Брагін: хто стварае прыгажосць?

Грамадства

Тое, што зямля патрабуе амаль штодзённых клопатаў, ведае кожны з нас. Любы парадак пачынаецца з чалавека. Вонкавы выгляд дома і стан тэрыторыі вакол яго раскажуць пра гаспадара шмат.

Bragin-1
Тэрыторыя прыватнага гандлёвага прадпрыемства «Лалід»

Зямлю трэба любіць, песціць, даглядаць і клапаціцца пра яе, што праяўляецца перш за ўсё ў адносінах да дома і дваровай тэрыторыі – гэта сапраўдны твар гаспадара. Наводзіць і падтрымліваць элементарны парадак і чысціню — абавязак кожнага. Ды і самому чалавеку прыемна, калі навокал пануе ўтульнасць. За апошнія гады аблічча райцэнтра змянілася: дзе – кардынальна, дзе – не вельмі. Будуюцца новыя аб’екты ці ідзе рэканструкцыя старых будынкаў, тэрыторыі набываюць прывабны выгляд. Удала дапаўняюць аптымістычны малюнак дагледжаныя прыватныя сядзібы, але, на жаль, не ўсе клапоцяцца, каб вакол дамоў быў парадак. Гэта адзначыў і начальнік аддзела па кіраванні пасялковай гаспадаркай Сяргей Прыходзька.

У нейкай ступені падворкі сведчаць аб характары сваіх гаспадароў, нават адлюстроўваюць іх унутраны свет. Адзін — дагледжаны, утульны, ён радуе вока. Іншыя — занядбаныя, іх гаспадары нават і не імкнуцца навесці хаця б элементарную чысціню. Прычым, што цікава, ад усіх, хто клапоціцца аб доме і парадку вакол яго, давялося пачуць: “Яшчэ столькі зрабіць патрэбна…” У іх такі стыль жыцця — у працы, клопатах, стварэнні ўтульнасці ў сваім доме і вакол яго. Мы якраз наведалі тых гаспадароў, чые сядзібы радуюць вока. Гэта Наталля Анапрыенка і яе суседзі Наталля і Анатоль Барысенкі (вул. Кірава 16, 18), Людміла Касцяева (вул. Пушкіна, 2), Уладзімір і Таццяна Скараходы (вул. Мамкіна, 23), і іншыя. Жыхары шматкватэрных дамоў таксама дбаюць пра прыгажосць каля сваіх пад’ездаў. Адзначыў Сяргей Іванавіч і арганізацыі, якія клапоцяцца пра парадак на замацаваных тэрыторыях. Гэта калектывы РЭСа, цэнтральнай раённай бальніцы, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, цэнтральнай бібліятэкі, іншыя.

Bragin-4
Наталля Барысенка і яе суседка Наталля Анапрыенка
Bragin-2
Таццяна і Уладзімір Скараходы
Bragin-3
Падвор’е па вуліцы Мамкіна
Bragin-6
Людміла Касцяева
Bragin-5
Вуліца Крылова, 3

Падтрымліваць парадак на сваёй тэрыторыі з’яўляецца абавязкам кожнага чалавека, грамадзяніна краіны. Гэта прадугледжана і заканадаўча. Так, уладальнікі індывідуальных жылых дамоў абавязаны ўтрымліваць у парадку, які адпавядае архітэктурна-будаўнічым і супрацьпажарным патрабаванням, жылыя дамы, гаспадарча-бытавыя пабудовы і вулічныя агароджы. Патрэбна своечасова праводзіць іх рамонт і афарбоўку, замену канструкцыйных элементаў, якія прыйшлі ў непрыгоднасць, падтрымліваць чысціню і парадак на прыдамавой і блізкай да домаўладання тэрыторыі, праводзіць скошванне пустазелля. Нельга загрувашчваць дваровую тэрыторыю і месцы агульнага карыстання, што прымыкаюць да зямельнага ўчастка, будаўнічымі матэрыяламі, цвёрдым палі-вам, стагамі сена, саломы і іншымі прадметамі. Не варта дапускаць утварэння звалак бытавых і іншых адходаў. Неабходна забяспечваць выкарыстанне зямельных участкаў, выдзеленых для вядзення падсобнай гаспадаркі, агародніцтва, у адпаведнасці з іх мэтавым прызначэннем, не дапускаць зарастання іх пустазеллем.

Каб вакол была прыгажосць часта вяліках затрат не патрэбна. Кожны можа стварыць утульнасць на сваім прысядзібным участку.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *