Людзі з абмежаванымі магчымасцямі адпачывалі ў палатках

Грамадства

Lager-3

На мінулым тыдні ў вёсцы Стралічаве на базе евангельскай царквы “Благодать” працаваў палатачны лагер для інвалідаў “Трохвугольнік”. У ім змаглі адпачыць каля 40 чалавек з Гомеля, Брагінскага і Хойніцкага раёнаў.

Прыгожая паляна гасцінна прыняла новых сяброў і стала іх домам на тры дні. А дажджлівае надвор’е, якое панавала дагэтуль, змянілася на сонечнае, дзякуючы чаму жыхары палатак змаглі атрымаць асалоду ад знаходжання на свежым паветры. Дапаўнялі непаўторную атмасферу блізкасці да прыроды вечары каля вогнішча.

Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі было ўдвая складаней абыходзіцца без звыклых выгод цывілізацыі, але ад гэтага перажытыя ўражанні сталі яшчэ больш каштоўнымі. Адметная прыкмета адпачынку – прысутнасць у лагеры інвалідаў-калясачнікаў. Арганізатары вельмі хваляваліся: ці камфортна яны будуць адчуваць сябе ў “палявых” умовах, таму замест палатак прапанавалі ім жыць у памяшканні царквы.

Lager-5

Усе дні побач з інвалідамі знаходзіліся прыхаджане мясцовай евангельскай царквы і пастар Аляксандр Шарэк. Менавіта яны адказвалі за харчаванне, разнастайнае і цікавае баўленне часу. Насычаную праграму са спартыўнымі спаборніцтвамі і конкурсамі для сваіх падапечных падрыхтавалі і спецыялісты тэрытарыяльных аддзяленняў дзённага знаходжання інвалідаў. Дарэчы, супрацоўнікі гэтых устаноў з Брагіна, Хойнік і Гомеля таксама на час сталі жыхарамі палатачнага лагера.

Ідэя праекта, які даў магчымасць людзям з асаблівасцямі ў развіцці адчуць сябе духоўна багатымі асобамі і знайсці новых сяброў, належыць пастару евангельскай царквы “Благодать” Юрыю Куніцкаму. Падставай стала цеснае і шматгадовае супрацоўніцтва з аддзяленнем дзённага знаходжання інвалідаў Брагінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Невыпадковай з’яўляецца і назва лагера – “Трохвугольнік”: тры грані гэтай фігуры сімвалізуюць Веру, Надзею і Міласэрнасць.

– Мы верым, што толькі Бог ведае, чаму людзі нарадзіліся з захворваннямі і што віны іх саміх у гэтым няма, – тлумачыць назву Юрый Аляксандравіч. – У нас жыве надзея, што Бог не пакіне гэтых людзей і дасць ім сілы вытрымаць усе вып-рабаванні. А міласэрнасць – гэта для нас, здаровых. Гэта гатоўнасць аказаць дапамогу іншаму чалавеку, не патрабуючы падзякі. Гэта добразычлівае і клапатлівае стаўленне да людзей, і ў першую чаргу – да інвалідаў, якіх па меры магчымасцяў мы павінны падтрымліваць.

– Нашу ўстанову наведваюць асобы з рознымі захворваннямі, з розным інтэлектуальным узроўнем і рознай адаптаванасцю ў грамадстве, – далучаецца да размовы загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Любоў Кузняцова. – І мы вельмі ўдзячныя евангельскай царкве, яе прыхаджанам, якія заўсёды падтрымліваюць нас не толькі словам, але і справай. Разам мы дапамагаем людзям з абмежаванымі магчымасцямі пераадолець псіхалагічны бар’ер, пазбавіцца ад негатыўных стэрэатыпаў. Сацыяльнай рэабілітацыі ў значнай ступені паспрыяў і палатачны лагер. З Брагінскага раёна да новага ладу жыцця з асаблівым рамантычным стылем далучыліся 10 чалавек. І ва ўсіх ён пакінуў толькі светлыя ўспаміны.

Lager-4

Варта адзначыць, што практычная рэалізацыя праекта стала магчымай у тым ліку і дзякуючы дабрачынным ахвяраванням. На заклік аказаць пасільную дапамогу адгукнуліся многія жыхары раёна. І гэта вельмі прыемна, бо, як калісьці сказала Маці Тэрэза, “міласэрнасць – велізарная сіла, якая злучае і аб’ядноўвае людзей. Яна дапамагае і таму, хто ў ёй мае патрэбу, і таму, хто аказвае яе”.

Незабыўныя дні, праведзеныя на прыродзе, падарылі інвалідам сапраўдныя хвіліны радасці. Усе засталіся ў захапленні ад зносін і карыснага адпачынку, арганізаваць які самастойна многім не пад сілу. Развітваліся са слязамі на вачах і надзеяй на сустрэчу ў наступным годзе.

Lager-1



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *