У пошуках міру прыехалі на Брагіншчыну ўкраінцы

Грамадства

Хто б з нас яшчэ некалькі месяцаў назад мог уявіць, што ў суседняй Украіне разгарнуцца сапраўдныя баявыя дзеянні, людзі пачнуць пакідаць родныя мясціны, выязджаць за межы рэспублікі. Вядома, не ад добрага жыцця – падалей ад вайны. Многім давялося бегчы фактычна ў нікуды, захапіўшы з сабой толькі самае неабходнае. Яны проста вымушаны шукаць паратунку там, дзе не чуваць гукаў стрэлаў і бамбёжак, пануе спакой і мір.

ukrainzy

Аксана Кіпаць з мужам Уладзімірам і 12-гадовай дачкой Элінай, у руках якіх толькі дзве напоўненыя сумкі, дабіраліся да Гомеля на грамадскім транспарце. Заставацца ў роднай Горлаўцы Данецкай вобласці было небяспечна: пастаянныя бамбёжкі падабраліся да суседняга шматкватэрнага дома. Аб пашкоджанні свайго даведаліся ўжо потым, будучы ў Беларусі. Праўда, дазваніцца да родных – у Аксаны Сяргееўны там засталіся маці, свякроў і хворая бабуля – вельмі складана. Па словах перасяленкі, трэці месяц людзі жывуць без электрычнасці, газа і вады. Не атрымліваюць ні заработнай платы, ні пенсій, ні грашовых дапамог на дзяцей. У магазінах – пустыя паліцы. Выратоўвае хіба што асабістая гаспадарка. Не працуюць школы і аптэкі. Недахоп прадуктаў харчавання і адсутнасць сродкаў для існавання вымушаюць многіх ісці на марадзёрства. Аб такіх фактах жанчына таксама даведваецца па тэлефоне. Яе сям’я, на шчасце, жыве зараз у іншых умовах.

Чаму выбралі менавіта Беларусь? Знайшлі інфармацыю, што тут ёсць магчымасць атрымаць жыллё і працу ў сельскай мясцовасці. Таму першым чынам, як толькі апынуліся ў Гомелі, звярнуліся ва ўпраўленне па грамадзянстве і міграцыі, дзе даведаліся аб прадпрыемствах і арганізацыях, гатовых прыняць на работу грамадзян Украіны з прадастаўленнем жылля. У выніку месцам прыпынку быў выбраны аграгарадок Малажын.

Аксану Сяргееўну сардэчна прынялі ў свой калектыў работнікі амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Уладкавалася яна па спецыяльнасці – там, адкуль прыехала, таксама працавала медыцынскай сястрой. Муж 15 гадоў адшчыраваў шахцёрам, а цяпер – работнік ААТ “Малажынскі”. Сельгаспрадпрыемства выдзеліла ўкраінскай сям’і дом, які ўжо паспелі прывесці ў парадак. Эліна пайшла ў сёмы клас мясцовай школы.

Гасціннасць і неабыякавасць, чуласць і разуменне лю-дзей, што жывуць побач, Кіпаці заўважылі адразу.

– Уразіла, што, даведаўшыся аб нашым пераездзе, у Малажын нават наведаліся жыхары з суседніх Сяўкоў, якія палічылі неабходным апавясціць навакольнае насельніцтва аб з’яўленні на іх тэрыторыі ўкраінскіх грамадзян. А мы, дарэчы, не адзіная такая сям’я, якая знайшла прытулак у Малажыне, – распавядае Аксана Сяргееўна. – Людзі пачалі дастаўляць нам посуд, бытавую тэхніку, электрапрылады, адзенне, абутак… Частавалі садавіной і гароднінай. Такой увагай мы сапраўды былі крануты.

У час нашай сустрэчы жанчына старалася знайсці як мага больш добрых, цёплых слоў у адрас і мясцовага кіраўніцтва, і звычайных жыхароў. Хвалявалася, каб праз газету абавязкова падзякавалі дырэктару акцыянернага таварыства Аляксандру Краўчанку, які ўзяў на сябе клопаты па арганізацыі і фінансаванні паездкі сем’яў-перасяленцаў у Пасольства Украіны, куды патрэбна было асабіста даставіць дакументы. Узгадала і падтрымку кіраўніка раённага аддзела адукацыі Аляксандра Калясана, які выдзеліў аўтобус, а таксама ра-зуменне, цярплівасць, увагу да пасажыраў вадзіцеля Анатоля Федчанкі.

Цяпер з асноўных праблем застаецца адкрытым толькі пытанне з афармленнем пасведчання на права жыхарства. Асабліва з ім патрэбна паспяшацца сем’ям, якія разлічваюць у Беларусі атрымліваць дзяржаўную дапамогу на дзяцей. Да таго ж, украінскія грамадзяне з уступленнем у сілу Указа Прэзідэнта №420 вызвалены ад выплаты дзяржаўнай пошліны за атрыманне пэўных дакументаў, могуць без грашовых затрат карыстацца некаторымі медыцынскімі паслугамі.

Па даных групы па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама на 10 верасня, на Брагіншчыну з Данецкай і Луганскай абласцей пераехала 36 жыхароў. А колькасць перасяленцаў у цэлым па Беларусі перавышае 20 тысяч. З такім масавым прытокам бежанцаў у нашай краіне, безумоўна, сутыкнуліся ўпершыню. Але кіраўніцтва стараецца рабіць усё магчымае, как людзі адчувалі сябе тут камфортна і бяспечна, не заставаліся сам-насам з праблемамі.

У сувязі з цяжкай сітуацыяй, што склалася на тэрыторыі суседняй рэспублікі, і павелічэннем колькасці перасяленцаў, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа абвясціла збор ахвяраванняў ад прадпрыемстваў і арганізацый, мясцовых жыхароў для аказання гуманітарнай дапамогі людзям, якія шукаюць прыстанак у нашай краіне. І першымі на Брагіншчыне, па словах выконваючай абавязкі старшыні раённай арганізацыі таварыства Людмілы Бурак, у акцыю ўключыліся медыцынскія работнікі.

З сабранымі рэчамі і прадуктамі харчавання Людміла Паўлаўна ўжо не раз пабывала ў Малажыне ў сем’ях, якія прыехалі сюды з непаўналетнімі дзецьмі. Да гуманітарнай місіі паступова далучаюцца і прадстаўнікі іншых арганізацый. Прынесці адзенне і абутак, прадметы гігіены, тавары для дзяцей, прадукты харчавання – дапамагчы матэрыяльна і грашова могуць усе жадаючыя. Звязацца з Людмілай Бурак можна па тэлефоне 2-28-30 (вул. Крылова, 7, кабінет №34).

З дамоўленасцю кантактнай групы ў Мінску аб спыненні агню ў зоне канфлікту з’явілася надзея на стабілізацыю сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Праўда, колькі яшчэ спатрэбіцца часу, каб цалкам спыніць спрэчкі, пераадолець бяду, – невядома, і мы не маем права заставацца абыякавымі да людзей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю.

Пакуль жа многія, як і Аксана Кіпаць са сваёй сям’ёй, вельмі сумуюць па радзіме і мараць вярнуцца дамоў. Хочацца верыць, што так і будзе…

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *