Акцыя “Нашы дзеці”: чараўніком стаць проста

Общество

Podarki

Падчас дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая праходзіла з 1 па 31 снежня, да выхаванцаў Асарэвіцкага сацыяльнага прытулку амаль штодня наведваліся госці з падарункамі.

Новы год – свята, несумненна, усімі любімае. Гэта час, калі дарослыя становяцца крышачку чараўнікамі, ну а дзеці з нецярплівасцю чакаюць казачнага дзядулю, які абавязкова пакладзе пад ёлку жаданы падарунак. Вядома ж, клапатлівыя бацькі робяць усё, каб у іх сыночкаў і дачурак навагодняе свята было сапраўды чароўным.

Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія воляй лёсу пазбаўлены бацькоўскага цяпла, таксама чакалі цуду. Іх добрыя чараўнікі – жыхары раёна, якія прынялі ўдзел у акцыі “Нашы дзеці”.

“Прыемна, што на Брагіншчыне ёсць шмат неабыякавых людзей, для якіх навагоднія акцыі ўжо сталі добрай традыцыяй, – гаворыць дырэктар Брагінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кацярына СКАРАХОД. – Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто наведаў выхаванцаў Асарэвіцкага прытулку. Аб падарунках для нашых дзяцей паклапаціліся ААТ “Камарынскі”, цэнтр банкаўскіх паслуг №306 ГАУ ААТ “ААБ Беларусбанк”, Хойніцкі РВПС, Іялчанская СШ, РК ГА “БРСМ”, царква веры евангельскай “Благодать”, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённы аддзел Следчага камітэта. Ганаровымі гасцямі ўстановы ў святочныя дні сталі і нашы парламентарыі – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Святлана Чэкан і член Савета Рэспублікі Анжаліка Дарагакупец, а таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кавалёк”.

Дарэчы, выхаванцы прытулку напярэдадні Новага года былі запрошаны на дабрачыннае прадстаўленне, якое праходзіла ў раённым Доме культуры, і сталі ўдзельнікамі казачнай навагодняй гісторыі.

Вера ў Дзеда Мароза і Снягурку, як і права на свята, павінны быць у кожнага, бо цудоўныя дзіцячыя ўражанні чалавек праносіць праз усё жыццё, і менавіта яны робяць нас шчаслівымі, дапамагаюць у цяжкую хвіліну. Рабіце дабро і дарыце яго дзецям. Для гэтага не трэба ні вялікага багацця, ні якіх-небудзь асаблівых намаганняў. Толькі жаданне і крыху часу.



Пакінуць адказ