З дынастыі хлебаробаў

Сельское хозяйство

Faley-2

Яўгена Фалея мы сустрэлі на выставе сельскагаспадарчай тэхнікі, якая была арганізавана для ўдзельнікаў раённых дажынак. Малады механізатар з ААТ “Малажынскі” стаяў каля свайго прыгажуна-трактара, які атрымаў нядаўна.

Энерганасычаны “Беларус-3522” у святле промняў лістападаўскага сонца здаваўся велічным і магутным. Дырэкцыя адкрытага акцыянернага таварыства выдзяляе новую тэхніку маладым, каб зацікавіць іх, ды і спадзяецца, што застануцца ў вёсцы. Гэта адзін бок медаля. Другі – каб эксплуатаваць такія машыны, патрэбны веды, схільнасць да нялёгкай хлебаробскай справы. Не трэба скідваць з рахунку і тое, што каштуюць яны нятанна і патрабуюць умелых рук. На сваім “Беларусе” Яўген дыскуе глебу, рыхтуе плошчы пад сяўбу.

Яго бацька – выдатны механізатар, у суседнім Лоеўскім раёне прозвішча Фалей, як і ў нашым, добра вядома. Так што маладому трактарысту давядзецца на справе даказваць, чаго варты малодшы прадстаўнік гэтай слаўнай дынастыі. Яго родны дзядзька Сяргей сёлета ўбіраў зерневыя і зернебабовыя разам з жонкай Святланай (працуюць яны ў ААТ “Чамярыскі”). Дарэчы, сямейны экіпаж трапіў у лік “тысячнікаў”. Летась Сяргей Рыгоравіч вёў жніво разам з сынам Аляксандрам, стрыечным братам Яўгена, які зараз праходзіць службу ў арміі. Браць прыклад ёсць з каго.

У “Малажынскім” маладой сям’і выдзелілі катэдж. Жонка нашага героя, Марыя, пасля заканчэння Гомельскага аграрна-эканамічнага каледжа прыехала сюда па размеркаванні ў 2012-м годзе, зараз займае пасаду інспектара па кадрах. У іх усё яшчэ наперадзе. І вытворчыя дасягненні Яўгена, а яны абавязкова будуць, і доўгае сямейнае жыццё, і выхаванне дзяцей. Няхай працягваецца працоўная дынастыя, на такіх людзях трымаецца сельгасвытворчасць.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *