ААТ «Брагінка»: да поспеху – агульнымі намаганнямі

Сельское хозяйство

Так атрымалася, што да Шкуратоўскага малочнатаварнага комплексу ААТ “Брагінка” мы пад’ехалі адначасова з дырэктарам гаспадаркі Тамарай Кудан. Быў час абедзеннага даення кароў, таму Тамара Сямёнаўна пракантралявала не толькі сам вытворчы працэс, але і раздачу кармоў, у першую чаргу – камбікармоў, звярнула ўвагу на санітарны стан даільнага абсталявання. Убачыўшы мяшкі з канцэнтратамі, што ляжалі прама на праходзе, растлумачыла нам з фотакарэспандэнтам: ”Даенне ў нас трохразовае (пачынаецца ў 13 гадзін), як і кармленне з раздачай камбікармоў.”

Braginka-1
Валерый Леўкавец

Пра чысціню і парадак на комплексе я пачала размову невыпадкова. У снежні мінулага года тут пабываў старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік. Арганізацыяй работы застаўся задаволены, таму і выдзеліў ААТ “Брагінка” грошы на набыццё 100 нецеляў галштына-фрызскай пароды з прадуктыўнасцю 6 тысяч кілаграмаў малака ў год (закупілі іх у гаспадарках Гомельскага і Рагачоўскага раёнаў). Пяць галоў ужо расцялілася, па словах начальніка комплексу Валерыя Леўкаўца, даюць будучыя рэкардысткі па 22 кілаграмы малака ў суткі. Выдзелены яны ў асобную групу, даглядае іх перасяленец з Крывога Рога Віктар Сівалапенка.

Заняты ён тут не адзін, жонка Наталля доіць кароў. Як прызналася маладая жанчына, ёй у “Брагінцы” вельмі падабаецца. Новыя жывёлагадоўчыя комплексы з даільнымі заламі і камп’ютарамі – сучасныя фабрыкі малака. Гэта не старыя МТФ, дзе пераважала ручная праца. Убачыць такое не спадзявалася.У наш раён сям’я пераехала ў жніўні. У суседняй Украіне Наталля Валер’еўна была сацыяльным работнікам, а на новым месцы ёй давялося асвойваць іншую прафесію, не менш значную.

Ірына Карсак
Ірына Карсак

Аксану Панасевіч (яна мясцовая) называюць аператарам машыннага даення са стажам. У яе ёсць вопыт, навыкі работы, якімі і дзеліцца з украінскімі сяброўкамі. На комплексе працуе сястра Наталлі – Марына Міхайлюк. А ўсяго ў калектыве налічваецца 18 чалавек. Узначальвае яго Валерый Леўкавец, эканаміст па адукацыі. Ён пільна сочыць за паказчыкамі не толькі свайго вытворчага падраздзялення, але і суседніх гаспадарак, параўноўвае іх. Прыемна гутарыць з чалавекам, які валодае інфармацыяй.

Аксана Панасевіч
Аксана Панасевіч

Да гонару калектыву “Брагінкі”, як жывёлаводаў, так і механізатараў, летась тут дасягнуты нядрэнныя паказчыкі па вытворчасці і рэалізацыі малака, паляпшэнні яго якасці. Менавіта гэтае акцыянернае таварыства прадало гатункам “экстра” 62,8% малака.Значны ўклад, па словах Валерыя Іванавіча, унеслі работнікі комплексу. У апошні час усё малако, якое яны адпраўляюць на перапрацоўку, прымаюць гатункам “экстра”. Вядома, гэта патрабуе ад аператараў машыннага даення сумленных адносін да сваіх абавязкаў, захоўвання тэхналогіі, але іншага не дадзена.

Начальнік комплексу з павагай гаварыў пра кожнага са сваіх падначаленых. Ірына Карсак, напрыклад, раней даіла кароў, зараз – даглядчыца дойнага статка. Яе сумленную працу адзначыла таксама і Тамара Сямёнаўна.

Віктар Сівалапенка
Віктар Сівалапенка

Аляксандр Цярэшчанка адзін абслугоўвае 270 кароў. Чалавек з няпростым лёсам аддаў рабоце ў жывёлагадоўлі больш чым два дзясяткі свайго жыцця. Валерыю Іванавічу імпануе тое, што свае абавязкі даглядчык выконвае бездакорна. І такіх тут большасць.

Наталля Сівалапенка
Наталля Сівалапенка

Першая лінія Шкуратоўскага комплексу ўступіла ў строй у сту-дзені 2014 года, калі сюды завезлі 50 галоў “сваіх”, як называе кіраўнік падраздзялення, кароў. Вырасцілі самі ад найбольш прадуктыўных рагуль. Ён падлічыў, што гадавы надой складае ад кожнай па 5100 кілаграмаў малака. Паступова да гэтых 50 дадалі яшчэ, на сёння дойны статак налічвае 270 галоў. На думку практыка, гэта – аптымальная колькасць жывёлы, каб яна адчувала сябе ў такіх умовах камфортна.

Для нованароджаных цялят ёсць спецыяльныя клеткі-домікі. На свежым паветры яны будуць утрымлівацца 21 дзень, а потым іх перавядуць на ферму в. Новы Пуць.

Аляксандр Цярэшчанка
Аляксандр Цярэшчанка

Да канца бягучага года комплекс павінен выйсці на запланаваную колькасць жывёлы (600 галоў), ёсць 227 галоў нецеляў для папаўнення статка, а таксама цялушкі двухгадовага ўзросту. Тут дзейнічае паточна-цэхавая сістэма вытворчасці малака, як і патрабуецца па тэхналогіі.

У рацыёне кароў – кармасумесь з сіласу, сенажу, здробненай саломы і камбікармоў. Атрымліваюць у Рэчыцы на камбінаце хлебапрадуктаў, таму яны збалансаваны па ўсіх пажыўных элементах. Як прызнаўся Валерый Іванавіч, дырэктар гаспадаркі ў іх патрабавальны і прынцыповы. Мы і самі пераканаліся ў гэтым. Ад пільных вачэй Тамары Сямёнаўны не схаваць было тое, што даільнае абсталяванне вымыта няякасна. Агульнымі намаганнямі дабіліся таго, што па многіх пазіцыях у жывёлагадоўлі па выніках 2014-га “Брагінка” – на першых пазіцыях. Няхай так будзе і надалей.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *