Несанкцыянаваныя звалкі: хто навядзе парадак?

Общество

На мінулым тыдні разам з памочнікам урача-гігіеніста Брагінскага райЦГЭ Наталляй Аніскавец мы праверылі месцы несанкцыянаваных звалак, якія знаходзяцца на тэрыторыі Вуглоўскага сельскага Савета.

Svalka-1

Першы населены пункт – Шкураты. Цэнтральная вуліца вёскі дагледжаная, радуюць вока новыя дамы і агароджа, але, крыху збочыўшы, можна знайсці тое, што псуе агульны малюнак – бытавыя адыходы. Зразумела, што звалку на тэрыторыі, якая зарасла бульняком, зрабілі самі ж вяскоўцы, бо большую частку смецця складаюць пластыкавыя вырабы і поліэтылен.

Svalka-2

Далей мы накіраваліся ў Вуглы. Пад’ехаўшы да вёскі, з боку Міхнаўкі, таксама заўважаем гару смецця: старыя аконныя рамы, адпрацаваныя аўтамабільныя шыны, паламаны шыфер, кардонныя каробкі, бутэлькі… Аджыўшыя свой век рэчы знайшлі прытулак пад зялёнымі соснамі прама каля дарогі. Прычым гэта не адзіная стыхійная звалка, якая ўтварылася дзякуючы вуглоўцам. З другога боку населенага пункта нас чакаў прыкладна такі ж малюнак.

Svalka-3

Далей – Рудня Жураўлёва. Тут вельмі непрывабны выгляд мае тэрыторыя вакол былога адміністрацыйнага будынка сельгаспрадпрыемства. За ім – звалка, таксама створаная вяскоўцамі.

Svalka-4Svalka-5 На жаль, падобнае сустракаецца каля многіх населеных пунктаў раёна, – гаворыць Наталля Уладзіміраўна. – Адказнасць за такія звалкі нясуць старшыні сельскіх Саветаў, але з некаторымі з іх нам вельмі цяжка знайсці агульную мову. Сярод кіраўнікоў ёсць людзі, якія ці проста не заўважаюць смецце, ці “кормяць” толькі абяцанкамі, што навядуць парадак. Дарэчы, гэта адносіцца і да Вуглоўскага сельскага Савета.

Смеццевыя звалкі на ўскраіне вёсак для іх жыхароў даўно сталі звыклым пейзажам. Вядома, гэта здараецца з-за нізкай культуры людзей, які выкідваюць бытавыя адыходы прама за агародамі. Але ж куды ім са смеццем падацца, калі няма спецыяльна адведзенага месца?..



Пакінуць адказ