РУП «Белтэлекам»: 600 тысяч рублёў за хвіліну злучэння

Грамадства

Telefon

«Белтэлекам» заклікае сваіх абанентаў быць пільнымі пры звароце ў недзяржаўныя платныя даведачна-iнфармацыйныя службы.  

Размова ідзе аб актыўна рэкламуемых у сродках масавай інфармацыі юрыдычных кансультацыях, паслугах па працаўладкаванні і г.д. Гэтыя паслугі прадастаўляюцца з выкарыстаннем трохзначнага нумара або доўгіх нумароў фарматаў 8-902-АВСхххх, або 8-602-60хххх.

«Скаргі і звароты спажыўцоў выкліканы тым, што кошт званка ў такія службы (які даходзіць часам да 600 тысяч рублёў за хвіліну злучэння) становіцца непрыемным сюрпрызам для абанента. Разборы па кожным такім звароце, як правіла, прыводзяць да несуцяшальных для абанента вывадаў: у большасці выпадкаў мае месца бестурботнасць спажыўца — нехта не дачытаў рэкламную аб’яву да канца, нехта няўважліва праслухаў галасавое паведамленне, якое папярэднічала злучэнню з аператарам», — сказалі ў кампаніі.

У сувязі з гэтым «Белтэлекам» звяртае ўвагу на тое, што платныя кансультацыі па фіксаваным тэлефоне прадастаўляюць спецыялісты недзяржаўных даведачна-інфармацыйных службаў, якія заключылі дагавор з кампаніяй. Са свайго боку «Белтэлекам» забяспечвае толькі тэхнічны доступ абанентаў да гэтых даведачных службаў. Адказнасць перад абанентамі за прадастаўленне саміх даведачна-інфармацыйных паслуг, уключаючы якасць аказваемых паслуг і вызначэнне іх кошту, нясе непасрэдна ўладальнік платнай даведачна-інфармацыйнай службы.

Каб засцерагчы сябе ад негатыўнага вопыту, неабходна ўважліва вывучыць рэкламную інфармацыю аб умовах прадастаўлення платных даведачна-інфармацыйных паслуг, у прыватнасці, іх кошце.

Плата за карыстанне паслугай, што прадастаўляецца даведачнай службай, уключаецца ў агульны рахунак за паслугі электрасувязі РУП «Белтэлекам», у якім паслугі платнай даведачнай службы стаяць асобнай пазіцыяй. У кампаніі звяртаюць увагу на тое, што пры нязгодзе з выстаўленым рахункам па паслузе платнай даведачна-інфармацыйнай службы і адмове аплаты паслуг, абанент можа аплаціць толькі паслугі «Белтэлекама». Адключэння тэлефона ў гэтым выпадку не будзе.

У наступным месяцы пры аплаце рахунку за паслугі электрасувязі і нязгодзе з рахункам па паслузе платнай даведачнай службы абаненту неабходна паведаміць аператару аб аплаце толькі паслуг «Белтэлекама». У адваротным выпадку грашовыя сумы пойдуць на пагашэнне доўгу за папярэдні месяц, г.зн. за аплату паслуг платнай даведачнай службы. Рашэнне па спагнанні з абанентаў запазычанасці па аплаце за даведачна-інфармацыйныя паслугі ўладальнік платнай даведачна-інфармацыйнай службы прымае самастойна.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *