10 жніўня – Дзень будаўніка

Праздники и будни

Сёння  прафесійнае свята адзначаюць тыя, хто абраў шляхам свайго жыцця мірную і стваральную справу. Аб новабудоўлях, якія змяняюць воблік населеных пунктаў нашага раёна, і людзях, ад рук якіх залежыць іх прыгажосць і камфорт, расказвае выконваючы абавязкі дырэктара будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Брагінская перасовачная калона №91” ААТ “Палессебуд” Дзмітрый Пятніцкі.

S-1

– Першае паўгоддзе мы завяршылі паспяхова, нягледзячы на тое, што аб’ёмы будаўніцтва паступова зніжаюцца. За справаздачны перыяд прадпрыемства выканала работы на суму больш за дзесяць мільярдаў рублёў.

Сёння працуем згодна з намечанымі планамі. Так, працягваецца рэканструкцыя малочнатаварнага комплекса ў Асарэвічах (ААТ “Камарынскі”). Тут будаўнікі ўключыліся ў работы чацвёртай чаргі – займаюцца сіласнымі траншэямі. Хапае таксама працы і на аб’екце ў Брагіне (былы будынак ДТСААФ), які пасля рэканструкцыі стане аздараўленчым комплексам. Вядзецца касметычны рамонт кабінетаў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Брагінскім раёне.

S-2
фёдар Лісавец і Сяргей Аўчыннікаў

Яшчэ адзін фронт работ – 24-кватэрны дом па вуліцы Гагарына ў райцэнтры, яго плануем здаць у верасні. У хуткім часе будзе ўведзены ў эксплуатацыю і дзіцячы дом сямейнага тыпу.

S-4
Анатоль Гардзейчык

А ўсяго за час дзейнасці ПМК-91 яе супрацоўнікамі праведзены даволі маштабныя будаўнічыя работы. У ліку аб’ектаў былі разнастайныя будынкі сацыяльнай сферы і сельскагаспадарчага прызначэння, жылыя дамы. Дарэчы, за апошнія гады на Брагіншчыне з нашай дапамогай уве-дзена ў дзеянне больш за 500 тысяч кв. метраў жылой плошчы.

S-3
Алег Матлаш

Вядома, што залогам паспеху любой арганізацыі з’яўляюцца людзі. І мы таксама дабіваемся станоўчых вынікаў дзякуючы нашым працалюбівым спецыялістам, бульдазерыстам, кранаўшчыкам, мулярам, цеслярам, тынкоўшчыкам і г.д. Дарэчы, будаўнік – гэта не проста рабочы ў касцы. Гэта прафесія, якая патрабуе глыбокіх ведаў разнастайных тэхналогій, сучасных матэрыялаў і стандартаў, бо менавіта ад нас залежыць, наколькі якасным, кафмортным і прыгожым будзе новы дом.

S-5
Уладзімір Краўчанка

У гэтым годзе на Дошку гонару прадпрыемства занесены вядучы інжынер аддзела працы і заработнай платы Валянціна Гануш, прараб Фёдар Лісавец, майстар агульнабудаўнічых работ Анатоль Гардзейчык, машыніст крана Уладзімір Краўчанка, газаэлектразваршчык Алег Матлаш, падсобны рабочы Сяргей Аўчыннікаў і інш.

Нягледзячы на часовыя цяжкасці, мы сустракаем сваё свята з аптымізмам, бо перакананы, што наша прафесія была, ёсць і будзе адной з паважаных і значных у раёне. Сардэчна віншую калег з Днём будаўніка! Хачу выказаць усім словы падзякі за добрасумленную працу. Жадаю далейшых поспехаў, дабрабыту, моцнага здароўя і шчасця.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *