Сёння споўнілася роўна 26 гадоў з таго часу, калі апошнія падраздзяленні савецкіх Узброеных сіл пакінулі тэрыторыю Афганістана.
Кожны год былыя воіны-інтэрнацыяналісты збіраюцца разам, каб успомніць перажытае і ушанаваць памяць аб загінулых таварышах. Па ўсёй краіне ў гэты дзень традыцыйна праходзяць мітынгі і памятныя мерапрыемствы. Не стаў выключэннем і Брагінскі раён.
Так, напярэдадні, 13 лютага, у цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла сустрэча ветэранаў афганскай вайны з вучнямі 11 класаў Брагінскай школы.
14 лютага старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Валерый Чарнянок разам з былым воінам-афганцам Аляксандрам Кукраком і першым сакратаром РК ГА “БРСМ” Сяргеем Даўгуляўцам наведалі магілы загінуўшых землякоў.
Нагадаем, Віктар Сцепаненка пахаваны ў Залессі, Віктар Балобан – у Хатучы, а Віталій Кіпцік – у Брагіне.
15 лютага ветэраны ваенных канфліктаў, прадстаўнікі кіраўніцтва раёна і грамадскіх арганізацый усклалі вянок да помніка воінам-афганцам.
Урачыстая частка мерапрыемства прайшла ў раённым Доме культуры.