7 верасня – Дзень беларускага пісьменства

Грамадства

Mova

Першы тыдзень верасня… Яшчэ не паспела восень апрануць сваё пярэстае ўбранне, разаслаць на зямлю каляровую лістоту. Але менавіта з яе каляндарным прыходам звязана сустрэча адной з важнейшых падзей культурнага жыцця краіны – Дня беларускага пісьменства.

Гэта свята ўсіх, хто любіць і шануе кнігу, родную мову, свае карані. Яно ўваходзіць у нашыя сэрцы надзвычай прамяністай духоўнасцю і знітаванасцю з далёкай мінуўшчынай, нагадваючы аб неабходнасці захавання багатай спадчыны беларускага народа.

Як вядома, свой пачатак Дзень беларускага пісьменства вядзе з 1994 года – упершыню ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі ў старажытным Полацку. Гэта радзіма нашых асветнікаў – фігур еўрапейскага маштабу: Францыска Скарыны, фрэска з малюнкам якога ўпрыгожвае сцяну Падуанскага ўніверсітэта побач з партрэтамі іншых гігантаў Адраджэння; святой Еўфрасінні, якая ўпадабала мёд нябеснай мудрасці золату княжай славы; Сімяона Полацкага, чыю творчасць навукоўцы лічаць не толькі адным з вытокаў беларускай літаратуры, але і пачаткам рускага вершаскладання і тэатра.

Потым сталіцамі свята былі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Мсціслаў, Мір, Камянец… Юбілейны, дваццаты, Дзень беларускага пісьменста адзначаўся ў мінулым годзе ў Быхаве. А сёлета эстафету прымае Заслаўе.

Па традыцыі ў ліку важнейшых мерапрыемстваў, што аб’ядноўваюць сотні тысяч жыхароў, шматлікіх гасцей з суседніх славянскіх краін, дэлегацый творчых саюзаў, – урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспублі-канскага конкурсу на лепшы літаратурны твор, фестываль кнігі і прэсы, сустрэчы з пісьменнікамі, дзеячамі культуры, кнігавыдаўцамі, тэматычныя выставы, прэзентацыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *