Хлебаробы-тысячнікі працягваюць атрымліваць падарункі

Сельское хозяйство

У гэтыя дажджлівыя дні міжволі ўзгадваеш гарачую пару жніва. У нашым раёне больш чым па тысячы тон зерня намалацілі 14 экіпажаў.

Podarki-2
Сяргей Жураў

Найвышэйшая выпрацоўка – у сямейнага экіпажа ў складзе бацькі і сына Івана Іванавіча і Івана Міхайлавіча Харко з ААТ “Малажынскі”: 1789 тон, а з улікам рапсу – 2014. Ёсць адзін “дзвюхтысячнік” і, што прыемна, сярод маладых удзельнікаў уборачнай кампаніі. На такі паказчык выйшлі Андрэй Гуз, старшы камбайнер, і Аляксандр Шапавал, камбайнер з гэтага ж сельгаспрадпрыемства. На свой рахунак яны запісалі 2075 тон зерня (з улікам рапсу – 2243 тоны).

Вадзіцеляў-“тысячнікаў” – 17. Без уліку маладых. Найбольшая колькасць, як і меркавалася, з адкрытага акцыянернага таварыства “Імя Жукава”, дзе атрымана найвышэйшая ўраджайнасць зерневых і зернебабовых. Дарэчы, “дзвюхтысячнік” таксама адсюль. Уладзімір Шахніцкі перавёз 2075 тон зерня, з улікам рапсу – 2243.

Вызначыліся і маладыя. Лідарамі сталі Юрый Карсак з “Брагінкі”, Вадзім Малы з “Малажынскага” і Аляксандр Дзегцярэнка з “Брагінскага”. На працягу жніва іх прозвішчы значыліся ў ліку лепшых. Ведаючы дзелавыя якасці кожнага, цікавала было сачыць за ходам спаборніцтва, якое разгарнулася на хлебным полі. У асобныя дні разрыў у паказчыках складаў усяго тысячу-дзве.

Podarki-1
Юрый Карсак

Тых, хто дасягнуў высокай выпрацоўкі ў першыя дні адказнай кампаніі, урачыста павіншавалі на рабочых месцах. Але жніво на гэтым не закончылася, як і працоўнае напружанне на палях. Рады “тысячнікаў” павялічыліся, і сёння мы называем прозвішчы ўсіх, каго адзначылі за стараннасць і сумленную працу. Згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта, лісты з падзякай і каштоўныя падарункі ім уручыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Высоцкая. Як запэўніла Таццяна Уладзіміраўна, увагай не будзе абыдзены ніводны камбайнер, вадзіцель. Спынілася і на такім аспекце: сёлета пад улік браліся толькі намалочаныя і перавезеныя тоны збожжа.

Першая гаспадарка, якую мы наведалі разам з ёй, было ААТ “Імя Жукава” (рэпартаж аб людзях сельгаспрадпрыемства, арганізацыі жніва-2014 чытайце ў наступным нумары). У ААТ “Брагінка” рады былі сустрэчы з героем нашых ранейшых публікацый Юрыем Карсаком. Малады механізатар атрымаў ліст з падзякай ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, падарунак.

Наступны наш прыпынак – ААТ “Брагінскі”. Сяргей Жураў убіраў каласавыя сёлета з сынам Аляксандрам. Менавіта да іх і накіраваліся адразу, каб павіншаваць з працоўным дасягненнем і пажадаць новых перамог. У рады “тысячнікаў” трапілі таксама вадзіцелі Аляксандр Барадзін, Аляксандр Дзегцярэнка і Мікалай Коваль. Удачы ўсім і моцнага здароўя.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *