Сёння – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

Грамадства

den pamyati

22 чэрвеня 1941 года. Раніца. Блакітнае неба зацягнула чорная хмара варожых самалётаў. Зямля задрыжала ад аглушальных выбухаў. У мірнае жыццё ўварвалася смерць… І адна на ўсіх мальба: выжыць і перамагчы.

Колькі часу прайшло, а доўгае рэха вайны не змаўкае. Прабіваецца то нечаканым знаходжаннем затоеных снарадаў, то ўспамінамі са слязамі на вачах, то ціхім плачам над зберажонай пахаванкай з сухімі словамі “прапаў без вестак”, то перазвонам медалёў на гру-дзях сівавалосых ветэранаў. Паследкі таго трагічнага дня нельга ні зменшыць, ні змякчыць. Ён прынёс гора, боль і страх у кожную беларускую хату. Фашысты ператварылі ў руіны 209 беларускіх гарадоў, знішчылі 9200 сёл і вёсак, расстралялі, замучылі і спалілі больш за 2 мільёны чалавек. Усяго з нашай краіны гітлераўцам удалося вывезці ў Германію звыш 380 тысяч грамадзян, у тым ліку з Брагінскага і Камарынскага раёнаў – больш чым 2000.

ПЕРШЫ  ЎДАР

У верасні 1941 года ў Брагіне пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць мірнага насельніцтва.

У двары тагачаснай беларускай школы было створана яўрэйскае гета, у якім утрымлівалася каля 600 чалавек, у т. л. 156 дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў. Немцы звозілі і гналі натоўпамі ў Брагін людзей з Камарыншчыны і Лоеўшчыны, дастаўлялі арыштаваных з Хойнікаў і іншых месцаў, нават з Азарычаў, Капаткевічаў, Калінкавічаў, Мазыра. Хапалі цэлымі сем’ямі. Затым бязлітасна знішчалі. У прыватнасці, па загадзе шэфа жандармерыі Вільгельма Фрыдрыха 27 лістапада 1941 года было ліквідавана брагінскае яўрэйскае гета. Больш за 600 яго вязняў (спачатку – мужчын, а потым – жанчын і дзяцей) расстралялі або закапалі жывымі ў дзвюх вялікіх ямах у раёне цяперашняй вуліцы Набярэжнай.

Нам пашчасціла: мы ведаем пра такія жахі толькі з архіўных дакументаў, артыкулаў, іншых крыніц. Не ўяўляем, што значыць глядзець смерці ў вочы, хавацца ад варожых куль, страчваць сілы і здароўе ад непасільнай працы ў тыле. Не разумеем, як можна правесці на фронт блізкага чалавека і потым чакаць яго ўсё астатняе жыццё… Колькі знішчана людзей, загублена шчасця, патушана святла чалавечых лёсаў!

З успамінаў А.М. Старахатняга, былога жыхара в. Вельямоў:

…Запаліўшы хаты з крыжакамі на варотах, фашысты і паліцаі селі ў машыны і паехалі з вёскі. А мы пачалі тушыць агонь, не дапускаючы яго да сваіх хат. Пасля таго мы, хлапчукі, пачалі аглядаць пажарышчы. На месцы хлява ў двары Волкава Паўла Раманавіча ўбачылі чорную кучу, якая густа дымілася. Наблізіўшыся да згарэўшага хлява, мы ўбачылі, што з тае кучы тырчаць чалавечыя ногі. Людзі ўсё зразумелі: у кучы – спаленыя вяскоўцы. Загаласілі жанчыны. Толькі па кавалках адзення і гузіках пазнавалі родных і блізкіх. Ды па маленькіх дзецях, якія не абгарэлі, затуленыя мацярынскімі целамі.

Мужчыны зрабілі вялікую скрыню, у якой усіх загінуўшых і пахавалі.

Напрыканцы 60-х гадоў каля гэтага месца быў узведзены цагляны абеліск з металічнай плітой, на якой пералічаны прозвішчы ахвяраў фашысцкага тэрору.

Ці варта пасля такога гаварыць, чым была тая вайна для нашых папярэднікаў і што яна азначала для той вялікай краіны, у якой мы нарадзіліся і калісьці жылі, чым адгукаецца ў сэрцах сучаснікаў?..

Зараз, праз больш як 70 гадоў, суцішыўся востры боль, аднак дата пачатку неймавернай трагедыі не згубілася ў яркім водбліску пераможнага дня 9 мая. Мы смуткуем па ўсіх, хто загінуў ад варожых куль, быў закатаваны ў фашысцкай няволі, памёр ад голаду і страт. Нізка схіляем галовы перад подзвігам тых, хто змагаўся за свабоду на франтах, у партызанскіх атрадах, працаваў у тыле, хто набліжаў перамогу.

Спынімся, успомнім, памаўчым… Гэта патрэбна ўсім, хто жыве пад мірным небам Беларусі.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *