ААТ «Імя Жукава»: поспехі здабывалі камандай

Сельское хозяйство

Да тэмы жніва будзем звяртацца яшчэ не раз. Гэта – вянец напружанай працы хлебаробаў, які сведчыць як аб поспехах, так і аб праліках калектыву на працягу года. Што датычыць ААТ “Імя Жукава”, то сёлета яно атрымала найвышэйшы ўраджай зерневых у раёне. Вынікі ўборачнай кампаніі будуць яшчэ падводзіцца, аналізавацца. Вызначыцца і гаспадарка, якая лідзіруе па такім паказчыку, як выхад зерня ў разліку на бала-гектар.

Zhukova-1
Рыгор Раманюк, Аляксандр Раманюк і Сяргей Прыходзька

І ўсё ж “Імя Жукава” заслугоўвае таго, каб яшчэ раз спыніцца на рабоце каманды аднадумцаў. Менавіта каманды, а не кожнага паасобку. Аб гэтым сведчыць такі факт. Прэмію, якая па ўмовах спаборніцтва ўручалася вадзіцелям за першыя тры месцы, “мазісты” дзялілі між сабой на чатырох (так дырэктар сельгаспрадпрыемства Раман Козел з павагай называе тых, хто эксплуатуе аўтамашыны МАЗ-5551). Па-першае, таму, што кожны з іх даставіў на зерняток прыкладна аднолькавую колькасць тон збожжа (з невялікай розніцай), па-другое, сумленна працавалі ўсе, па-трэцяе, прызавых месцаў усяго тры. Хто чаго варты, яны ведаюць лепш за іншых, таму і прынялі такое рашэнне.

Міжволі ўзгадалася апошняя паездка на хлебнае поле з былым дырэктарам Рыгорам Дзегцярэнкам і словы кіраўніка аб тым, што ў “Імя Жукава” ўдзельнікі ўборачнай кампаніі змагаюцца за высокія намалоты ў аднолькавых умовах, што пацвердзілі і самі людзі: “А ў нас усе добра працуюць”. У раённым і рэспубліканскім спаборніцтвах перамож-цамі выходзілі вадзіцелі Уладзімір Шахніцкі і Генадзь Шкурко, не былі абдзелены ўвагай Міхаіл Раманюк і Аляксандр Смальцар. Гэта асноўны касцяк, на які абапіраецца ў сваёй рабоце Раман Пятровіч і стараецца заахвоціць людзей. Не толькі “мазістаў”, але і механізатараў.

На першай старонцы раённага выдання на Дошцы гонару “Жніво называе лепшых” значыліся прозвішчы кіраўніка і прафсаюзнага лідара сельгаспрадпрыемства, якое лідзіравала па ўраджайнасці: ААТ “Імя Жукава (дырэктар – Раман Пятровіч Козел, старшыня прафкама – Галіна Фёдараўна Прахарэнка). Тое, што не забыліся ўзгадаць апошняга, вельмі важна. Сёлета да распрацоўкі ўмоў спаборніцтва сярод удзельнікаў адказнай кампаніі тут падышлі творча і неабыякава. Галіна Фёдараўна расказала, што за кожную тысячу тон намалочанага і перавезенага зерня з улікам рапсу экіпажу збожжаўборачнага камбайна выдзялалася грашовая прэмія ў памеры дзесяці базавых велічынь, вадзіцелю – пяці. Як толькі з’явіліся першыя “тысячнікі”, адразу ж выязджалі ў поле і віншавалі людзей, уручалі прэміі і памятныя сувеніры.

Zhukova-2
Віктар Федчанка і Сяргей Раманюк

Чакалі грашовыя заахвочванні сумленных хлебаробай і па заканчэнні жніва, прычым у большых памерах. “Дажынкі” ў ААТ “Імя Жукава” ўжо адсвяткавалі. Першае месца заняў зернеўборачны экіпаж у складзе Сяргея Раманюка і Віктара Федчанкі які атрымаў 40 базавых велічынь. За другое месца прадугледжвалася прэмія ў памеры 30 базавых велічынь, трэцяе – 20. Для вадзіцеляў на адвозцы збожжа былі ўстаноўлены тры прызавыя месцы: за першае – 20 базавых велічынь, за другое і трэцяе – 15 і 10 базавых велічынь адпаведна. У верасні заахвоцяць механізатараў, якія былі задзейнічаны на ўборцы саломы.

Было арганізавана гарачае харчаванне ў мясцовай сталовай, дзе рыхтавалі каларыйныя абеды і вячэру.

На думку працаўнікоў адкрытага акцыянернага таварыства, у цяні засталося прозвішча галоўнага арганізатара працэсу, які дняваў і начаваў на палетках разам з камбайнерамі і вадзіцелямі, сачыў за якасцю абмалоту, пераводзіў тэхніку з аднаго ўчастка на другі, выбраў правільную тактыку. Гэта галоўны аграном Сяргей Міхаленка. Яго таксама прэміравалі, як і іншых спецыялістаў.

Не забыліся пра людзей гэтага сельгаспрадпрыемства і ў раёне. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Высоцкая прывезла “тысячнікам” лісты з падзякай ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, падарункі. Іх атрымалі Аляксандр Раманюк, ён убіраў зерневыя і зернебабовыя адзін, як і Рыгор Раманюк, а таксама экіпаж у складзе старшага камбайнера Аляксандра Раманюка і камбайнера Сяргея Герасіменкі, старшага камбайнера Сяргея Раманюка і камбайнера Віктара Федчанкі. Дзякуй за працу, паважаныя! Чакаем ад вас высокіх вытворчых паказчыкаў і ў 2015-м.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *