Алена Лямешка: усе аднолькава любімыя

Грамадства

Прасторны дабротны дом, што красуецца ў Бурках па вуліцы Школьнай, поўніцца дзіцячымі галасамі. Яго пабудавала сям’я Лямешкаў дзякуючы ільготнаму крэдытаванню, і цяпер у кожным пакоі тут адчуваецца камфорт і ўтульнасць. А галоўнае багацце бацькоў – тры сыны і дзве дачушкі.

Sem'ya-1

Пра кожнае са сваіх дзяцей маці Алена Рыгораўна гаворыць з цеплынёй – усе аднолькава любімыя і непасрэдныя. Паміж імі з малых гадоў існуе непарыўная сувязь, ёсць агульныя інтарэсы і заняткі, назіраецца ўзаемадапамога. Таму расціць дзяцей, як упэўнілася на асабістым вопыце жанчына, не складана, калі ў сям’і адчуваецца давер, разуменне і падтрымка. Побач з імі і весела, і цікава: як дзень – новыя ўражанні, забавы, адкрыцці…

Старэйшы Мікіта, як будучы мужчына, ва ўсім стараецца дапамагаць бацькам па гаспадарцы, у яго ёсць шчырае жаданне навучыцца іграць на баяне. У сямігадовай Аніты, калі маці занята хатнімі клопатамі, выдатна атрымліваецца заняць малодшых брацікаў і сястрычку, яна любіць маляваць. Пяцігадовы Дзімка – хлопчык дапытлівы, і таму ўвесь час імкнецца знайсці адказы на самыя розныя пытанні. Некалькі за яго малодшы Аляксей – актыўны ўдзельнік усіх гаспадарчых спраў і заядлы аматар мультыкаў. А найбольшай увагі да сябе патрабуе, вядома, Юльяна: з маленькай дачушкай маці пакуль знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.

Месцам працы і Алены Рыгораўны, і яе мужа з’яў-ляецца мясцовая дашкольная ўстанова. Жанчына – выхавальніца, а Віталь Анатольевіч – вартаўнік. Як і належыць, вялікая сям’я трымае вялікую гаспадарку, ладны зямельны ўчастак. Таму клопатаў заўсёды хапае. А ў святочныя дні ўся сям’я па традыцыі збіраецца за накрытым сталом, і тады гучаць наперабой віншаванні ці то з днём нараджэння, ці з нейкай іншай знамянальнай датай. У такія хвіліны, здаецца, няма нічога даражэй: шчаслівыя вочы дзяцей, гонар за іх бацькоў, цяпло сямейнага ачага.

Пакуль яшчэ, безумоўна, ніхто не ведае, як складзецца лёс гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак. Але маці ўжо сёння цвёрда ўпэўнена: пярэчыць ім у выбары заняткаў, прафесіі не стане – любая справа павінна быць па душы, прыносіць задавальненне. Любові і падтрымкі самага роднага чалавека хопіць на ўсіх. Нездарма дзеці як адзін называюць сваю маму самай добрай, пяшчотнай і прыгожай.

На будучым тыдні Алену Рыгораўну чакае прыемная ўрачыстасць: на абласным мерапрыемстве, што будзе прымеркавана да самага светлага свята, ёй уручаць ордэн Маці.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *