Першыя “тысячнікі” Брагіншчыны: імі сталі Мікалай і Сцяпан Дзегцярэнкі

Сельское хозяйство

Tysyachniki

Экіпаж адкрытага акцыянернага таварыства “Брагінскі” ўрачыста шанавалі ў полі прадстаўнікі абласной і раённай вертыкалі.

Старшы камбайнер Мікалай Дзегцярэнка за чвэрць веку работы на хлебным полі да ўвагі журналістаў прывык, але ж і ён, убачыўшы столькі людзей, якія накіравалася да іх з сынам, крыху збянтэжыўся. Сваю першую тысячу тон зерневых (рапс пад увагу не бярэцца) яны намалацілі на 26 ліпеня. Павіншаваць “тысячнікаў” Брагіншчыны прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Свірыдаў, старшыня абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Філіпцоў, раённага – Валянціна Яшчанка, в.а. старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Дубіна, агітбрыгада раённага Дома культуры на чале з дырэктарам Сяргеем Краўчанкам. Людміла Анатольеўна прывезла героям жніва-2014 прыгожыя майкі і галаўныя ўборы (паклапаціўся абкам прафсаюза работнікаў АПК), а таксама лісты з падзякай ад гэтай арганізацыі.  Работнікі культуры падрыхтавалі з гэтай нагоды насычаную праграму.

Словы падзякі за сумленную працу Мікалаю і Сцяпану Дзегцярэнкам выказаў Сяргей Свірыдаў, падкрэсліўшы, што гэта – прадстаўнікі слаўнай дынастыі. Мікалая Аляксандравіча ведаюць і ў рэспубліцы як неаднаразовага ўдзельніка га-лоўнага свята хлебаробаў – фестывалю-кірмашу “Дажынкі”. Ліст з падзякай ад абласнога выканаўчага камітэта і абласнога аб’яднання прафсаюзаў сямейнаму экіпажу ўручыў Мікалай Філіпцоў. Першыя “тысячнікі”, акрамя Ганаровай граматы раённага выканаўчага камітэта і падзякі, атрымалі грашовыя прэміі і падарункі.

Дырэктар ААТ “Брагінскі” Яўген Кузакоў праінфармаваў, што на 28 ліпеня ў гаспадарцы ўжо ўбрана каля 60% зерневых, пшаніца зжата і абмалочана на 550 гектарах (100%), сярэдняя ўраджайнасць гэтай культуры – 38 цнт з гектара. Валавы намалот збожжа наблізіўся да пяці тысяч тон, а ўсяго сёлета плануюць сабраць у “Брагінскім” каля сямі тысяч тон зерня. Яўген Уладзіміравіч таксама павіншаваў сваіх падначаленых з высокімі дасягненнямі на жніве і выказаў спадзяванне, што справу бацькі, праслаўленага хлебароба, працягне сын Сцяпан. Ён расказаў прысутным, што да атрыманых Дзегцярэнкамі узнагарод і прэмій дададуцца яшчэ тыя, якімі заахвоціць дырэкцыя пасля ўборачнай кампаніі.

Я ад душы парадавалася за хлебаробаў гэтай гаспадаркі. Яны не раз даказвалі, чаго вартыя. Менавіта з “Брагінскага” некалькі гадоў таму была адпраўлена тэлеграма на імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі аб завяршэнні жніва за дзевяць дзён (калі больш дакладна – за 9,5). Менавіта тут атрымлівалі найвышэйшыя ўраджаі зерневых і зернебабовых, штогод павялічваючы валавыя зборы, урачыста, з размахам святкавалі “Дажынкі”, юбілеі гаспадаркі. Потым пайшло ўсё на спад. Адзін з механізатараў у размове са мной з горыччу зазначыў: “Такой ураджайнасці, як пры Анатолю Іванавічу Хадаску, мы не атрымаем. Зямля ўжо не тая, “запушчаная”. Маецца на ўвазе культура земляробства. Хочацца да гэтых слоў дадаць такія: “Пакуль не атрымаем, а ў наступныя гады, магчыма, яшчэ і большыя будуць”.

Пра Анатоля Іванавіча ўзгадала невыпадкова. З памяці не выходзяць яго словы аб тым, што моладзь ахвотна застаецца ў вёсцы, нікуды не хоча з’язджаць. Сведчанне таму – маладзёжныя экіпажы, якія плённа працуюць на жніве. Ды і дырэктар, які ўзначаліў ААТ “Брагінскі” пасля таго, як яно “пакацілася ўніз”, з мясцовых. Сам некалі ўбіраў хлеб, а цяпер клапоціцца, каб у людзей былі добрыя заробкі, а ў прадпрыемства – высокія вытворчыя паказчыкі.

Следам за камбайнам ідуць прэс-падборшчыкі. Салома прасуецца і звозіцца. За-дзейнічаны тры айчынныя падборшчыкі і столькі ж – “КУНаў”. У паня-дзелак вывеў сваю тэхніку Аляксандр Нікіценка, які эксплуатуе нямецкі прэс. Лушчэнне ржэўніку даручана Аляксандру Пяцэвічу, пасеяна ўжо каля 100 гектараў пажніўных культур. Усё па-гаспадарску, зладжана. У ААТ “Брагінскі” жывуць ужо клопатамі пра ўраджай-2015.

Tysyachniki-2

* * *

У гэты ж дзень начальнік упраўлення сельскай гас-падаркі і харчавання Сяргей Свірыдаў і в.а. старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Дубіна ўручылі каштоўныя падарункі, граматы і лісты з падзякай прадстаўнікам іншых сельгаспрадпрыемстваў. У ААТ “Малажынскі” іх атрымалі Іван Іванавіч і Іван Міхайлавіч Харко, найбольшая ж колькасць – у “Чамярыскім”. Тут шанавалі адразу тры экіпажы “тысячнікаў”: Міхаіла Салдаценку і Анатоля Пінчука; Рыгора і Юрыя Сніцарэнкаў; Андрэя Краўчанку і Аляксандра Галузу, а таксама вадзіцеля Рыгора Малочку.

У ААТ “Пераможнік” за сумленную працу і высокую выпрацоўку адзначылі вадзіцеля Міхаіла Іотчанку, у “Імя Жукава” – Уладзіміра Шахніцкага, Міхаіла Раманюка, Аляксандра Смальцара і Ганадзя Шкурко, якія перавезлі больш чым па тысячы тон збожжа новага ўраджаю. Удачы вам, паважаныя, добрага настрою і новых перамог!

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *