Брагінскія футбалісты сталі другімі

Спорт

futbol.

Каманда Брагінскага раёна заняла другое месца ў занальных спаборніцтвах па футболе сярод сельскіх каманд “Залаты колас”, якія праходзілі ў Мазырскім раёне.

Як паведаміў старшыня Брагінскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба “Ураджай” Сяргей ФУРС, у групе, у якую трапіла наша каманда, гулялі таксама спартсмены з Мазырскага, Калінкавіцкага, Ельскага і Нараўлянскага раёнаў. Прадстаўнікі Хойніцкага па нейкіх прычынах не прынялі ўдзел у спаборніцтвах. І гэта было якраз на руку брагінчанам – яны прабіліся ў фінал дзякуючы толькі адной перамозе.

Спачатку гуляць давялося з камандай Калінкавіцкага раёна. Гэта была ўпартая і захапляючая барацьба. У першым тайме поспех спадарожнічаў сапернікам, таму на перапынак футбалісты пайшлі з лікам 0:1. У другім брагінчане сабраліся з сіламі і не толькі адыграліся, але і выйшлі наперад. Два забітых галы належаць Дзмітрыю Ляміцкаму. У выніку – 2:1 на карысць нашых землякоў.

У фінале наша каманда сустрэлася з мазыранамі. Па словах Сяргея Мікалаевіча, гульня не задалася практычна з першых хвілін – пайшоў дождж, потым началася навальніца. Было вельмі складана змагацца за мяч на мокрым полі, якое прама на вачах ператваралася ў возера. Пасля першага тайма судзейская брагада прыняла рашэнне спыніць гульню. І лік на табло – 3:0 – красамоўна сцвярджаў аб перамозе мазырскай каманды. Вядома, брагінчанам можна было паспрачацца, але гэтага рабіць ніхто не стаў, бо сапернікі сапраўды былі мацнейшымі.

У выніку першае месца занялі футбалісты з Мазырскага раёна, другое – з Брагінскага, трэцяе – з Ельскага.

“Хачу выказаць словы падзякі ўсім, хто прыняў удзел у спаборніцтвах, за самааддачу і праяву маральна-валявых якасцяў, – гаворыць Сяргей Фурс. – Наша каманда выступіла дастойна, прычым не першы раз. А гэта з’яўляецца яскравым доказам таго, што вясковая моладзь не толькі добра працуе на карысць родных сельгаспрадпрыемстваў, але і аддае перавагу здароваму ладу жыцця, сябруе са спортам”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *