Гудзеў кірмаш, звінела песня

Грамадства

Зусім не пагаджуся з тымі, хто скажа пра восень: панурая і змрочная. Колькі ў ёй сакавітых, насычаных фарбаў, хараства і зачаравання! Дзівосная пара, калі вясёлы карнавал ладзіць рознакаляровая лістота, успыхвае яркім агнём рабіна, вабяць россыпам сваіх дароў лясы, напаўняюцца кошыкі ўраджаем з агародаў і садоў. Значыць, яна сапраўды заслужыла тытулы “залатой”, “багатай”, “шчодрай”, якія так любяць ёй прыпісваць майстры слова. А выхаванцы, вучні і настаўнікі Асарэвіцкага дзіцячага сада – базавай школы, якія запрасілі нас на “Восеньскі кірмаш”, дапамаглі ўпэўніцца ў гэтым яшчэ больш.

Kirmash

Дастаткова было пераступіць парог спартыўнай залы – і атмасфера свята зачаравала: усё стракацела ад буйства фарбаў, палкай фантазіі, самабытнага майстэрства ўмелых рук. Восеньскія штрыхі набылі сцены, на сталах размясціліся падарункі ўраджайнага сезона і апетытная выпечка, звычайная садавіна і гародніна пераўтварылася ў жывых істот. Але ж назваць кірмаш толькі багатым і шчодрым было б, безумоўна, недастаткова. Ён аказаўся яшчэ і бойкім, вясёлым, творчым, таленавітым.

Kirmash-1Kirmash-2Kirmash-5Kirmash-14

Знайшлося месца і прыпеўкам, і “агародным” байкам, і рэкламе вітаміннай прадукцыі. Пацешыць народ прыйшлі Мядзведзь, Цыганка са сваім цыркавым прадстаўленнем. Шчырае замілаванне і лагодныя ўсмешкі выклікалі танцавальныя кампазіцыі самых маленькіх, асабліва ў ролі бабулек. Настрой і рытм мерапрыемства падтрымлівалі ўсе: ад юных выхаванцаў да найбольш вопытных, творчых і актыўных педагогаў. Але самае галоўнае, як мне здаецца, – адчувалася павага да сялянскай працы і яе здабыткаў, шчырае жаданне ўзбагачаць справы і традыцыі продкаў. Гэта, згадзіцеся, вельмі лагічна: калі сельскагаспадарчы год завершаны, чаму б вяскоўцам не адпачыць? З песнямі, жартамі, прыгаворкамі, забавамі!

Kirmash-3Kirmash-4

Хваляй пазітыўных эмоцый суправаджаліся вясёлыя гульні, далучыцца да якіх змаглі не толькі дзеці, але і госці. Раздзяліць з калектывам радасць свята прыехалі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Паўлюшчанка і пастар евангельскай царквы “Благодать” Юрый Куніцкі з прадстаўнікамі замежжа – шведамі, якія нярэдка наведваюцца ў наш раён з дабрачыннай місіяй. Самыя актыўныя, кемлівыя і знаходлівыя ўдзельнікі заахвочваліся прызамі. Сумаваць у гэты дзень забаранялася.

Kirmash-8Kirmash-7Kirmash-12Kirmash-10Kirmash-9

Надзвычай цёплая, добразычлівая атмасфера, насычаная праграма, дружнае чаяванне, падрыхтаваныя гасцінцы… Усё – ад душы, таму і знайшло водгук у сэрцах. Кірмаш атрымаўся, як і сама восень, яркім, маляўнічым, жанрава рознакаляровым. І ў гэтым акружэнні міжволі авалодвалі думкі: пакуль гучыць дзіцячы смех у такіх установах, струменяцца ў іх праменьчыкі дабрыні, спагады, творчасці, духоўных каштоўнасцей – не гасне святло і ў нашых вёсачках.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Kirmash-13Kirmash-11Kirmash-6



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *