Камісія па справах непаўналетніх вярнула дзяцей у сям’ю

Грамадства

semya

Па бурлівай рацэ жыцця, пад ветразямі светлых мараў і шчаслівых надзей плыве лодка дзяцінства. І вяслуюць на ёй бацькі – пад апекай самых блізкіх і дарагіх людзей малым утульна, радасна і спакойна. Ды так, на жаль, назіраецца не ва ўсіх сем’ях. Бывае, што гэтую лодку раскачваюць халодныя хвалі п’янства, маральнага падзення і дэградацыі дарослых. Але ў кожнага ёсць шанц выбрацца на выратавальны бераг любові, міласэрнасці, дабрыні…

Забірала гарэлка сумленне, пачуццё спагады і жалю да тых, каму дала жыццё, і ў адной з жыхарак Брагіншчыны. Захопленая гэтай страшнай згубай, падманным задавальненнем, яна не заўважала, што адчуваюць яе сын і дачка. “Зялёны змей” паступова забіраў у свой палон, апутваў павуцінай. На такую дарогу маладая жанчына стала разам з сужыцелем. П’янкі, сваркі і скандалы – у гэтым жаху былі вымушаны жыць дзеці. Таму камісіі па справах непаўналетніх заставалася адно – змясціць дзяцей у сацыяльны прытулак і папярэдзіць нядбайную: калі не апамятаецца – можа страціць статус мацярынства. На шчасце, сужыцель на момант іх адабрання ўжо знаходзіўся ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, і была надзея, што ў жанчыны абудзіцца сумленне. Галоўнай мэтай зацікаўленых службаў стала зрабіць усё магчымае, каб захаваць сям’ю.

На дзяржаўным забеспячэнні дзеці знаходзіліся з сярэдзіны ліпеня, і на пачатковым этапе накіраваць гора-маці на правільны шлях было складана. Але з цягам часу сітуацыя прыкметна стабілізавалася. Жанчына змяніла месца жыхарства, дзе ўжо стаў панаваць парадак, ствараліся ўмовы для вяртання дзяцей, справамі якіх маці не пераставала цікавіцца. Прадстаўнікі дзяржаўных службаў заўважылі: заўсёды ў цвярозым стане. У доме – дастатковы запас прадуктаў харчавання. Добраўтворны ўплыў на жанчыну, відаць, зрабіў і яе новы сужыцель, які таксама наладзіў кантакт з дзецьмі і быў гатовы іх прыняць. З’явілася сумеснае жаданне завесці хатнюю жывёлу, апрацоўваць прысядзібны ўчастак. Не ўзнікала заўваг і з боку кіраўніцтва адкрытага акцыянернага таварыства, куды жанчыну працаўладкавалі як абавязаную асобу.

Абмяркоўваючы на бягучым тыдні гэтыя змены на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, прысутныя прыйшлі да высновы – дзяцей можна вярнуць у сям’ю. Аднак папярэдзілі: калі грамадзянка паўторыць свае памылкі, то права выхоўваць сына і дачку будзе аспрэчваць толькі праз суд.

Хочацца верыць, што ў жанчыны хопіць сіл не сысці з абранага шляху і застацца маці.

Да ведама:

У мінулым годзе ў нашым раёне на часовае дзяржаўнае забеспячэнне былі змешчаны дзевяць хлопчыкаў і дзяўчынак з трох сем’яў. Усе яны пасля выпраўлення сітуацыі вярнуліся да бацькоў.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *