Аксана Раманюк: душой адпачываю ў сям’і

Грамадства

На раённым конкурсе “Сям’я года” я з замілаваннем назірала за блізнятамі Ромам і Данілам, якія разам з мамай і татам удзельнічалі ў розных конкурсах. Усмешкі на тварах з’яўляліся ва ўсіх, хто прысутнічаў у зале раённага Дома культуры, калі хлопчыкі з уласцівай ім непасрэднасцю імкнуліся ва ўсім дапамагаць дарослым.

Sem'ya-2

У 2010-м ім не было яшчэ і па тры гады. Дзяцей не бянтэжыла прысутнасць вялікай колькасці чужых людзей. Жвавыя, спрытныя і не па гадах развітыя, будучыя мужчыны адчувалі сябе ўпэўнена і камфортна. Яшчэ б! Побач былі самыя дарагія і родныя людзі – бацькі, якія горача любяць іх. Мама Аксана ласкавым поглядам і словам хутка ставіла іх на месца, калі пачыналі бегаць па сцэне. У сыноў тут была адказная місія: лавіць рыбу вудай, як прадугледжвалася па сцэнарыі. Аксана Юр’еўна і Дзмітрый Міхайлавіч Раманюкі сталі тады пераможцамі і потым прадстаўлялі наш раён на абласным конкурсе.

Пра тое, што стане мнагадзетнай, Аксана не думала. Першымі з’явіліся на свет яе гарэзы – Ромка і Данька, а праз шэсць гадоў – доўгачаканая дачушка Бажэна. Сястрычку блізняты палюбілі адразу, дапамагаюць бацькам, ахвотна гуляюць з ёй, аберагаюць. Цяпер яны ўжо вучацца ў 2-м класе, а дзяўчынцы ў снежні споўніцца толькі два гады.

Калі ўсе трое з шумам убягаюць у кватэру з вуліцы, на некалькі хвілін пра парадак і спакой матуля забывае. Раскіданыя шкарпэткі, курткі, прынесены з абуткам пясок прыбірае спакойна. Такія дробязі яе не бянтэжяць. Галоўнае, што дзеці здаровыя, што яны ў яе ёсць, што ў сям’і пануе любоў і ўзаемаразуменне. Да акуратнасці прывучае паступова. Вопратку і абутак сынам купляе аднаго фасону, але рознай афарбоўкі, каб не блыталі і сачылі за сваімі рэчамі.

Па характары яны розныя. Раман любіць гуляць з канструктарамі, хоча быць выхавальнікам у дзіцячым садзе. Даніла больш цярплівы, здольны да навук, засяроджвацца на якім-небудзь прадмеце. Таму бачыць сябе будаўніком. Пра іх дзіцячыя мары Аксана Юр’еўна гаворыць з усмешкай. Яшчэ год таму яны хацелі стаць касманаўтамі.

Для хлапчукоў маці – галоўны суддзя і дарадца. Яе слухаюцца больш, чым тату. Урокі з імі часцей робіць менавіта яна, як і вырашае спрэчкі, канфліктныя сітуацыі.

У Аксаны Юр’еўны нялёгкі ўчастак работы. Яна – намеснік старшыні раённага спажывецкага таварыства. На гэтую адказную пасаду маладую жанчыну прызначылі не адразу, затое цяпер, калі прайшла амаль усе ступені службовай лесвіцы, лягчэй працаваць. Была яна таварзнаўцай, начальнікам камбіната грамадскага харчавання, дырэктарам рознічнага гандлю, начальнікам аддзела.

Калектыў вялікі, праблем у гандлёвым абслугоўванні шмат, прычым рознага характару. Ад кадравых да прафесійных. На рабоце стамляецца. Але, калі прыходзіць дамоў, аб усім забывае, адпачывае душой. Тут яе чакаюць любячы муж, сыны і дачушка. Шчасце жанчыны – у дзецях, сям’і. Гэтая аксіёма не аспрэчваецца. Са сваім Дзмітрыем Міхайлавічам яны раней былі заняты ў адной сферы, але хапала мудрасці дома пра вытворчыя справы забываць і не абмяркоўваць іх. У атмасферы душэўнай цеплыні і павагі выхоўваюцца малодшыя Раманюкі. Іх не караюць фізічна, самая строгая мера – могуць не дазволіць пагуляць за дрэнныя паводзіны ў камп’ютар, каб задумаліся і не рабілі так больш. Затое дні нараджэння святкуюць запамінальна, з выездам у Гомель або Рэчыцу, дзе для дзяцей столькі забаў.

Матуля Аксаны Юр’еўны –настаўніца. Ганна Леанідаўна Дзямяненка выкладае беларускую мову і літаратуру. Гэта наклала адбітак на выхаванне, станаўленне яе дачкі як асобы. Таму і сваіх дзяцей Аксана Юр’еўна стараецца выхаваць годнымі і сумленнымі людзьмі, каб знайшлі сваё месца ў жыцці, змаглі раскрыць таленты і здольнасці.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *