Несправядліва было б абмінуць увагай брыгадзіра Ангеліну Раманюк, пад кіраўніцтвам якой сянажныя ямы ачышчаюцца, беляцца, рыхтуюцца да закладкі, а калі запаўняюцца масай –без прамаруджвання закрываюцца.

Працаўнікоў гаспадаркі выручае тое, што сёлета ў лізінг набылі новую навясную касілку КПР-9 вытворчасці “Гомсельмаш”, шырыня захопу якой – дзевяць метраў. Барыс Герасіменка, таксама прадстаўнік маладога пакалення, спраўляецца з работай выдатна. За змену падкошвае травы на 50-ці гектарах.

Барыс Герасіменка
Барыс Герасіменка

На мой погляд, у ААТ “Імя Жукава”, як ні ў якім іншым сельгаспрадпрыемстве, найбольшая колькасць умелых і вопытных механізатараў і вадзіцеляў, з якімі можна горы звярнуць. У гэтым пераконваешся кожны раз, калі назіраеш, як яны адносяцца да работы. Іх пачуццё адказнасці і адданасці прафесіі заслугоўваюць павагі. Не сакрэт, што падрыхтоўка кормаўборачнай тэхнікі ішла сёлета складана. Не хапала сродкаў на запчасткі, рамонт. Калі б не такія ўмельцы, як Сяргей Лявоненка, невядома, ці быў бы ў страі зараз высокапрадукцыйны “Ягуар”. Вопытны трактарыст “чараваў” над ім у майстэрні, а ў гэты час кіраўнік гаспадаркі і спецыялісты займаліся пошукам патрэбных дэталяў. Агульнымі намаганнямі вывелі на сенажаці “іншаземца” ў патрэбны час. “Ягуар” адкрытае акцыянернае таварыства “Імя Жукава” набыло ў 2009-м, з таго дня і эксплуатуе яго Сяргей Аляксандравіч. А да гэтага працаваў на айчынным камбайне сем гадоў, кажа, што і наша тэхніка нядрэнная, калі беражліва да яе адносіцца.

Сяргей Лявоненка
Сяргей Лявоненка

Гады два таму мы фатаграфавалі Сяргея Лявоненку на хлебнай ніве з сынам Мікалаем, будучым механікам. Зараз ён вучыцца ў каледжы, пасля заканчэння якога марыць паступіць у Беларускі дзяржаўны агратэхнічны ўніверсітэт. А пакуль набіраецца вопыту ў роднай гаспадарцы, у час летніх канікулаў дапамагае бацьку і іншым механізатарам у правядзенні розных відаў работ.

З цеплынёй у голасе гаварыў Раман Пятровіч пра сваіх “мазістаў”, чатырох вадзіцелях, якія працуюць на МАЗах. Гэта асноўны касцяк, на які можна разлічваць. Вось іх імёны і прозвішчы: Аляксандр Смальцар, Генадзь Шкурко, Міхаіл Раманюк і Уладзімір Шахніцкі. Іх ведаюць не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне, вобласці як пераможцаў спаборніцтва на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых. Як ні цяжка ў гэтым годзе з фінансамі, прадбачлівы дырэктар вырашыў на людзях не эканоміць. Тым, хто сумленна працуе на зялёным жніве, заработная плата павялічана на 50%.

Seno-3
Аляксандр Смальцар

Дапамагаюць вяскоўцам у такі напружаны час прадстаўнікі ААТ “Брагінаграсэрвіс”, за што яны вельмі ўдзячны партнёрам па АПК. Да слова, і касілкі, і аўтамашыны выкарыстоўваюць з раніцы на касьбе і дастаўцы зялёнай масы на корм жывёле. Травы паступова грубеюць, страчваюць свае пажыўныя якасці, і каб не дапусціць зніжэння вытворчасці малака, арганізавалі падкормку дойнага статка. Масу механізатары дастаўляюць, калі неабходна, прама на пашу. У ліку тых, хто задзейнічаны на перавозцы зялёнкі, Аляксандр Ганчар. Ён адвозіць здробненыя падвяленыя травы і да месца сіласавання.

Seno-4
Аляксандр Ганчар

Пачынаючы з красавіка, вытворчасць малака ў ААТ “Імя Жукава” расце. Сёлета каля кожнай фермы пасеялі сумесі аднагадовых траў, за выключэннем Мікуліцкай. Тут гэтую работу выканалі яшчэ ў мінулым годзе, зараз каля МТФ растуць канюшына і люцэрна. Добра, што ў дырэктара ёсць надзейныя памочнікі, кваліфікаваныя спецыялісты, якіх ён цэніць і паважае. Гэта галоўны аграном Сяргей Міхаленка і галоўны заатэхнік Святлана Козел. З Сяргеем Пятровічам мы аб’ехалі ўсе палі, пабывалі каля сянажных ёмістасцей і на сенажацях, пагутарылі з людзьмі. Спецыяліста непакояць не толькі вытворчыя справы і фінансавае становішча сельгаспрадпрыемства, але і будучыня вёсак. Яны з кожным годам пусцеюць, без гаспадароў застаюцца дыхтоўныя дамы. Тых жа, хто тут жыве і яшчэ мае сілы і жаданне трымаць уласную гаспадарку, дырэкцыя падтрымлівае, дазваляе рыхтаваць сена на выпасах. За імі вядзецца догляд, падкошаныя і высушаныя травы вяскоўцы зграбаюць і вязуць у свой двор, робяць запас на зіму для ўласнай каровы. Тое ж самае і з рулонамі сена, якія пры транспарціроўцы разваліліся. Іх прасцей лю-дзям пагрузіць на воз, чым перавезці на сенабазу.

Калектыў сельгаспрадпрыемства шмат папрацаваў, каб увесці сёлета ў севазварот так званыя конанаўскія землі, а гэта 400 гектараў. Пасеялі на гэтым полі кукурузу. Каралева палёў адчувае сябе сапраўды па-каралеўску. Адвялі ёй ажно 1800 гектараў, што больш чым планавана, даглядаюць, клапоцяцца, ды і прырода пасылае ў чэрвені вільгаць і спрыяе росту. Плануюць назапасіць плюшчанае зерне кукурузы, не менш за чатыры рукавы. Гэта не лічачы двух з зерня пшаніцы. Са шкадаваннем расказаў Раман Пятровіч, што летась гэтую прагрэсіўную тэхналогію прымяніць не змаглі. Ураджайнасць зерневых атрымалі невысокую, таму і не было чаго закласці ў рукавы з плёнкі, хаця такі корм – найвышэйшай якасці. Надоі малака пасля таго, як увядуць плюшчанае зерне ў рацыён, павышаюцца адразу.

Многа фізічных і матэрыяльных рэсурсаў зрасходавалі ў ААТ “Імя Жукава”, каб быць з кармамі, зернем. Віды на ўраджай добрыя, і гэта радуе. Хаця не ўсё так гладка і проста. Дызельнага паліва для энерганасычаных трактароў на дзень патрэбна каля трох тон, паступае яно з колаў. Прывезлі – заправілі тэхніку і раз’ехаліся па ўчастках. Да слова, яна ўся на хаду, у мехдвары – адна-дзве адзінкі.

Дырэктарскі стаж Рамана Пятровіча вымяраецца некалькімі гадамі. Асабліва цяжкі гэты, 2014-ты. Летась недаатрымалі зерня, іншай прадукцыі, таму менш грошай паступіла на разліковыя рахункі гаспадаркі. Выжываць даводзіцца ў складаных умовах, нават пайшлі на такую непапулярную меру, як зніжэнне заработнай платы. Таму так арганізавана правялі пасяўную і ўключыліся ў нарыхтоўку кармоў, каб нарэшце парадавацца плёну сваёй працы. Няхай жа ўсё ў гэтага калектыву ладзіцца, а выпрабаванне, якое выпала на долю новага кіраўніка і загартавала яго, набыты вопыт дапамогуць у далейшым браць новыя вышыні і ўпэўнена весці падначаленых да стабільнасці, дабрабыту і поспехаў.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *