Стараннасць акупілася поспехам

Сельское хозяйство

Pikul

Пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення кароў па Гомельскай вобласці зноў прызнаны Васіль Пікуль з ААТ “Імя Жукава”.

Такога гонару наш зямляк быў удастоены і ў мінулым годзе. Так атрымалася, што напярэдадні раённай конкурсна-забаўляльнай праграмы “Мір дому твайму”, якая была арганізавана для сямейных пар і на якую быў запрошаны Васіль Іванавіч з жонкай, цэнтральная газета “Беларуская ніва” надрукавала спіс пераможцаў спаборніцтва сярод жывёлаводаў рэспублікі. У іх ліку было і прозвішча Пікуля. Вестку аб гэтым прысутныя ў зале раённага Дома культуры, дзе праходзіла мерапрыемства, сустрэлі апладысментамі.

Даведаліся яны ў той дзень, што Васіль Іванавіч – добры гаспадар, любячы муж. З жонкай Нінай Пятроўнай стварылі шчаслівую сям’ю. Дарэчы, яна ўзначальвае Рыжкаўскую ферму, на якой працуе лепшы даяр раёна, а для яе – проста Вася. Каханы, надзейны, родны і блізкі чалавек, другая палавінка, наканаваная лёсам.

Старэйшую дачку Пікуляў пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі таксама прызначылі загадчыцай МТФ. Няхай павялічваецца дынастыя сумленных і вопытных жывёлаводаў. Сёння такія сем’і, як і шчырыя людзі, у дэфіцыце.

Да перамог і прызнання Васіль Іванавіч ішоў паступова. Яго работа на ферме пачыналася з вырошчвання цялят. На працягу пяці гадоў ён быў лепшым даглядчыкам маладняку больш ­­ з’яўляецца аператарам машыннага даення. Абслугоўвае зараз 92 галавы. Будучых рэкардыстак выбірае сам, перш чым увесці ў сваю групу. Па знешнім выглядзе нецелі можа вызначыць, якая карова з яе атрымаецца і на якую колькасць малака можна разлічваць пасля ацёлу. Без вопыту і ведаў, сялянскай мудрасці і назіральнасці тут не абысціся. Імі валодалі нашы продкі, гэта – цэлая навука. Мяне заўсёды здзіўляла, як нашы дзяражыцкія старажылы беспамылкова выбіралі і куплялі для дамашняй фермы тую жывёлу і парасят, якія потым прыносілі найбольшую карысць. З такіх вось дробязяў і складваюцца рэкорды тых, хто гэта памятае і прымнажае.

І ўсё ж асноўнае – быць гаспадаром не толькі дома, але і на вытворчасці, любіць сваю справу, быць дысцыплінаваным. Наўрад ці думаў Васіль Іванавіч пра ўзнагароды, прэміі, прызнанне, калі згаджаўся ўзяць групу кароў, – гэтага зрабіў у інтарэсах гаспадаркі. Сумленна працаваў, спяшаўся кожны дзень на ферму, і вынікі не прымусілі сябе чакаць. Зараз яго ведаюць як аднаго з лепшых сярод людзей гэтай прафесіі. І няхай цяпер толькі хто скажа, што даіць кароў – не мужчынская справа!

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *