Чаму жанчыны хапаюцца за нож?

Территория закона

Нядаўна ў Камарыне прайшло выязное судовае пасяджэнне, на якім была разгледжана крымінальная справа ў дачыненні грамадзянкі С. Жанчына нанесла цяжкія цялесныя пашкоджанні свайму сужыцелю.

V naruchnikah

Як паведаміў пракурор Брагінскага раёна Аляксандр Паўлоўскі, трагедыя здарылася ў адну з ліпеньскіх раніц у вёсцы Іванкі, дзе жанчына бавіла час са сваім сябрам. Вядома, без спіртных напояў не абышлося. “Баляваць” пачалі з вечара, раніцай прадоўжылі…

Паколькі жанчына не началава дома, сужыцель пайшоў яе шукаць. Знайшоў у Іванках, у палюбоўніка. Паміж мужчынамі пачалася бойка, з якой пераможцам выйшаў так званы грамадзянскі муж. Аднак прадстаўніцу прыгожай паловы чалавецтва такое становішча рэчаў не задаволіла, і яна вырашыла адпомсціць за пабітага каханага.

Схапіўшы нож, жанчына дагнала сужыцеля ўжо на вуліцы і нанесла ўдар у вобласць грудной клеткі. Мужчына, хістаючыся, пайшоў далей, а жанчына з нажом – за ім… Менавіта такі малюнак паўстаў перад вачамі адной з жыхарак Іванак, якая і выклікала хуткую медыцынскую дапамогу. Дзякуючы своечасовым і прафесійным дзеянням медработнікаў пацярпелы застаўся жыць. У адваротным выпадку грамадзянцы С. давялося б адказваць за больш цяжкае злачынства.

Кіпучая ярасць, якая апанавала жанчыну ў тую ліхую хвіліну, праз некаторы час прайшла, як і выветрыўся з галавы алкаголь. Яна смутна памятала, што здарылася, сцвярджала, што не хацела цяжка параніць. Прычым і сам пацярпелы, акрыяўшы, спрабаваў замовіць слова за сваю сужыцельку, прасіў спыніць крымінальную справу.

Нягледзечы на гэта, на лаве падсудных жанчына ўсё роўна апынулася. Яе дзеянні кваліфікаваны па артыкуле 147 Крымінальнага кодэкса: нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, а па ім прымірэнне бакоў не прадугледжана.
Прапаванавае пракурорам раёна пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на чатыры гады было цалкам падтрымана суддзёй. Да таго ж грамадзянка С. павінна прайсці прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Аднак з такім рашэннем суда жанчына не згадзілася і падала касацыйную скаргу. Па словах Аляксандра Сяргеевіча, касацыйны суд, хутчэй за ўсё, пакіне прыгавор у сіле. На яго погляд, пакаранне хоць і суровае, але аб’ектыўнае.

Дарэчы, ідэнтычны выпадак у нашым раёне быў зарэгістраваны і вясной гэтага года. 9 сакавіка, адразу пасля жаночага свята, яшчэ адна жыхарка Камарына цяжка параніла свайго спадарожніка па жыцці. Да гэтага яны разам ужывалі спіртныя напоі, але раптам на жанчыну нахлынуў прыступ рэўнасці, і яна схапілася за нож.

Грамадзянка З. тады таксама не была згодна з вынесеным прысудам, спрабавала аспрэчыць. Але суд вышэйшай інстанцыі пакінуў яго без змяненняў. У выніку бліжэйшыя чатыры гады жанчына правядзе за кратамі, паралельна пройдзе прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Вядома, што большасць бытавых канфліктаў здараецца паміж людзьмі, якія знаходзяцца ў п’яным стане. А калі хмель выходзіць, злачынец часта не можа растлумачыць прычыны, якія падштурхнулі яго да жорсткага ці нават абсурднага ўчынку. Так і абедзьве нашы гераіні зусім не чакалі, што разгульны лад жыцця з частымі выпіўкамі прывядзе іх на лаву падсудных.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *