21 верасня – Дзень работнікаў лесу

Праздники и будни

Стройныя і велічныя калоны соснаў сваімі пышна-зялёнымі верхавінамі ўпіраюцца ў васільковае неба. Іх ганаровую непрыступнасць змякчаюць маладыя бярозкі, што з трапяткой удзячнасцю купаюцца ў сонечных промнях, стараючыся нацешыцца апошнім восеньскім цяплом. Прыемны хваёвы водар, ціхі шэпт дрэў, прыветлівыя гукі птушыных галасоў… Лес у кожную пару года напоўнены адметнай таямнічасцю, хараством і чараўніцтвам. Але як рэдка мы задумваемся, колькі намаганняў патрэбна, каб захаваць такую прыгажосць, самабытнасць і багацце беларускіх краявідаў. У поўнай меры гэта, відаць, адчуваюць толькі людзі, дзякуючы ведам, вопыту і стараннасці якіх могуць любавацца прыродай і карыстацца яе дарамі многія пакаленні.

Тэрыторыя ДЛГУ “Камарынскі лясгас” раскінулася на 95 кіламетраў з поўначы на поўдзень і на сорак – з усходу на захад. Пад пільным кантролем і ўвагай калектыву знаходзіцца больш за трыццаць тысяч зялёных гектараў. Яго місія застаецца нязменнай – захоўваць, узнаўляць і памнажаць. А ўнікальнасць працы лесавода заключаецца, безумоўна, у непарыўнай сувязі з будучыняй. Дастаткова адзначыць: каб пасаджанае дрэва набралася моцы і стала гатовым для «ўжывання» (у тэхнічным сэнсе) прадуктам, неабходна 80-100 гадоў. Выходзіць, убачыць, як яно стане вялікім, змогуць толькі наступныя пакаленні. А ўвесь гэты час яго патрэбна плённа даглядаць, засцерагаць ад шкоднікаў, хвароб, пажараў. Таму і падыходзяць работнікі лесу да даручанага старанна, прафесійна, па-гаспадарску. І, напэўна, мала што ў жыцці можа прынесці большую самазадаволенасць, чым разуменне таго, якую значную і патрэбную справу ты зрабіў на зямлі.

Тут клапоцяцца пра парадак, утульнасць, як дома. Штогод займаюць маладымі саджанцамі не менш 200 га. Каля тысячы гектараў адчуваюць добраўтворны ўплыў дзякуючы так званым высечкам догляду. Пастаянна абнаўляюцца і ўдасканальваюцца зоны адпачынку, тэрыторыі вытворчых будынкаў. Вось толькі засмучае лесаводаў, калі да вынікаў іх працы адносяцца нядбайна: засмечваюць тэрыторыі, псуюць створаную руплівымі рукамі прыгажосць – з гэтым прымірыцца немагчыма.

Працэс укладвання  піламатэрыялаў патрабуе ад работнікаў асаблівай увагі, акуратнасці і хуткасці. Ужо дзевяць гадоў непасрэднае дачыненне да гэтай справы мае Наталля Петруненка, якая сёлета адзначана граматай ДЛГУ “Камарынскі лясгас”.
Працэс укладвання піламатэрыялаў патрабуе ад работнікаў асаблівай увагі, акуратнасці і хуткасці. Ужо дзевяць гадоў непасрэднае дачыненне да гэтай справы мае Наталля Петруненка, якая сёлета адзначана граматай ДЛГУ “Камарынскі лясгас”.

Прымусіла сёлета пахвалявацца за свае ўладанні і анамальная спякота, што ўсталявалася на тэрыторыі Беларусі ў летні перыяд. Надзвычай высокая тэмпература паветра і адсутнасць ападкаў справакавалі ўзнікненне лясных пажараў. На Брагіншчыне ад агню пацярпела 0,9 га, але ў іншых рэгіёнах Беларусі страты былі куды большыя. Не дапусціць разгулу стыхіі дапамагла часовая забарона на наведванне лясоў. Але пажаранебяспечнае становішча захоўваецца нават зараз, таму лясная ахова працягвае працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.

У прамысловай жа дзейнасці, па словах дырэктара Аляксандра Дзягцярыка, асноўны ўпор у сучасных эканамічных умовах робіцца на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Нядаўна, напрыклад, атрымалі ў лізінг пагрузачна-транспартны “Беларус” МПТ-461, у бліжэйшы час плануецца такім чынам набыць яшчэ два трактары. Гэта, як падкрэслівае кіраўнік, дазволіць павялічыць аб’ёмы рэалізацыі драўніны, у выніку чаго ўзрасце выручка і адпаведна заработная плата. Яна, дарэчы, у некаторых зараз перавышае 10 мільёнаў, а сярэдняя па ўстанове складае амаль 5 000 000 рублёў і лічыцца адной з высокіх у раёне. Рамонт буйнагабарытнай тэхнікі, да таго ж, можна ажыццяўляць на месцы – для гэтых мэтаў правялі рэканструкцыю адпаведнага гаража.

Людзі працуюць з усведамленнем: толькі дружная работа дае плён. І такое высокае пачуццё адказнасці выліваецца ў жадаемыя паказчыкі. Прывяду некаторыя: за студзень-ліпень выручка ад рэалізаванай прадукцыі, работ і паслуг тут склала 159% да ўзроўню мінулага года, інвестыцыі ў асноўны капітал – 154%, прыбытак – 196%. Ужо за сем месяцаў установа атрымала ад экспартных паставак 600 тысяч долараў пры плане за год – 650. Асноўныя замежныя напрамкі, куды накіроўваецца прадукцыя, пераважна піламатэрыялы і балансы хвойных і ліставых парод, – Польшча, Германія, Бельгія, Галандыя, Прыбалтыка. Аб’ёмы лесапілавання за апошні час павялічылі амаль удвая.

Выпуск прадукцыі на экспарт.
Выпуск прадукцыі на экспарт.

Што дапамагае любой арганізацыі нават у самых складаных умовах паспяхова развівацца? Напэўна, уменне прааналізаваць, спланаваць і паглядзець на некалькі крокаў наперад. Таму і лесагаспадарчая ўстанова, каб упэўнена адчуваць сябе на рынку, увесь час знаходзіцца ў пошуку. Ужо сёлета, напрыклад, тут пачнецца выпуск вагонкі, плінтусаў, дошак падлогі, іншых паганажных вырабаў. Ёсць таксама задума вырошчваць дэкаратыўны пасадачны матэрыял, якім бы маглі забяспечваць не толькі свой, але і суседнія раёны. Дадатковы прыбытак павінна даць атрыманая ад ВУП “Гомельаблпаліва” ў бязвыплатнае карыстанне 340-метровая чыгуначная ветка, што дазволіць павялічыць аб’ёмы адгрузкі прадукцыі як на ўнутраны рынак, так і на знешні.

Кіраўнік прыкмячае: “Кожны станоўчы зрух у дзейнасці галіны – вынік агульнай зладжанай, мэтанакіраванай работы. А калектыў у нас сапраўды працаздольны. У яго складзе – 232 чалавекі. Самыя адказныя і добрасумленныя напярэдадні прафесійнага свята па традыцыі адзначаюцца не толькі на мясцовым, але і на абласным, рэспубліканскім узроўнях. Віншаванні і матэрыяльную дапамогу ў верасні штогод прымаюць і нашы ветэраны”. Хто ж сёлета будзе ў ліку заахвочаных?

Ідэальная чысціня і парадак, арыгінальныя альтанкі, малыя архітэктурныя формы, буйства кветак, малады дэндрапарк… Тэрыторыя Савіцкага лясніцтва, дзе памочнікам ляснічага працуе Пётр Ветчанка, прыгажэе з кожным годам.
Ідэальная чысціня і парадак, арыгінальныя альтанкі, малыя архітэктурныя формы, буйства кветак, малады дэндрапарк… Тэрыторыя Савіцкага лясніцтва, дзе памочнікам ляснічага працуе Пётр Ветчанка, прыгажэе з кожным годам.

Так, ад Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь грамата чакае інжынера аховы лесу Андрэя Забалотнікава, падзяка – машыніста фарвардэра Аляксандра Ласіцу. Ад Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання будзе ўручана грамата бухгалтару ўстановы Ніне Лебедзевай, ліст з падзякай – начальніку аддзела лясной гаспадаркі Мікалаю Шавыру. Яшчэ 16 чалавек заахвоцяць ад дырэкцыі Камарынскага лясгасу.

Кожны з іх добра ведае, што кладоўкі лясных багаццяў не бясконцыя, а таму іх патрэбна захоўваць і памнажаць на радасць сабе і наступным пакаленням. Прырода нібы кажа чалавеку: карыстайся з розумам – і будзе табе дадзена.

Але не толькі працоўнымі буднямі жыве калектыў – далучаецца да спорту, творчасці, іншых заняткаў. І дасягае перамог: сёлета, напрыклад, заняў другое месца ў абласным конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод сваіх калег, а Аляксандр Процка з Лубяніцкага лясніцтва ў спаборніцтве сярод вальшчыкаў лесу, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі 21 лясгасу Гомельшчыны, стаў “срэбным” прызёрам.

Напярэдадні Дня работнікаў лесу прыміце ўсе, хто плённа працуе на карысць нашчадкаў у гармоніі з прыродай, самыя цёплыя віншавані і пажаданні моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, фінансавай стабільнасці, душэўнага камфорту. І, вядома ж, любові да сваёй прафесіі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *