Кіравацца інтарэсамі прадпрыемства і раёна

Сельское хозяйство

Летась ААТ “Брагінаграсэрвіс” заплаціла 3,5 млрд рублёў падаткаў, што складае 8% раённага бюджэту (другое месца пасля КЖУП “Брагінскае”). Вось чаму развіццё і паспяховая дзейнасць гэтага прадпрыемства непакоіць не толькі кіраўніцтва адкрытага акцыянернага таварыства, але і іншыя структуры.

Raps-1

Дырэктар ААТ “Брагінаграсэрвіс” Сяргей Набок у недаўменні: чаму пры такім фінансавым раскладзе вырашчаны ў гаспадарках рапс не пакінуць у сваім раёне і паспяхова перапрацаваць, а прадукцыю – алей і жмых – рэалізаваць. Сёлета сельгаспрадпрыемствы Брагіншчыны сабралі 5 тысяч тон насення алейнай культуры. Магчымасці для таго, каб па-гаспадарску выкарыстаць сыравіну, ёсць. Тры гады таму немцы ўстанавілі ў нас сваю лінію. Цэх па перапрацоўцы рапсу аснашчаны сучасным абсталяваннем. Прычым працуе яно аўтаматычна, аператарам застаецца сачыць за работай механізмаў і абслугоўваць іх. Нямецкія наладчыкі навучылі нашых спецыялістаў, і цяпер яны працуюць самастойна. На жаль, выкарыстоўваецца абсталяванне на трэць.

З сабраных пяці тысяч тон рапсу ў “Брагінаграсэрвіс” дастаўлена на 20 ліпеня 870 тон у заліковай вазе… Астатняе пайшло ў лік дзяржзаказу (1 тысяча тон), 2200 тон – тлушчакамбінату, а з гэтымі тонамі – і грошы прадпрыемства. Разам з Сяргеем Рыгоравічам падлічваем, што на кожнай перапрацаванай тоне ён мог бы дадаткова пакласці ў касу 1 млрд рублёў: атрымаць 300 тон алею на суму 2 млрд 700 млн, 600 тон жмыху на 1 млрд 980 млн, і ў канчатковым выніку – 4,6 млрд, у той час як кошт тоны сырога рапсу – 3,5 млрд.

Недаатрымаўшы сыравіны ад гаспадарак нашага раёна, акцыянернае таварыства вымушана шукаць яе за межамі Брагіншчыны. Знаходзіць. Цеснае супрацоўніцтва ўстаноўлена з “Зарой” Мазырскага раёна, прадукцыя якой добра вядома ў вобласці, а гандлёвыя кропкі з шыльдай “Дары ад “Зары” пакупнікі не абмінаюць. Прычым, мазыране дастаўляюць высушаны рапс. Па словах начальніка цэха Мікалая Шубянка, такога якаснага насення, як “Зара”, не прывозіць ніхто. Справа ў тым, што прадбачлівыя гаспадары гэтага сельгаспрадпрыемства выкупілі ў Хойніках камбінат хлебапрадуктаў, дзе і даводзяць да ладу рапс, а потым вязуць яго на перапрацоўку ў “Брагінаграсэрвіс”, каб атрымаць гатовы алей і каштоўны бялковы корм – жмых. Ім гэта выгадна.

Raps-5

Дастаўляюць сыравіну і гаспадаркі суседніх раёнаў. Пры нас забіраў жмых вадзіцель з Лоеўскага. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы разлічваюцца рапсам за аказаныя паслугі – рамонт і абслугоўванне тэхнікі. Цэх па перапрацоўцы насення рапсу – не адзіная крыніца даходаў ААТ “Брагінаграсэрвіс” (каля 40% у выручцы). Займаецца яно вапнаваннем глебы, унясеннем угнаенняў, дапамагае ў правядзенні палявых работ. Да слова, летась атрымала 28 млрд рублёў выручкі, выпрацоўка на аднаго чалавека склала 363 млн, сярэднямесячная заработная плата – 4,3 млн рублёў. Адкрытае акцыянернае таварыства з’яўляецца дылерам Мінскага трактарнага завода.

Raps-2

Усё гэта добра. Але ж у свой час цэх па перапрацоўцы насення каштоўнай алейнай культуры будавалі ў раёне, які найбольш пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС, каб эфектыўна выкарыстоўваць забруджаныя землі. Рапс, як сведчаць даныя вучоных, не накоплівае шкодных рэчываў. Калі ёсць цэх, патрэбна, каб ён працаваў на поўную магутнасць. Тым больш, што сёлета падрыхтавалі да работы сховішча на дзве тысячы тон, сушылку КЗК-40, аналаг якой ёсць толькі ў Калінкавіцкім раёне. Але ж і яны прастойваюць. І гэта пры тым, што ў некаторых гаспадарках рапс псуецца пад адкрытым небам. Дырэктар і аграном з ААТ “Імя Жукава”, калі ў іх сельгаспрадпрыемстве няма магчымасці высушыць насенне алейнай культуры на месцы, хутчэй даставілі яго ў “Брагінаграсэрвіс”. Тут і высушылі, і перапрацавалі. Зрабіў так і кіраўнік ААТ “Камарынскі”. Усяго, па словах Мікалая Шубянка, праз сушылкі яны прапусцілі 616 тон рапсу.

Raps-4
Аляксандр Вініцкі

І вось мы ў цэху, дарэчы, не першы раз. У верасні споўніцца тры гады з таго дня, як ён пачаў дзейнічаць. Працуе тут шэсць чалавек. На працоўную вахту, якая будзе доўжыцца суткі, заступілі аператары Аляксандр Вініцкі і Дзмітрый Раманчук. Потым яны будуць адпачываць, а іх месца зоймуць іншыя. Абсталяванне функцыянуе нармальна. Рапс, перш чым трапіць на перапрацоўку, правяраецца ў лабараторыі. Мікалай Пятровіч паказвае нам, як ён вызначае вільготнасць, засмечанасць і тлустасць. З дзесяці тон звычайна бывае 2% адыходаў. Калі сыры, адпраўляюць у сушылку.

Дзмітрый Раманчук
Дзмітрый Раманчук

Тут жа — поўныя ёмістасці з алеем, які чакае сваёй адпраўкі спажыўцам. Па словах начальніка цэха, рапс яны перапрацуюць за тры месяцы. Потым павінна дайсці чарга да сланечніку. Летась справіліся з ім за два месяцы, як будзе сёлета – пакажа час. Але ж падрыхтаваліся да прыёмкі гэтай паўднёвай культуры ўсебакова, набылі для ачысткі “Петкус”. Калі сітуацыя складзецца так, як у 2013-м, цэх будзе ў рабоце пяць месяцаў.

Сёлета ўжо становішча не зменіш, а вось на наступны год пры заключэнні дагавораў на пастаўку сыравіны неабходна праяўляць настойлівасць, каб яна заставалася ў раёне. Тлушчакамбінату рапс гаспадарак нашага раёна – кропля ў моры, а для ААТ “Брагінаграсэрвіс” – недаатрыманыя мільярды, якія маглі б паслужыць умацаванню эканомікі раёна.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *