Сярод браканьераў — інспектары аховы прыроды, егеры і міліцыянеры

Территория закона

ohotnik

Па справе аб незаконным паляванні ў Веткаўскім раёне праходзяць 11 чалавек. Аб гэтым паведаміла праграма «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1» вечарам 14 снежня. Сярод фігурантаў-баканьераў — інспектары прыродааховы, егеры, работнікі лясгаса і супрацоўнікі міліцыі.

Пакуль вядома пра чатырох забітых ласёў. Дата ўчынення злачынства — 7 снежня. Асноўныя падазроныя былі затрыманыя ў гэты ж дзень. Прычынены ўрон прыродзе за кожнага забітага лася ацэнены ў 900 базавых велічынь, усяго — больш за паўмільярда рублёў. Фігурантаў справы чакае крымінальная адказнасць за службовыя злачынствы і штрафы за незаконнае паляванне.

Па зоне браканьеры перамяшчаліся на цюнінгаваным «УАЗе» са спецнумарам «СЕРЕГА», які, як сцвярджаюць тэлевізіёншчыкі, быў вядомы ва ўсёй акрузе.

Гаспадара машыны і яго сваяка ўсе баяліся. Менавіта яны асноўныя фігуранты крымінальнай справы: бацька — егер Гомельскага БТПР, сын — намеснік начальніка міжраённай Гомельскай інспекцыі прыродааховы.

Паводле сведчання жыхароў вёскі Свяцілавічы, бацька арганізаваў у зоне бізнес па здабычы дзічыны. Адзін з яго партнёраў — расіянін, жыхар найбліжэйшага расійскага пасёлка Чырвоная Гара. У яго быў пропуск на бесперашкоднае наведванне чарнобыльскай зоны.

Падчас вобыску ў галоўнага фігуранта канфіскавана восем паляўнічых стрэльбаў, чатыры карабіны і некалькі соцень патронаў.

Асаблівае месца ў арсенале займалі «яжы» — дробныя канструкцыі з кавалкаў арматуры, згорнутыя асаблівым спосабам. Іх раскідвалі за сабой на дарозе, што не давалі магчымасці міліцыі, ляснікам дабрацца да браканьераў.

13 снежня Дзяржаўная інспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету аб’явіла аб тым, што супрацоўнікамі КДБ 7 снежня была затрыманая група паляўнічых у колькасці больш чым 10 чалавек, сярод якіх — службовыя асобы шэрагу структур, у тым ліку два супрацоўнікі Гомельскай абласной і міжраённай інспекцый аховы жывёльнага і расліннага свету.

12 снежня калегія Дзяржаўнай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету прыняла рашэнне аб звальненні намесніка начальніка Гомельскай абласной інспекцыі, паніжэнні на пасадзе начальніка Гомельскай міжраённай інспекцыі, а таксама прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці начальніка Кармянскай міжраённай інспекцыі, на тэрыторыі якой было ўчынена правапарушэнне, і начальніка аператыўна-аналітычнага аддзела Гомельскай абласной інспекцыі. Супрацоўнікі, якія знаходзяцца пад следствам, будуць звольненыя з выкананнем устаноўленых працэдур у межах крымінальнай справы.

Цяпер абвінавачанне прад’яўлена 11 асобам, у тым ліку тром супрацоўнікам інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету, пяці супрацоўнікам гомельскай міліцыі і службовай асобе Веткаўскага лясгаса.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *