ААТ «Брагінскі»: надзея на вас, маладыя!

Сельское хозяйство

Насустрач рэдакцыйным “Жыгулям” ліпеньскай раніцай з машыннага двара адкрытага акцыянернага таварыства “Брагінскі” выязджалі трактары з прычэпамі, камбайны. Механізатары спяшаліся ў поле, а мы – у механічную майстэрню, каб застаць на месцы спецыялістаў. Шляхі нашы размінуліся, бо галоўнага агранома Юрыя Ясінскага тэрмінова выклікалі па справах. Затое на месцы былі тыя, дзеля каго мы і прыехалі ў гаспадарку.

Braginsky-1
Дзяніс кузакоў і Ілля Чуйка

Маладыя хлебаробы, нягледзячы на ранні час, рыхтавалі зернеўборачныя камбайны да работы. Гэта – як закон. Брудную тэхніку на хлебную ніву не дапусціць агранамічная служба, ды і самім непрыемна працаваць на такіх машынах, не гаворачы ўжо пра меры пажарнай бяспекі.

Пакуль задзейнічаны тры экіпажы, а ўсяго на жніве-2014, як расказалі механізатары, будзе шэсць. Што вельмі парадавала, у ААТ “Брагінскі” шмат моладзі. З шасці чалавек, якія ўбіраюць рапс, найбольш вопытны – Сяргей Жураў. Сёлетнюю адказную кампанію ён правядзе разам з сынам Аляксандрам, навучэнцам Гомельскага прафесійна-тэхнічнага ліцэя. Пасля двух гадоў вучобы атрыманыя веды юнак замацуе на практыцы. У час канікулаў зможа і папрацаваць, і грошы зарабіць.

Braginsky-3
Аляксандр Халіманчык

Астатнія два экіпажы – маладзёжныя. Тандэм Аляксандр Кацуба – Вадзім Раманюк мае шанцы выйсці ў лідары, ва ўсякім разе, такая магчымасць ёсць, улічваючы тэарэтычную падрыхтоўку аднаго і навыкі другога. Вадзім – выпускнік Буда-Кашалёўскага каледжа, студэнт-завочнік Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. У ААТ “Брагінскі” працуе па дагаворы другі год, займае пасаду інжынера па працаёмкіх працэсах. Аляксандр Кацуба ў свае 29 гадоў карыстаецца аўтарытэтам у гаспадарцы, а гэта сведчыць пра яго адносіны да вытворчасці і ўклад у агульную справу.

Braginsky-2
Аляксандр Кацуба і Вадзім Раманюк

Заслугоўвае ўвагі і трэці экіпаж у складзе Дзяніса Кузакова і Іллі Чуйкі. Што такое гарачая ўборачная пара, Дзяніс даведаўся ў 13 гадоў, калі быў памочнікам камбайнера ў старэйшага брата Жэні. Працоўная загартоўка пайшла абодвум на карысць, стала добрай жыццёвай школай. Прайшло некалькі гадоў, і брату даверылі ўзначаліць ААТ “Брагінскі”, цяпер маладога дырэктара вяскоўцы называюць Яўгенам Уладзіміравічам. А Дзянісу, які лічыцца старшым камбайнерам, патрэбна будзе даказаць, што першыя ўрокі на хлебнай ніве не прайшлі дарэмна. Ён засвоіў іх выдатна, каб падзяліцца атрыманымі ведамі з іншымі. Ілля Чуйка – сын аднаго з лепшых вадзіцеляў гаспадаркі Уладзіміра Уладзіміравіча. Юнак служыў у дэсантных войсках, вярнуўся ў родныя мясціны вясной, да мірнай стваральнай працы. Вельмі хацелася б, каб такія маладыя загартаваныя людзі працягвалі справу сваіх бацькоў і заставаліся ў вёсцы, але ж свой жыццёвы выбар Ілля зробіць сам. Пакуль у яго напружаныя будні, і самае цяжкае – наперадзе, калі чарга дойдзе да зерневых культур.

Якім выдасца жніво, будзе залежаць ад многіх фактараў, у тым ліку і ад надвор’я. Фізічна камбайнеры і вадзіцелі вытрымаюць, а вось з дажджамі не паспрачаешся. Думалі завяршыць уборку рапсу ў сераду, 9 ліпеня, – не атрымалася. Напярэдадні пайшоў дождж і перашкодзіў зжаць тую плошчу, якую планавалі. У практыцы хлебаробаў такое ўжо здаралася, яны ведаюць, якую тактыку прымяніць у мокрае лета.

Убіраць хлеб – ганаровая справа, за якую хвалююцца ўсе: спецыялісты, ветэраны вытворчасці, маладыя.

На апошніх у “Брагінскім” спадзяюцца асабліва і вераць у іх здольнасці і магчымасці. Няхай гэтае жніво будзе для экіпажаў плённым, выніковым, паспяховым. Удачы!

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *