Жыццёвая школа: быць аптымістам, не баяцца цяжкасцей і любіць працу

Грамадства

Алена Яўціханаўна Цямляк нарадзілася ў в. Дзяражычы Лоеўскага раёна ў 1917-м годзе ў мнагадзетнай сям’і. У яе былі два браты і тры сястры. Да працы бацькі прывучалі ўсіх шасцярых, выключэнняў не рабілі нікому. У Алены, хаця і была апошнім дзіцём, былі свае абавязкі. Таму закончыла ўсяго два класы, а потым праходзіла суровую жыццёвую школу. Вучылася дабрыні, спагадзе, сустракалася і з несправядлівасцю, здрадай. Умела кахаць, дараваць, ладзіць з людзьмі. Ніколі не адчайвалася, працавала з раніцы да вечара. Кароў у калгасе даіла 60 гадоў…

Zemlyaki-1
Алена Цямляк

Самае страшнае, што давялося перажыць, ваеннае ліхалецце. На маляўнічым беразе Дняпра ў Дзяражычах узвышаецца мемарыял воінам Савецкай Арміі, якія загінулі пры фарсіраванні ракі восенню 1943-га. Навечна занесены на мармуровыя пліты прозвішчы 1264 байцоў, якія пахаваны тут. Сярод іх – восем Герояў Савецкага Саюза. На адкрыццё мемарыяла прыязджаў сам Павел Іванавіч Батаў, генерал 65-й арміі.

Алена Яўціханаўна была сведкам тых жорсткіх баёў. Жанчына і сёння з болем узгадвае, як мірныя жыхары галадалі, хаваліся ў лясах, паміралі. На прымусовыя работы капаць траншэі акупанты выганялі і старых, і малых, а перад наступленнем савецкіх войск многіх вывезлі ў Германію. Пасля вызвалення родных мясцін людзі каля месяца збіралі целы загінуўшых салдат і хавалі.

Zemlyaki-2Zemlyaki-5

А як радаваліся мірнаму жыццю! Дзяражыцкі хор у Лоеўскім раёне чакалі ў кожнай вёсцы. Алена Яўціханаўна таксама была ўдзельніцай мастацкай самадзейнасці (жаночая група налічвала 23 спявачкі), ездзіла з канцэртамі ў суседнія раёны, два разы пабывала ў Мінску. У сталіцы дзяражынцы выступалі цэлы тыдзень, за гэта нават грошы атрымалі. Той сумы, прызнаецца жанчына, ёй хапіла на пагашэнне запазычанасці па падатках. Касцюмы шылі і аздаблялі вышыўкай самі, падбіралі да іх маністы, яркія стужкі. Імкненне да прыгожага ў гэтай цудоўнай і разумнай вясковай жыхаркі з маленства, як і спрыт у руках, здольнасці да вышывання, ткацтва.

Zemlyaki-3
Праскоўя Каржанеўская

Загартаваная суровымі выпрабаваннямі, яна прывыкла ўсё рабіць самастойна. Здзіўляешся, адкуль толькі сілы чэрпае. Да роднай дачкі ў Брагін пераехала чатыры гады таму, а было ж ёй больш чым 90 гадоў… Затое трапіла як у рай. Усё лепшае ўзяла ад маці Праскоўя Лявонцьеўна, такая ж спрытная і здольная, нястомная працаўніца. Сапраўдны аматар кветак, вырошчвае іх вялікае мноства. Яркія прадстаўнікі флоры красуюцца на агародзе, у садзе, каля двара, вакол кожнай сцежкі. У гэтым кветкавым царстве любіць адпачываць Алена Яўціханаўна. У яе добрая памяць, да драбніц узгадвае падзеі і эпізоды з жыцця аднавяскоўцаў, з якімі звязана ўсё: і добрае, і дрэннае. Расказвае толькі пра станоўчае.

Вытканыя матулінымі рукамі посцілкі Праскоўя Лявонцьеўна захоўвае як самую дарагую рэч. Адной з іх, якая найбольш падабаецца, засцілае канапу. Дарэчы, усе, хто бывае ў доме, міжволі кідаюць позірк на гэты шэдэўр і выказваюць словы захаплення. Не менш прыгожы і арыгінальны вышыты дыван. Такім толькі любавацца, дэманстраваць на розных выставах.

Zemlyaki-4

Праскоўю Лявонцьеўну Каржанеўскую на Брагіншчыне павінны ведаць многія як адну з лепшых даярак калгаса “Путь к коммунизму”. Пра яе расказвалася на старонках мясцовага выдання, бо амаль кожны год выходзіла пераможцай спаборніцтва. Ганаровых грамат, падзяк сабраўся цэлы стос. Найбольш памятная – ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання за 2010 год. Такі багаты стаж, як у маці, не выпрацавала, але ж за ўсе 43 гады, якія даіла кароў і якія адзначаны высокімі вытворчымі паказчыкамі і значным укладам у развіццё жывёлагадолі раёна, Праскоўя Лявонцьеўна заслугоўвае вялікай падзякі.

Гэтыя дзве жанчыны па-ранейшаму рана прачынаюцца і позна кладуцца спаць. Увесь дзень праводзяць у клопатах. Росцяць бульбу, гародніну, рыхтуюць на зіму салаты, варэнне розных гатункаў, падтрымліваюць парадак у доме. У пакоях чыста, утульна. Жывуць у злагадзе са сваім сумленнем, чэрпаюць сілы ад зямлі, якая шчодра адорвае багатым ураджаем за любоў да сябе. Захапляюцца прыгажосцю і гармоніяй, якія пануюць у прыродзе і якія здольны стварыць уласнымі рукамі.

Ад усяго сэрца хочацца пажадаць Алене Яўціханаўне Цямляк моцнага здароўя, каб дачакалася свайго стогадовага юбілею і працягвала жыць. Няхай усё найлепшым чынам складваецца і ў Праскоўі Лявонцьеўны. Дзякуй вам, паважаныя, за тое, што вы ёсць сярод нас і сваім прыкладам усяляеце аптымізм, вучыце не баяцца цяжкасцей і любіць працу. Яна стала для вас сэнсам зямного існавання.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *