Брагінчане станоўча ацанілі работу супрацоўнікаў РАУС

Общество Территория закона

Milizyja

2 і 3 кастрычніка штабам Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь праводзілася ананімнае анкетаванне з мэтай вывучэння грамадскага меркавання аб рабоце раённага аддзела ўнутраных спраў. У ім прынялі ўдзел 150 чалавек

Па словах начальніка Брагінскага РАУС Валерыя ЧЭКАНА, аналіз атрыманых данных паказаў, што ў аснове меркаванняў грамадзян ляжыць задаволенасць узроўнем грамадскай бяспекі, а таксама работай праваахоўных органаў па асноўных напрамках дзейнасці. Так, 82,9% апытаных адзначылі аператыўнасць рэагавання нарадаў міліцыі пры зваротах па тэлефоне на спецлінію 102. На пытанне “Ці звярнуліся б вы ў міліцыю ў выпадку рэальнай пагрозы вашаму жыццю, здароўю, маёмасці?” 74,5% рэспандэнтаў адказалі станоўча.

Анкетаванне паказала, што жыхары раёна займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю ў барацьбе з правапарушэннямі, 63,4% гатовы асабіста аказаць дапамогу міліцыі ў гэтай справе. У рознай ступені давяраюць міліцыі 93,5% апытаных, у тым ліку цалкам – 36,6%. Па меркаванні жыхароў раёна, супрацоўнікам РАУС пры рабоце з грамадзянамі характэрны праяўленне ветлівасці і ўвагі (50,3%), а таксама прафесіяналізму (42,0%).

Разам з тым жыхары раёна ўказваюць на недахопы ў дзейнасці міліцыі. Кожны пяты апытаны звяртае ўвагу на тое, што барацьба з п’янствам і самагонаварэннем на тэрыторыі Брагіншчыны не зусім эфектыўная. Рэспандэнты адзначаюць, што ў грамадскіх месцах часта распіваюцца спіртныя напоі – 29,9%, недастатковая прафілактыка алкагалізму і прапаганда здаровага ладу жыцця – 28,8%, не выяўляюцца кропкі незаконнай рэалізацыі спіртнога – 9,0%, аб’екты гандлю прадаюць алкаголь у вячэрні і начны час – 8,0%.

У ходзе маніторынгу ад жыхароў раёна паступілі і прапановы па паляпшэнні ўзроўню грамадскай бяспекі. Так, большасць апытаных просяць кантраляваць у Камарыне хуткасць руху транспартных сродкаў, а таксама прымаць меры адказнасці да пешаходаў і веласіпедыстаў, якія парушаюць правілы дарожнага руху ў няцвярозым стане. Жыхары Брагіна просяць кантраляваць правапарадак у вячэрні і начны час каля бараў “Асалода” і “Забэль”, прыпыняць факты знаходжання непаўналетніх пасля 23.00 без прыгляду бацькоў ці грамадзян, іх замяняючых.

Валерый Леанідавіч завярае, што ўсе прапановы і крытычныя заўвагі, якія паступілі ад насельніцтва ў адрас Брагінскага РАУС, будуць улічаны. Ён таксама дзякуе жыхарам раёна за актыўны ўдзел у апытанні.



Пакінуць адказ