Сёння ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Рыгору Кіслову з Аляксееўкі — 90 год!

Грамадства

Veteran-2

За плячамі ў нашага героя неверагодна складаны і насычаны жыццёвы шлях, і, нягледзячы на ўзрост, ён поўны жадання падзяліцца ўспамінамі, хаця многае ўжо забыта.

Юнацтва цэлага пакалення беларусаў, такіх, як Рыгор Сідаравіч, бязлітасна апаліла Вялікая Айчынная. Паведамленне па радыё аб пачатку вайны слухалі з трывогай, але тады яшчэ ніхто нават не мог уявіць, колькі прынясе яна гора і слёз.

Да вайны скончыў толькі чатыры класы. Вучыцца не было часу, бо калі бацькі не стала, як старэйшы ў сям’і, ён павінен быў дапамагаць маці па гаспадарцы і выхоўваць малодшых сястрычак. Менавіта таму юнак не спяшаўся ў войска і да 1943 года працягваў жыць у акупаванай Аляксееўцы.

У вясковай царкве, папярэдне зняўшы званы, немцы абсталявалі шпіталь, куды дастаўлялі параненых. Асабліва шмат было іх падчас адступлення варожай арміі, пры фарсіраванні савецкімі войскамі Дняпра. Тых, хто памёр ад ран тут жа хавалі. У памяці ўсплывае і дакладная лічба – 168 нямецкіх салдат і афіцэраў знайшлі апошні прытулак у зямлі яго роднай вёскі.

Нялёгкая, поўная небяспек і трывог баявая служба юнака пачалася ў 1943-м, калі споўнілася дзевятнаццаць: спачатку ў 215-м запасным палку ў Мазыры, а потым – у 117-м палку 23-й стралковай дывізіі.

Пасля вызвалення Беларусі баі працягваліся. Няпростыя выпрабавальныя ваенныя шляхі прывялі салдата ў Варшаву, а затым – і ў цыдатэль фашызму – Берлін.

З усмешкай успамінае Рыгор Сідаравіч сустрэчу з саюзнымі войскамі на Эльбе. Нягледзячы на моўны бар’ер, амерыканскія і савецкія салдаты разумелі адзін аднаго, радасна паціскалі рукі, абменьваліся махоркай і цыгарэтамі.

Калі полк расфарміравалі, служыць накіравалі ў Баку – сталіцу Азербайджана. А ў родны край вярнуўся ў красавіку 1947-га і адразу ж уключыўся ў працоўнае жыццё. Тады ж пазнаёміўся і з будучай жонкай Таццянай. У хуткім часе – праз месяц – пабраліся шлюбам. Дарэчы, праз тры гады пара будзе святкаваць Кароннае вяселле – 70 год сумеснага жыцця!

Радзіма высока ацаніла заслугі Рыгора Сідаравіча, узнагародзіўшы ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За баявыя заслугі”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берлін”, “За перамогу над Германіяй” і інш.
Абметна, што юбілейны дзень нараджэння Рыгора Сідаравіча супаў з юбілейным годам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ў гэтыя дні ён прымае віншаванні з двайным святам.

Паважаны Рыгор Сідаравіч! Мы заўсёды будзем ганарыцца Вамі і вашым пакаленнем – пакаленнем герояў, якія ўнеслі неацэнны ўклад у перамогу над ворагам. Будзьце здаровымі і шчаслівымі. І няхай Вас заўсёды акружаюць самыя блізкія і родныя людзі!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *