ААТ “Чамярыскі”: размову можна весці пра цэлыя дынастыі хлебаробаў

Сельское хозяйство

Жніво-2014 прайшло ў гаспадарках нашага раёна спакойна, і хаця працоўнае напружанне на хлебным полі не спадала, уборачная кампанія, нават такая адказная, не выклікала асаблівага ажыятажу. Гэта і зразумела. На ўзбраенні аграрыяў – высокапрадукцыйныя камбайны і машыны, якія дазваляюць абмалаціць і звезці збожжа ў сціслыя тэрміны. Асабліва, калі надвор’е спрыяе. І ўсё ж поспех у любой справе забяспечваюць людзі, шчырыя і працавітыя, тактоўныя і мудрыя. На шчасце, у ААТ “Чамярыскі” такіх большасць, размову можна весці пра цэлыя дынастыі.

Chemerisy-1
Святлана Фалей

Рыгора Сніцарэнку ў раёне ведаюць не толькі як выдатнага механізатара, які на нямецкай тэхніцы дапамагае пасеяць кукурузу суседнім сельгаспрадпрыемствам, але і здольнага музыканта. Выдатны ён камбайнер. Сёлета Рыгор Фёдаравіч убіраў хлеб разам з сынам Юрыем, дарэчы, загадчыкам майстэрні. На рахунку экіпажа – 1541 тона намалочанага зерня (рапс пад улік не бярэцца). Убралі яны 435 гектараў. Гэта – чацвёртае месца ў раёне на 14 жніўня. Канчаткова вынікі работы будуць падведзены пазней.

Акрамя іх, у лік “тысячнікаў” трапілі старшы камбайнер Міхаіл Салдаценка і камбайнер Анатоль Пінчук (1669 тон, 503 га), Андрэй Краўчанка і яго памочнік Аляксандр Галуза (1402 тоны, 390 га), муж і жонка Сяргей і Святлана Фалей (1254 тоны, 354 га). У мінулым годзе Сяргею Рыгоравічу радасна было працаваць з сынам Аляксандрам, але ж пасля таго, як юнака 28 мая ўрачыста праводзілі на службу ў армію, побач з ім на мосцік “стэпавага карабля” стала Святлана Міхайлаўна. Старэйшы сын, Юрый, працуе зараз у суседнім раёне. Ён таксама ўнёс свой уклад у праслаўленне “Чамярыскага”, разам з бацькам дасягнуў на жніве высокай выпрацоўкі і трапіў на рэспубліканскае свята-кірмаш “Дажынкі” ў г. Маладзечне. Так што прозвішча Фалей прагучала на ўсю краіну.

Chemerisy-2
Уладзімір Ярошка
Chemerisy-3
Іван Клімянок

Ёсць вопытныя экіпажы, ёсць і вадзіцелі, якія адвозілі зерне і садзейнічалі высокім намалотам. У іх ліку – Уладзімір Ярошка, які аўтамашынай МАЗ-555 даставіў на зернеток 1377 тон збожжа.

Калі гаворым пра ўдзельнікаў уборачнай кампаніі, чамусьці забываем сказаць пра іншых механізатараў, якія рыхтуюць плошчы, вывозяць і ўносяць арганіку, працуюць на ўраджай не менш, чым тыя, хто жне і малоціць. У Івана Клімянка, напрыклад, 15-гадовы стаж, у тым ліку ў “Чамярыскім” – каля двух гадоў. За гэты час паспеў добра зарэкамендаваць сябе, аб чым расказалі яго калегі.

Як у цэлым складваўся лёс ураджаю зерневых, якая з культур урадзіла найбольш шчодра, чаму сёлета ААТ “Чамярыскі” не на першых пазіцыях па ўраджайнасці (гэта вынікае з даных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і РК прафсаюза работнікаў АПК), мы, на жаль, не даведаліся. Хаця і была папярэдняя дамоўленасць з галоўным аграномам аб сустрэчы, ён яе праігнараваў. Нават на сувязь з намі не выйшаў. Дарэчы, такое здараецца не ўпершыню, што не робіць гонару спецыялісту такога ўзроўню. Думаю, каментарыі тут не патрэбны…

Ніна СІНІЛАВА



Пакінуць адказ