Краснае: калі чалавек любіць сваю зямлю, то здольны ператварыць яе ў райскі куток

Грамадства

Krasnoe-1

З кожным годам у Беларусі з’яўляецца ўсё больш гарадоў, пасёлкаў, вёсак, якія прэтэндуюць на званне лепшых, і стаць лідарам сярод роўных – асаблівы гонар. У 2013-м пераможцам рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь стаў аграгарадок Краснае, які заняў першае месца ў сваёй катэгорыі.

Krasnoe-2Krasnoe-3

Так ужо заведзена – з надыходам вясны прыбірацца на падворках, бяліць вапнай дрэўцы, абнаўляць агароджу, даглядаць замацаваныя ўчасткі… Дбайных і руплівых гаспадароў зямля потым адорвае дружным зіхаценнем кветак, шчодрым ураджаем садавіны і гародніны. Аблашчаныя працай вясковыя сядзібы, нібы пяшчотнае сонейка, радуюць вока, умацоўваюць пазітыўны настрой. І міжволі прыходзіш у захапленне, што навокал чысціня і парадак.

Krasnoe-11

Калі мы завіталі ў аграгарадок Краснае, сельскія жыхары тут якраз наводзілі лоск: у населеным пункце праходзіў суботнік. Мясцовыя работнікі адукацыі, культуры і аховы здароўя дружна фарбавалі новую агароджу, якая нядаўна з’явілася на адной з вуліц. Таму і старшыня сельсавета Валянціна Свіслоўская знаходзілася побач з людзьмі, сачыла за ходам працы. У планах было яшчэ насыціць больш яркімі фарбамі малыя архітэктурныя формы, якія з-за летняй спёкі сталі цмянымі. Добра, што з абкосам тэрыторый рэгулярна дапамагае калектыў Брагінскага ўчастка ПДРЭЗ.

Магчыма, менавіта таму, што работа па навядзенні парадку тут стала ўжо катэгорыяй пастаяннай, і красуецца зараз у кабінеце Валянціны Мікалаеўны пераходны вымпел рэспубліканскага пераможцы і пасведчанне аб узнагароджанні ім аграгарадка Краснае. Заслуга ў гэтым, па меркаванні старшыні, усіх неабыякавых, ініцыятыўных, зацікаўленых у агульнай справе і шчыра ўлюбёных у родны куточак вяскоўцаў. У аснову матэрыялаў, што былі накіраваны на конкурс, леглі менавіта вынікі сумеснай працы. А прадугледжаная за дасягнуты поспех грашовая прэмія ў суме 800 базавых велічынь пойдзе на далейшае добраўпарадкаванне населенага пункта.

На яго тэрыторыі сапраўды нямала прыгожых, выпеставаных руплівымі рукамі падворкаў, каля якіх так і хочацца затрымацца, удыхнуць водар кветак. Радуюць творчыя ідэі і натхненне працавітых, нястомных у пошуках гаспадароў.

Напрыклад, для мясцовага дэпутата, памочніка ўрача амбулаторыі Таццяны Катлабай праца на зямлі – крыніца добрага настрою, пазітыўных эмоцый і эстэтычнага задавальнення. Нездарма прывольна сябе адчуваюць на яе ўчастку і ружы, і хрызантэмы, і петуніі, і гладыёлусы, і хоста, і каны, і вярбена… Над форткай і ў самым цэнтры падворка звісаюць амаль спелыя гронкі сіняга і зялёнага вінаграду. Не менш пачэснае месца адведзена арэху і абляпісе. І гэта толькі невялікая частка ўсяго расліннага хараства, што радуе і сваім цвіценнем, і сакавітымі пладамі. Асаблівы гонар гаспадыні – сёлетні ўраджай маліны, якую вырашылі разам з мужам Пятром вырошчваць пры падтрымцы Міжнароднага фонду развіцця сельскіх тэрыторый.

Krasnoe-6Krasnoe-5Krasnoe-4Krasnoe-7

Дарэчы, менавіта на мужчынскія плечы кладуцца клопаты, звязаныя з доглядам садовых дрэў, стварэннем арыгінальных кошыкаў і падставак для кветак. І штучная сажалка, дзе нават можна вудзіць рыбу, таксама заслуга гаспадара. У хуткім часе яшчэ больш прывабны і каларытны выгляд сядзібе прыдасць прасторная тэраса.

Таццяна Уладзіміраўна ўжо зараз плануе, як рассадзіць свае кветкі ў будучым годзе, якімі з іх зможа падзяліцца з аднавяскоўцамі. Ёсць, напрыклад, задумка побач з клумбай у выглядзе цюльпана стварыць яшчэ адну – у выглядзе сланечніка. На новыя ідэі натхняе, як можна заўважыць, шчырае замілаванне роднымі мясцінамі.

Візітнымі карткамі чысціні і парадку, высокай санітарнай культуры ў аграгарадку з’яўляюцца таксама сядзібы Міхаіла і Наталлі Цеслянкоў, Сяргея і Алены Мартыненкаў, Тамары і Міхаіла Нікіцюкоў, якія тут лічацца ўзорнымі. Пастаянна трымаюць фасон дагледжанасці прыдамавой тэрыторыі Леанід і Марыя Шэіны. Ды і каля кожнага сацыяльнага аб’екта заўважаецца адбітак фантазіі, стараннасці і творчага ўвасаблення цікавых задумак. На вуліцах з кожным годам павялічваецца колькасць клумбаў – сёлета для іх стварэння выкарысталі бардзюрную стужку. Плануецца таксама дапоўніць кампазіцыю з малых архітэктурных формаў, якая знаходзіцца ў цэнтры вёскі, млыном.

Krasnoe-9Krasnoe-10Krasnoe-8

Ці не так, з абнаўленнем навакольнай тэрыторыі, мяняецца і псіхалогія людзей – не ўтрыманцаў, а сапраўдных гаспадароў?.. Калі чалавек любіць сваю зямлю, то здольны пераўтварыць любы яе кавалачак у райскі куток. Было б жаданне.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *