4 жніўня спаўняецца 90 год ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Васілю Нікалаенку

Грамадства

Veteran-1

Справа сапёраў складаная і рызыкоўная

Калі пачалася вайна, Васілю Аляксандравічу яшчэ не споўнілася і 17-ці. На фронт пакуль не бралі, але юнак не хацеў заставацца ў баку і лічыў сваім абавязкам унесці пасільны ўклад у абарону краіны – дапамагаў салдатам у будаўніцтве палявых аэрадромаў, капаў акопы. Аднак Савецкая Армія не змагла адбіць націск ворага, паколькі напад быў раптоўным, немцы хутка рухаліся на ўсход, і Няданчычы – родная вёска Васіля Нікалаенкі – апынуліся ў акупацыі.

Вызваленне прыйшло ў верасні 1943 года падчас Чарнігаўска-Прыпяцкай наступальнай аперацыі савецкіх войскаў. Тады ж Васіль Аляксандравіч быў прызваны ва Узброеныя Сілы. Служыў сапёрам у 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі 61-й арміі.

Як вядома, справа сапёраў вельмі складаная і рызыкоўная – любая памылка можа каштаваць жыцця. Але ставіць міны і размініраваць палі – толькі невялікая частка іх абавязкаў. Значна больш сіл і часу патрабавала навядзенне перапраў і пракладка насцілаў праз балоты. Без сапёраў было практычна немагчыма ні адно вялікае наступленне.

Смелых учынкаў у таварыша Нікалаенкі шмат…

Баявы шлях Васіля Нікалаенкі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі і падзякамі. Дярэчы, сярод іх захоўваецца і ліст з фронта, дасланы аднасяльчанам Васіля Аляксандравіча: “Ваш зямляк, як сапраўдны патрыёт, з выключным добрасумленнем выконвае свой абавязак перад Радзімай. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у вырашэнні складаных задач, неаднойчы яму пагражала небяспека, але ён заўсёды дзейнічаў смела і рашуча, праяўляючы знаходлівасць і кемлівасць савецкага воіна”.

Veteran-5

У лісце гаворыцца і аб адным з гераічных эпізодаў мужнага салдата: “Вораг моцнымі сіламі пяхоты і танкаў некалькі разоў пераходзіў у контратаку на нашы пазіцыі, спрабуючы вярнуць адбітыя намі населеныя пункты. Патрэбна было перагарадзіць шлях нямецкім танкам. Гэта зрабіў Нікалаенка. З групай байцоў-смельчакоў ён падпоўз да агнявога рубяжа праціўніка, дзе ўсталяваў супрацьтанкавыя і супрацьпяхотныя загароды. Вораг у чарговы раз пайшоў у контратаку, але, страціўшы шмат тэхнікі і людзей, вымушаны быў адступіць. Такіх смелых учынкаў у таварыша Нікалаенкі вельмі шмат…”.

Veteran-4

Ашчэ адзін з подзвігаў Васіля Аляксандравіча быў надрукаваны ў лістоўцы “Смерць фашысцкім акупантам”. Гвардыі младшы сяржант Нікалаенка ўдваіх з аднапалчанінам Міхаілам Дунайскім пераправілі праз Одэр узбраенне і боепрыпасы. Вораг прыклаў шмат намаганняў, каб перашкодзіць савец-кім воінам гэта зрабіць. Дзве спараныя рыбацкія лодкі сярод ракі, здавалася, былі лёгкай мішэнню для нямецкіх кулямётаў і мінамётаў, і некалькі разоў іх прабівалі асколкамі ад снарадаў. Але адважныя сапёры не губляліся перад небяспекай. Заклеіўшы прабоіну, яны нястомна працягвалі грэбці да заходняга берага Одэра і назад – за адну ноч зрабілі пяць рэйсаў. Подзвіг у імя Радзімы – ці не гэта вышэйшая праява доблесці і мужнасці?

Veteran-2

Дарэчы, аб баявым шляху 12-й гвардзейскай Пінскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава стралковай дывізіі, у якой служыў Васіль Аляксандравіч, можна прачытаць у кнізе “Скрозь дым і полымя”, напісанай яе былым камандзірам Дзмітрыем Мальковым. У аснову нарысу пакла-дзены дакументальныя матэрыялы і асабістыя ўспаміны аўтара аб баях пад Калінкавічамі і Пінскам, Брэстам і Рыгай, аб фарсіраванні Дняпра і Прыпяці, удзеле ў Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях.

Працоўны стаж – 57 гадоў

І сёння ветэран ахвотна дзеліцца ўспамінамі пра вайну, расказвае пра шматгадовую працоўную дзейнасць.

Дамоў вярнуўся ў 1948 годзе і накіраваўся да стрыечнай сястры ў Брагін. Тут стварыў сям’ю, пабудаваў дом… За доўгае жыццё давялося займаць розныя пасады. Спачатку працаваў старшым інспектарам на маслазаводзе, потым – агентам дзяржпаставак, бухгалтарам на Крыўчанскай машынна-трактарная станцыі, начальнікам гасгрупы раённага аддзела адукацыі… Больш за 25 год узначальваў раённую інспекцыю Дзяржстраху. Дарэчы, агульны працоўны стаж Васіля Аляксандравіча – 57 гадоў.

– Наш грамадзянскі і чалавечы абавязак – падтрымліваць такіх людзей, акружаць іх клопатам і ўвагай, – гаворыць старшыня Брагінскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач. – Іх жыццё – гэта сапраўдны подзвіг. І кожнаму з нас трэба вучыцца ў іх патрыятызму і самаадданасці.

Напярэдадні 90-гадовага юбілею прыміце, Васіль Аляксандравіч, самыя цёплыя віншавальныя словы. Дзякуй Вам за сілу духу і мужнасць. Няхай Вас ніколі не падводзіць зда-роўе, блізкія людзі заўсёды радуюць, а кожны дзень дорыць толькі станоўчыя эмоцыі!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *