1 кастрычніка – Міжнародны дзень пажылых людзей

Грамадства

У свае амаль дзевяноста два гады Ганна Піменаўна Марчук з Камарына з лёгкасцю ўзнаўляе ў памяці падзеі і называе прозвішчы людзей, з якімі непарыўна звязаны лёс яе пасёлка, добра арыентуецца ў датах, цікавіцца навінамі і любіць правесці час за душэўнай тэлеперадачай ці кінастужкай сваёй маладосці.

Pozhilye

Дубовы гай на беразе Дняпра

Найбольш светлая і яркая старонка мінулага – даваенны перыяд, аб якім жанчына ўзгадвае з прыкметнай ахвотай. Яно і зразумела: дзяцінства… Ціхае, мірнае, нетаропкае жыццё. Колькі тады людзей з розных куточкаў вялікай краіны з’язджалася на бераг Дняпра, дзе мясцовыя актывісты-камсамольцы пасадзілі дубовы гай! Адпачывалі ўсе дружна, культурна, падтрымлівалі чысціню і парадак. І вада ў рацэ была іншай – як крышталь, празрыстая.

Сям’я, у якой Ганна нарадзілася другой з чацвярых дзяцей, хоць і не лічылася заможнай, нястачы не адчувала – трымалі карову, кабанчыка, курэй і пару коней. Калі пачалася калектывізацыя, з усёй гаспадаркі засталася толькі рагуля. Бацькі ўступілі ў калгас, і дзяўчынка была вымушана дапамагаць маці пасвіць свіней. Гэта перашкодзіла закончыць сямігодку – правучылася толькі два з паловай гады. З усіх дзяцей у сям’і яна была больш дужай і фізічна вынослівай, таму і да працы далучылі рана.

Аб тым, наколькі тады людзі жылі агульнымі клопатамі і дапамагалі адзін аднаму ў цяжкую хвіліну, сведчыць такі выпадак. У выніку пажара шматдзетная сям’я засталася на зіму без хлеба: згарэў хлеў разам са збожжам і кабанчыкам. Выратаваць удалося толькі карову. Тады на дапамогу прыйшлі яўрэі, што складалі на той момант значную частку мясцовага насельніцтва, у Камарыне нават функцыянавала іх нацыянальная школа. Прыносілі муку, сала, іншыя прадукты – у бядзе не пакінулі. Ганна Піменаўна дагэтуль успамінае іх шчодрасць і добразычлівасць з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю.

Куды цяжэй стала сям’і пасля смерці бацькі. Ён пайшоў з жыцця, калі дзяўчынцы споўнілася толькі дванаццаць. Таму з юных гадоў Ганна далучылася яшчэ і да цяжкіх мужчынскіх спраў: магла і дроў накалоць, і з непасільнай, здавалася б, для жанчыны ношай справіцца.

Праз жахі вайны

Колькі выпрабаванняў, пакут і страт прынесла Вялікая Айчынная – аб гэтым жанчына гаворыць нешматслоўна, бо не любіць успамінаць пра балючае. Што чынілі фашысты на мясцовай тэрыторыі, як рабавалі мірных жыхароў, распраўляліся з яўрэйскім насельніцтвам, ведае не па чутках. Дастаткова прыгадаць, як пакаралі бацьку яе стрыечнай сястры, следчага, – у Брагіне закапалі жывым. А колькі яшчэ такім чынам знішчылі людзей! Колькі павесілі, як тую парашутыстку, што хавалі мясцовыя жыхары ад акупантаў, ды так і не ўратавалі – нехта са сваіх жа і выдаў. Многім давялося пазбегнуць смерці толькі па шчаслівай выпадковасці – двойчы насельніцтва знаходзілася пад пагрозай масавых рэпрэсій.

У доўгім спісе злачынстваў фашыстаў быў і прымусовы вываз людзей у Германію. Каб пазбегнуць такой долі, маладая Ганна прыслухалася да парады перакладчыка: выйшла замуж за мясцовага хлопца. Няхай і без кахання, затое выратавала сябе ад фашысцкай катаргі. У 1943 годзе ў маладой пары нарадзіўся сын, якога назвалі Міхаілам. Ды, відаць, адсутнасць пачуццяў зрабіла сваю справу – Пятро, які потым пайшоў у партызаны, да жонкі і сына так і не вярнуўся. Аб яго далейшым лёсе Ганна даведвалася толькі па чутках. Казалі, што недзе жыве з іншай сям’ёю.

А ў хуткім часе ў родныя мясціны прышло доўгачаканае вызваленне. Аб небывалай па сваім размаху і напружанні дняпроўскай бітве сведчыць ужо тое, што вада ў рацэ, па словах жанчыны, была на той момант чырвонай ад крыві.

Пасля выгнання ворага людзей чакала цяжкая і адказная работа па аднаўленні сельскай гаспадаркі, прадпрыемстваў і арганізацый. У яўрэйскіх хатах, што на стаялі на месцы сённяшняга культурна-спартыўнага цэнтра, арганізавалі дзіцячы дом, дзе знайшлі прытулак не толькі сіроты, але і дзеці з занадта бедных сем’яў, якія адчувалі нястачу.

Спазналі і голад

Менавіта ў гэты, пасляваенны перыяд лёс звёў Ганну Піменаўну з яе будучым мужам – Анатолем Марчуком, які быў задзейнічаны тут у аднаўленні электрасувязі. У каханні і згодзе яны пражывуць не адзін дзясятак гадоў. Для Міхаіла гэты чалавек будзе бацькам, а потым на свет з’явяцца яшчэ трое дзяцей.

Найбольш цяжкім перыядам для сям’і стане 1947 год, калі на тэрыторыі Украіны, малой радзіме мужа, спазнаюць голад. З-за праблем з работай можна будзе толькі разлічваць хіба што на нейкую сезонную працу ці па найме. У якасці аплаты – хоць якія прадукты харчавання. Ганна Піменаўна нават будзе вымушана развітацца са сваім пасагам, каб пракарміць сям’ю. А калі да дачкі прыедзе маці і ўбачыць рэальнае становішча, марудзіць не стане: тут жа забярэ яе з дзецьмі да сябе ў Камарын – хоць бульбачка ёсць. Следам паедзе і муж. У 1979-м яго не стане…

Сустрэча з Мазуравым

Многія падзеі з асабістага жыцця і сёння трывожаць душу жанчыны. Але гэта было – не выкрасліш, не сцярэш з памяці. Кожнаму, відаць, наканавана прайсці сваёй дарогай. І Ганна Піменаўна шчыра ўдзячна лёсу, што мела магчымасць стаць сведкай многіх пераўтварэнняў на скрыжаваннях гісторыі, жыць і працаваць побач з людзьмі, якія пакінулі прыкметны след у лёсе пасёлка. Сярод многіх асоб у час нашай сустрэчы яна не раз, напрыклад, узгадвала Кірыла Мазурава, пры якім тут шмат увагі ўдзялялася дарожнаму будаўніцтву.

У перадваенны перыяд ён якраз узначальваў дарожны аддзел Камарынскага райвыканкама. А калі ўжо пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Ганна Піменаўна паехала шукаць праўду ў Маскву да самога старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Грамыкі, каб вырашыць жыллёвае пытанне, ёй нібы наканавана было сустрэцца менавіта з Кірылам Трафімавічам. Пачуўшы, адкуль прыехала жанчына, ён быў уражаны візітам зямлячкі і – дапамог, пасадзейнічаў у вырашэнні праблемы.

Радасць і шчасце

Колькі сябе памятае наша гераіня, заўсёды працавала, не цуралася ніякай работы. Пасля вайны шчыравала ў шавецкай арцелі, потым – прыбіральшчыцай у школе, паштальёнам… На заслужаны адпачынак пайшла з дзіцячага садка, дзе яе любілі выхаванцы як добрую, клапатлівую нянечку. Ужо будучы на пенсіі, яшчэ 15 гадоў была вартаўніком у мясцовай камунальнай установе. Да нядаўняга часу трымала і асабістую гаспадарку. А вось зямельны ўчастак апрацоўвае дагэтуль. Сама выкапала бульбачку і напоўніла ёю мяхі. Дзеці, праўда, спрабуюць часам гаварыць, каб больш сябе берагла, ды потым разумеюць, што гэта бессэнсоўна. Пакуль Бог дае сілы, маці будзе корпацца на сваіх сотках, гаспадарыць на падворку і ў доме. Інакш не прывыкла.

Калі Ганне Піменаўне споўнілася дзевяноста, дочкі забралі яе пагасцяваць да сябе, у Славуціч, дзе і адзначылі юбілейную дату ўсёй дружнай сям’ёй. Дзеці ўжо даўно пакінулі бацькоўскі дом і жывуць зараз у розных гарадах, але наведвацца ў родныя мясціны стараюцца часта. Ды і суседзі, знаёмыя не пакідаюць пенсіянерку ў адзіноце. На сацыяльнага работніка Наталлю Музыкіну можна разлічваць як на сябе.

Відаць, жаночая мудрасць, багаты жыццёвы вопыт і добразычлівасць Ганны Піменаўны не застаюцца па-за ўвагай людзей, і ад гэтага яе дом заўсёды прыцягвае знаёмых і блізкіх, поўніцца галасамі, робіцца яшчэ больш светлым і ўтульным, цёплым ад гасціннасці. А калі з’язджаюцца ўсе родныя, якім даводзіцца размяшчацца нават на падлозе, і гэта нікога не засмучае, іх згуртаванасці можна толькі пазайздросціць.

Вялікае багацце ёсць у жанчыны: чацвёра дзяцей, дзесяць унукаў, сем праўнукаў і нават прапраўнучка – яе радасць, шчасце, надзея…

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *