І адзін у полі воін, калі гэта механізатар ААТ “Камарынскі”

Сельское хозяйство

Так склаліся абставіны, што ў час жніва ў адкрытае акцыянернае таварыства “Камарынскі” мы не змаглі трапіць, але ж як ідзе ўборачная кампанія, ведалі з аператыўных даных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Шукалі знаёмыя прозвішчы камбайнераў і вадзіцеляў сярод “тысячнікаў”, радаваліся, калі бачылі іх сярод лідараў.

Спаборнічаць з суседзямі камарынцам складана па той простай прычыне, што палеткі сельгаспрадпрыемства расцягнуліся на многія кіламетры. Ад Хракавіч да Ніжніх Жароў – не менш 50. Вадзіцелі “накручваюць” за дзень па 400 км. І не толькі ў час жніва, калі заняты на адвозцы зерня ад камбайнаў, але і пры закладцы зялёнай масы ў траншэі. Не скардзяцца. Нават жартуюць: няхай іншыя ў такіх умовах перавязуць па тысячы тон зерня. Лідарам сёлета стаў Валянцін Бельчанка, які працаваў на МАЗе. На дастаўцы зялёнай масы да месца закладкі лепшых вынікаў ласягнуў Уладзімір Петруненка.

Komarinskiy
Аляксандр Мішчанка

Вынікамі сваёй працы ў “Камарынскім” задаволены. Валавы збор зерня склаў 4803 тоны супраць мінулагодніх 2600 тон, сярэдняя ўраджайнасць – 20,7 цнт з гектара. Асабліва парадавалі яравы ячмень і азімае трыцікале, на асобных участках дало па 40 цнт/га. Для кагосьці такі паказчык – не дзіва, а для “Камарынскага” з бальнасцю ворыўных зямель 19,1 – дасягненне. Намалацілі сёлета 1022 тоны насення рапсу (у 2013-м – усяго 500 тон). Увесь ураджай упарадкавалі. Рапс рэалізавалі розным прадпрыемствам, у тым ліку і ААТ “Брагінсэрвіс”, фуражнае зерне ачысцілі і перавезлі ў склад, зараз даводзяць да патрэбных кандыцый насенны матэрыял.

Аляксандр Мішчанка, а яго прозвішча кожны год называюць у ліку лепшых пры падвядзенні вынікаў работы маладзёжных экіпажаў, зноў паказаў, на што здатны. Намалаціў 910 тон збожжа, убраў 420 гектараў. Гэта – другое месца ў раёне. Трэці сезон уборачную кампанію праводзіць адзін, без памочніка, дарэчы, як і іншыя механізатары. А ўсяго ўбірае хлеб вось ужо дзесяць гадоў, і ўвесь гэты час – на сваім КЗС-10К. Мы засталі яго ў механічнай майстэрні, дзе Аляксандр ачышчаў, мыў свайго сталёвага асілка, з якім праславіўся і дасягнуў высокай выпрацоўкі. Гэта дзякуючы ўмелым рукам камбайнера тэхніка служыць доўга. Давялося пачуць у гаспадарцы, што Мішчанка з яго майстэрствам і адданасцю справе варты некалькіх чалавек.

Задзейнічаны ён, акрамя ўсяго, на прасаванні саломы. За дзень пасля падборшчыка застаецца па 200 рулонаў, ні многа, ні мала – 10 тон.

Komarinskiy-2
Аляксандр Леўчанка

Людзей не хапае, таму амаль за кожным трактарыстам замацаваны па дзве адзінкі тэхнікі. Аляксандр Леўчанка свой МТЗ-2022 з сеялкай Lemken атрымаў у 2006-м годзе, эксплуатуе іх беражна. Сельгасмашыну замежнай вытворчасці выкарыстоўваюць для сяўбы на насенных участкаў, пры залужэнні. Аляксандр Андрэевіч працуе тут з 1983 года, сёння ААТ “Камарынскі” без механізатара такога ўзроўню цяжка ўявіць.

Поўным ходам вядзецца падрыхтоўка глебы пад сяўбу азімых. На гэтым участку заняты Мікалай Удод і Генадзь Чарнічэнка. Першай культурай, якую загорнуць у глебу, будзе рапс, якому, згодна з планам, неабходна адвесці 600 гектараў. Як паказала практыка, на лепшых участках і ён шчодры на аддачу.

Увосень работ восемь, сцвярджалі нашы продкі. Яна яшчэ не наступіла, але ж подых адчуваецца. У прывычным рытме ідуць работы ў аграрыяў аддаленага ад райцэнтра сельгаспрадпрыемства. Нешта атрымліваецца лепш, нешта – горш, але ж грошы тут лічыць умеюць і стараюцца арганізаваць справы на вытворчасці эфектыўна. Наколькі гэта магчыма ў такіх умовах.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *