ААТ «Камарынскі»: умацоўваючы дабрабыт

Сельское хозяйство

Тут не гоняцца за славай, сумленна працуюць, не зважаючы на цяжкасці, цярпліва пераадольваюць іх і не скардзяцца на свой лёс. Хаця падстаў для гэтага дастаткова: вялікая працягласць зямель, нізкая іх бальнасць, аддаленасць ферм. Усё гэта – вынік рэфармавання АПК і далучэння да “Камарынскага” суседніх гаспадарак з ліку адстаючых. І тым не менш, па многіх пазіцыях камарынцы – у ліку лепшых. Тут і спецыялісты затрымліваюцца, і механізатары, жывёлаводы з разуменнем адносяцца да патрабаванняў кіраўніцтва, і фінансавае становішча больш-менш стабільнае. Ва ўсякім разе, у іх найменшыя сумы даўгоў.

Сёлета раённае свята “Дажынкі” будзе праводзіцца на базе ААТ “Камырнскі”. А напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і харчавання хацелася б расказаць пра некаторых людзей сельгаспрадпрыемства, якія гэтага заслужылі.

Прафесіянал

APK-2

Любоў Богуш выбрала для сябе прафесію бухгалтара, выдатна асвоіла яе. Яшчэ б! Больш чым 30 гадоў падлічвае ўсё, што паступае на рахункі гаспадаркі, ідзе на аплату працы, разлікі за розныя паслугі, робіць гэта граматна і своечасова. Звычайна на пасаду галоўнага бухгалтара назначаюць кемлівых, адукаваных, сумленных. Любоў Аляксееўна займала яе доўгі час, пакуль існавала КСУП “Краснае”. Пасля далучэння яго да “Камарынскага” стала намеснікам. Калегі цэняць у ёй лепшыя чалавечыя якасці, якімі яна валодае ў поўнай меры. Тое, што прафесіянал высокага класа, пацвердзілі і ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання. З такімі, як Любоў Аляксееўна, лёгка вырашаць розныя службовыя пытанні, знаходзіць узаемаразуменне. Няхай ёй шчасціць

Верны абавязку

APK-3

Не згубіўся ў новым калектыве і Андрэй Петруненка, які ўвесь час працаваў трактарыстам у КСУП “Краснае”. Працаваў добра, не шкадуючы здароўя, не зважаючы на цяжкасці і складанасці, якія ўзнікалі на вытворчасці. Дырэкцыя “Камарынскага” ацаніла яго дысцыплінаванасць і адносіны да работы.

Сельгасвытворчасць – тая галіна, дзе няма другарадных спраў, дзе ўсё ўзамазвязана. Абслугоўваць жывёлагадоўчую галіну не менш адказна, чым сеяць збожжавыя і ўбіраць іх. Справу маеш з жывымі істотамі. Андрэй Іванавіч на адгонных выпасах уключае сістэму даення, падвозіць даярак, а ў час зімова-стойлавага ўтрымання эксплуатуе кормараздатчык. Медыкі парэкамендавалі яму лёгкую працу, і ён у меру сваіх сіл і магчымасцей стараецца быць карысным калектыву.

З надыходзячым святам Вас, Андрэй Іванавіч! Няхай не падводзіць здароўе, усё ладзіцца ў жыцці. Заставайцеся ў страі як мага даўжэй.

Сейбіт

APK-4

Пра аднаго з найбольш вопытных механізатараў “Камарынскага” – Аляксандра Леўчанку мы ўжо пісалі. У час правядзення веснавой кампаніі без яго не абысціся, бо ён заняты на сяўбе яравых. Гэтую работу выконвае і восенню, калі закладваецца падмурак будучага ўраджаю. Мала сказаць, што вопытны, сумленны, такіх шмат. Галоўнае – неабыякавы, дысцыплінаваны. Паколькі трактарыстаў не хапае, за ім замацаваны дзве адзінкі тэхнікі. Трэба гаспадарская рука, такая, як у Аляксандра Андрэевіча, каб клапацілася пра тэхнічны стан сельгасмашын, берагла іх. Грошай жа каштуюць немалых. Зімой раздае кармы, а летам рыхтуе іх, падварушвае сена і зграбае яго.

У апошні час некаторыя не жадаюць пісаць і гаварыць пра адданасць прафесіі і роднай зямлі (маю на ўвазе не толькі журналістаў), быццам гэта – архаізмы, прыкметы савецкага часу. А між тым, такія рысы ўласцівы многім, хто прыйшоў у гэты свет калі не пакінуць добры след і ўспамін пра сябе, дык годна і сумленна жыць і працаваць. Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць Аляксандру Андрэевічу моцнага здароўя, ясных світанкаў, удачы і новых поспехаў.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *