26 кастрычніка – Дзень аўтамабіліста і дарожніка

Праздники и будни

Малыя і вялікія аўтатрасы, быццам крывяносныя артэрыі, распасцерліся па ўсёй краіне. Яны аб’ядноўваюць людзей – і агульнай працай, і карысцю, і тым, што скарачаюць адлегласць паміж намі, збліжаюць і дапамагаюць.

“Шчаслівага шляху!” – кожны раз мы жадаем тым, хто адпраўляецца дахаты, родных і сяброў, на працу ці ў камандзіроўку. Ды ці часта, пакідаючы за сабою кіламетры, задумваемся, колькі сіл і сродкаў укладзена ў будаўніцтва, рамонт і абслугоўванне дарог? За ўсім гэтым камфортам і зручнасцю стаіць стараннасць людзей, якія ў апошнюю нядзелю кастрычніка адзначаюць сваё прафесійнае свята.

Doroga

У зоне пастаяннай увагі нешматколькаснага калектыву ЛДД-452 пад кіраўніцтвам Пятра Кастэнкі – 82 кіламетры дарог рэспубліканскага значэння. І сёлета, дарэчы, перад гэтымі работнікамі стаяла асаблівая адказнасць: госці, якія прыехалі да нас на Чэмпіянат міру па хакеі, павінны былі пакінуць Беларусь з прыемнымі ўражаннямі, што ў значнай ступені залежала менавіта ад дарожнікаў. Транспартныя артэрыі, як вядома, з’яўляюцца візітнай карткай любой краіны.

Ямачныя рамонты і герметызацыя трэшчын, умацаванне абочын і абнаўленне бар’ернай агароджы, замена дарожных знакаў і фарбаванне павільёнаў, уборка смецця – даволі не поўны пералік асноўных работ, якімі быў заняты калектыў на працягу дзевяці месяцаў бягучага года. У цэлым на ўтрыманне дарог у надзейным стане пайшло 3294 млн рублёў. Яшчэ 1408 мільёнаў – на двайную паверхневую апрацоўку часткі аўтадарогі Калінкавічы—Брагін—Камарын—мяжа Украіны ў аб’ёме 30 тыс. м кв.

Вадзіцель Сяргей Іотчанка і дарожны рабочы Аляксандр Савін
Вадзіцель Сяргей Іотчанка і дарожны рабочы Аляксандр Савін

Зімой да ўсяго дабавяцца клопаты, звязаныя з ачысткай трас ад снегу і пасыпкай іх пясчана-саляной сумессю, якой ужо на сёння нарыхтавана ў дастатковай колькасці – 2700 тон. У бліжэйшы час, дарэчы, павінны атрымаць новую ўстаноўку для апрацоўкі дарог такім чынам ва ўмовах галалёдзіцы. Зараз жа калектыву ў складзе 19 чалавек дапамагаюць у справах 11 адзінак тэхнікі.

Напэўна, таму што аўтамабілісты і дарожнікі існуюць у неразрыўным тэндэме, і сваё прафесійнае свята яны адзначаюць у адзін дзень. Узгодненая работа гэтых службаў забяспечвае бесперабойнае функцыянаванне ўсяго народнагаспадарчага механізма. Ды і ўвогуле, кожны з нас – у якасці вадзіцеля-прафесіянала ці аматара, пешахода ці пасажыра – удзельнічае ў дарожным руху. Таму пажадаем усім, хто клапоціцца пра нашу бяспеку, камфорт і добры настрой, усяго самага найлепшага: моцнага здароўя, аптымізму, сямейнага дабрабыту, поспехаў у справах і добрых умоў надвор’я. Са святам!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *