Такіх педагогаў заўсёды памятаюць і ўзгадваюць з удзячнасцю

Грамадства

Uchitel-2

20 жніўня настаўніца Буркоўскай сярэдняй школы Лідзія Міхайлаўна Раманюк адзначыць свой юбілей. Любімага педагога будуць віншаваць былыя вучні не толькі з Брагінскага раёна, але і з Хойніцкага, дзе пачынаўся яе працоўны шлях.

Да 9-га класа Ліда марыла стаць урачом, але ж потым захапілася замежнымі мовамі, што і вызначыла выбар вышэйшай навучальнай установы. У 1971-м паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут на факультэт англійскай мовы (яна была асноўная), хаця вывучала і нямецкую. Пасля заканчэння сталічнай ВНУ маладога спецыяліста накіравалі ў Хойніцкі раён, у Паселіцкую школу. Тры гады працы на педагагічнай ніве праляцелі непрыкметна, а потым была Нова-Іялчанская СШ, з якой звязаны самыя цёплыя ўспаміны. Дзевяць гадоў аддала гэтай навучальнай установе, яны былі плённымі, цікавымі і незабыўнымі.

Тут існавалі (і засталіся) добрыя традыцыі па выхаванні і навучанні дзяцей, праводзіліся цікавыя мерапрыемствы, ініцыятарам якіх была Л.М. Раманюк. Няўрымслівая, энергічная, яна дбайна рыхтавалася да кожнага школьнага вечара, конкурсу. Адзін з іх быў прысвечаны саюзным рэспублікам. Яе восьмаму класу даручылі падрыхтаваць праграму, прысвечаную Казахскай ССР. Інтэрнэта ў той час яшчэ не было, давялося перагледзець мноства часопісаў і газет, каб вывучыць і прадэманстраваць нацыянальныя традыцыі і культуру казахаў. Нават нацыянальны танец развучылі. Першае месца было забяспечана.

У Лідзіі Міхайлаўны амаль 40 гадоў педагагічнага стажу, але ж, прызнаецца, той клас, у якім была кіраўніком з восьмага па дзясяты, застаецца па-ранейшаму самым любімым, дарагім. Магчыма, таму, што дзеці падабраліся таленавітыя, дружныя, разумныя, ім патрэбен быў настаўнік з такой энергетыкай, як у іх “самай класнай класнай” (так яны называюць свайго педагога). Школьнае жыццё бурліла, захапляла, загартоўвала хлопцаў і дзяўчат. Усё, што спасціглі, чаму навучыліся, спатрэбілася ў жыцці.

Аляксандр Ятчанка, Аляксандр Кукрак і Уладзімір Гудзянок з годнасцю прайшлі суровае выпрабаванне ваеннымі падзеямі ў Афганістане, Марыя Кляпец (Шэін) 16 гадоў узначальвае дашкольную ўстанову, якая аформлена з вялікім густам. Спявае на сцэне, прымае ўдзел у розных аглядах-конкурсах. З Валяцінай Прыходчанкай (Ятчанкай) яны былі вядучымі на ўсіх школьных вечарах. Валянціна Мікалаеўна і зараз арганізоўвае цікавыя сустрэчы розных спецыялістаў з вучнямі старэйшых класаў Брагінскай СШ у цэнтральнай бібліятэцы. Ларыса Петрусевіч стала ўзорнай гаспадыняй, добрай працаўніцай, Леанід Солап – вадзіцелем. Школу закончылі ў 1982-м, і ўсе 34 выпускнікі разляцеліся па прасторах былога Савецкага Саюза. Кожны з іх сёння можа сказаць Лідзіі Міхайлаўне: “За нас Вам не сорамна”.

У 1988-м яе накіравалі ў Буркоўскую сярэднюю школу, дзе працуе і зараз, выкладае замежную мову. Зайздрошчу сённяшнім вучням Л.М. Раманюк: у іх ёсць магчымасць вывучаць нямецкую мову пад кіраўніцтвам выдатнага спецыяліста. Не ў кожнай школе, а тым больш вясковай, сустрэнеш выкладчыка з такім узроўнем падрыхтоўкі: каб свабодна размаўляла па-нямецку, давала глыбокія веды, вучыла правільнаму маўленню. Гэта пацвердзіла тэсціраванне, якое, перад тым, як увесці ў школах, прайшлі педагогі. Яна любіць свой прадмет, дзяцей, без школы не ўяўляе сябе.

Разам з дзецьмі была ў Германіі некалькі разоў, сябруе з сем’ямі, прадстаўнікамі гэтай краіны, прымае іх у сябе дома. Многія выпускнікі пайшлі яе дарогай, паступілі ў ВНУ на факультэт нямецкай мовы. А сёлета вучань Буркоўскай СШ Аляксей Ганчар заняў III месца ў 3-м этапе абласной алімпіяды па вучэбных прадметах.

На ўроках Лідзія Міхайлаўна патрабавальная, строгая, але ж дапускае жарт, калі ён да месца. У жыцці – вясёлая, актыўная, шчырая. Як і кожны адораны чалавек, натура творчая. Любіць распрацоўваць сцэнарыі да розных мерапрыемстваў, сустрэч, захапляецца арыгамі. Прыгожа малюе, вяжа. А ўжо гаспадыня – пашукаць такіх! У доме пануе ідэальны парадак, каля сядзібы, на агародзе – кветкавае царства: ад знаёмых воку руж і вяргінь да экзатычных. Насенне многіх прывозіла з Германіі, дзялілася з вяскоўцамі.

У яе добрая сям’я, муж Міхаіл стаў надзейнай апорай і падтрымкай, дапамагае ў хатніх справах. Тую прыгажосць, якая пануе навокал, стваралі разам. Ёсць сад, разводзяць пчол, вырошчваюць гародніну. Выхавалі двух сыноў, дачакаліся першай унучкі, хутка на свет з’явяцца яшчэ дзве дзяўчынкі. Жыццё працягваецца.

Раней настаўнік у вёсцы быў носьбітам не толькі ведаў, але і культуры, высокай маралі, прыкладам ва ўсім. Дзякуй Богу, ёсць такія і ў наш час. Л.М. Раманюк – з іх ліку.

З юбілеем Вас, паважаная! Моцнага здароўя, дабрабыту, душэўнага спакою і аптымізму. Няхай шчаслівымі будуць Вашы дзеці і ўнукі, усё ладзіцца ў іх сем’ях. Заставайцеся такой жа ініцыятыўнай і абаяльнай, як зараз.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *