ААТ «Брагінка»: хлебнае поле патрабуе і клопатаў, і затрат

Сельское хозяйство

Песня пра маладога агранома, які “выходил на поля, на рассвете вставал, чтобы больше зерна каждый колос давал”, прысвечана такім, як Павел Раманюк з ААТ “Брагінка”. Адказным, улюбёным у прафесію гаспадарам хлебнай нівы, якія не баяцца цяжкасцей. З імі выпускніку  сельскагаспадарчага каледжа давялося сутыкнуццаў мінулым годзе ў першыя дні самастойнай работы.

Braginka-1
Павел Раманюк

Трапіў у “Брагінку” якраз перад пачаткам уборачнай кампаніі. Папярэднік маладога спецыяліста паехаў з сям’ёй на малую радзіму, і Паўлу давялося праводзіць першае ў сваім жыцці жніво ў якасці агранома самастойна. А гэта – і арганізацыйныя пытанні, і клопат пра людзей, перапрацоўка і захоўванне ўраджаю, продаж зерня дзяржаве, падрыхтоўка насеннага матэрыялу… Пералік праблем, якія звалілся на яго плечы пры адсутнасці вопыту, можна працягваць. Затое, прызнаецца, такое выпрабаванне пайшло на карысць.

Сёння Павел адчувае сябе на вытворчасці больш упэўнена, з ім цікава размаўляць, ён ведае сакрэты высокіх ураджаяў, ганарыцца тым, што каласавыя апраўдалі надзеі хлебаробаў. Летась убіралі збажыну, якую пасеялі і вырасцілі без яго, а за сёлетнюю ў адказе ўжо сам. Скідак на маладосць хлебнае поле не робіць, яно патрабуе і клопатаў, і затрат. Усё гэта ў ААТ “Брагінка” ў час вясенняй кампаніі было. Пасевы чыстыя, своечасова правялі хімічную праполку, а на насенных участках – і відавую. Настаў час парадавацца плёну сваёй працы.

У аўторак, 15 ліпеня, тры ўборачныя экіпажы жалі азімую пшаніцу каля Кавакі на 20-гектарнай плошчы. Ураджайнасць склала каля 40 цэнтнераў. 30 тон зерня адправілі на Калінкавічы, астатняе – на перапрацоўку. Сушыльны комплекс хаця і “са стажам”, але ж яшчэ ў рабоце.

Азімая пшаніца, не лічачы рапсу, першая збожжавая культура, якая трапіла ў жняярку. Кмбайны ў асноўным айчыннай вытворчасці, толькі адзін – нямецкай. Па словах агранома, “чужынец” убірае чыста, страты – мінімальныя, хаця эксплуатуюць яго гадоў 11.

Braginka-3
Мікалай Карсак

З трох экіпажаў, якія задзейнічаны на жніве, адзін Мікалай Карсак пастаянна працуе ў гаспадарцы. Астатнія далучаюцца да хлебаробаў у час адказнай кампаніі. Вяскоўцы рады кожнаму, хто здольны працаваць ад цямна да цямна, раздзяляючы з імі клопат пра хлеб надзённы. Мікалай Пятровіч, з улікам рапсу, намалаціў ужо больш 200 тон.

Braginka-2
Юрый Карсак

Прыемна было сустрэць на полі і героя нашых мінулагодніх публікацый Юрыя Карсака. Фотаздымак загарэлага і прывабнага юнака ўпрыгожваў першую старонку “Маяка Палесся”. На той момант ён быў яшчэ навучэнцам каледжа, у час канікулаў дапамагаў гаспадарцы ва ўборцы ўраджаю. Сёння – малады спецыяліст, тэхнік-механік. Як і ў 2013-м, адвозіць зерне ад камбайнаў, яго прозвішча значыцца ў ліку лепшых. Восенню папоўніць рады абаронцаў Айчыны, будзе ахоўваць рубяжы суверэннай Беларусі. У гаспадарцы жартуюць: “Будзе служыць, як бацька, дзядзька і брат, у паветрана-дэсантных войсках. Гэта ў Карсакоў ужо як традыцыя”. Дарэчы, служба ў арміі – не адна добрая і станоўчая традыцыя, якая вылучае іх сярод вяскоўцаў. ААТ “Брагінка” цяжка ўявіць без дынастыі гэтых сумленных, працавітых і шчырых людзей. Шчаслівага ім лёсу, міру і дабрыні.

А Паўлу Раманюку хочацца пажадаць паспяховай вучобы ў сельскагаспадарчай акадэміі, куды ён паступіў, каб збываліся ўсе яго мары і надзеі. Дзе б ні працаваў, памятаў пра родныя мясціны, свае Мікулічы, якія вывелі яго на жыццёвую дарогу. Яшчэ не адно жніво ён правядзе разам з працаўнікамі вёскі, і няхай усе радуюць багатым караваем.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *