ААТ “Імя Жукава”: рухацца толькі наперад

Сельское хозяйство

Па выніках работы за 2014 год адкрытае акцыянернае таварыства “Імя Жукава” лідзіруе па многіх пазіцыях: забяспечыла рост валавой прадукцыі; у агульным аб’ёме атрыманай у раёне жывёлагадоўчай на яго долю прыпадае 19%, тут – найвышэйшая таварнасць малака (87,24%). Гаспадарка павялічыла валавы збор зерневых і зернебабовых (разам з кукурузай) у вазе пасля дапрацоўкі на 4448 тон, атрымала ў разліку на бала-гектар па 1596 кілаграмаў зерня і найбольшыя аб’ёмы рапсу. Павялічыла на 10,3 млрд рублёў выручку, мае найлепшы паказчык ад рэалізацыі прадукцыі, атрымала 4440 млн рублёў прыбытку.

Тамара Козырава, Святлана Раманюк і Святлана Ходас

Інвестыцыі ў асноўны капітал сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна выкананы на 68,0%. Дзве гаспадаркі: ААТ «Імя Жукава» і «Камарынскі» справіліся з заданнем на 151% и 129%. Падстаў для таго, каб быць задаволеным, у дырэктара сельгаспрадпрыемства Рамана Козела дастаткова. Як ён сам ацэньвае работу калектыву, якія планы намечаны на бліжэйшыя гады і што зроблена, каб заставацца на пазіцыі адной з лепшых гаспадарак? Гэтыя і іншыя пытанні мы задалі яму ў час сустрэчы.

Інвестыцыі ў асноўны капітал сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна выкананы на 68,0%. Дзве гаспадаркі: ААТ «Імя Жукава» і «Камарынскі» справіліся з заданнем на 151% и 129%. Падстаў для таго, каб быць задаволеным, у дырэктара сельгаспрадпрыемства Рамана Козела дастаткова. Як ён сам ацэньвае работу калектыву, якія планы намечаны на бліжэйшыя гады і што зроблена, каб заставацца на пазіцыі адной з лепшых гаспадарак? Гэтыя і іншыя пытанні мы задалі яму ў час сустрэчы.

Раман Козел
Раман Козел

– Раман Пятровіч, мінулы год быў для працаўнікоў ААТ “Імя Жукава” спрыяльны. Ці ўсё з задуманага ўдалося ажыццявіць?

– Пачну размову не з дасягненняў, а з пралікаў. Як кіраўнік прадпрыемства хацеў бы плаціць людзям большую заработную плату, ды не атрымліваецца. Пры ўсіх станоўчых момантах у нас прадукцыйнасць працы – ніжэй за сярэднераённую. Прычына на гэта ёсць, і яна звязана з найбольшай, чым у астатніх гаспадарках, колькасцю занятых на вытворчасці. Мы маглі б скараціць частку людзей, пакінуць чалавек сто, але ж гэта не будзе гуманным. Улічваць неабходна і тое, што наша гаспадарка знаходзіцца не ў цэнтры раёна, а на яго ўскраіне. Дзе тыя ж паляводы, жывёлаводы, з якімі развітаемся, знойдуць у вёсцы занятак, ці не прывядзе гэта да абвастрэння крымінагеннай сітуацыі, скажам, крадзяжоў? Таму выхад бачу ў нарошчванні вытворчых аб’ёмаў. Патрэбна рэканструяваць старыя памяшканні, павялічваць колькасць жывёлы, што мы і робім.

У мінулым годзе за ўласныя сродкі адрамантавалі хлеў для цялят у Конанаўшчыне, сёлета вядзём будаўнічыя работы ў Бурках, прыстасоўваем для нецеляў памяшканне, дзе ўтрымлівалася пагалоўе адкорму.

– У вашай гаспадарцы ў 2013-м годзе з дапамогай дзяржавы з’явіўся даільны малочны блок. Што гэта дало?

– Значнае прыбаўленне малака. Яго вытворчасць рэзка павялічылася. Прывяду адзін прыклад. У студзені бягучага года ад рэалізацыі малака атрымалі 1 млрд 200 млн рублёў. Прычым калі іншым сельгаспрадпрыемствам выдзяляліся бюджэтныя грошы на набыццё нецеляў, дык мы вырасцілі сваіх. Яны і папоўнілі малочны статак. Зараз у разліку на карову атрымліваем больш за 11 кілаграмаў малака. Хацелася б, вядома, каб закупачныя цэны на яго былі вышэйшыя, бо кошт запчастак, гаруча-змазачных матэрыялаў увесь час павялічваецца. Не буду зараз удавацца ў падрабязнасці, але ж калі параўнаць, колькі каштуе літр саляркі і кілаграм ялавічыны, то розніца атрымаецца невялікая.

У нас ёсць аператары машыннага даення, якія працуюць сумленна, рукамі якіх ствараюцца малочныя рэкі. Гэта Васіль Пікуль і Таццяна Ганчар (Рыжкаўская ферма), калектыў комплексу, дзе брыгадзірам другі год з’яўляецца Святлана Ігнаценка. Яна раней была асемянатарам, а паколькі валодае здольнасцямі арганізатара, мы папрасілі яе ўзначаліць вытворчае падраздзяленне. Дояць кароў Святлана Ходас, Святлана Раманюк і Тамара Козырава.

Даглядаюць жывёлу, падвозяць кармы Валерый Кот і Аляксандр Ганчарэнка. Дапамагаюць даяркам, клапоцяцца, каб у рацыёне кароў былі хваёвыя галінкі, Ігар Абалікштута і Мікалай Цярэшчанка, Аператары машыннага даення – адзіная катэгорыя ў гаспадарцы, якая працуе сама на сябе. Іх заработная плата залежыць ад колькасці атрыманай прадукцыі. Чым больш надаілі, тым больш грошай ім налічылі. А гэта можа быць ад двух да дзевяці мільёнаў рублёў.

Ігар Абалікштута і Мікалай Цярэшчанка
Ігар Абалікштута і Мікалай Цярэшчанка

Ралі размова зайшла пра жывёлагадоўчую галіну, варта назваць прозвішча галоўнага заатэхніка Святланы Козел. Спецыяліст яна вопытны, з багатай практыкай. З такімі можна вырашаць любыя вытворчыя пытанні. Не без гонару зазначу, што нядаўна здалі на мясакамбінат 30 быкоў вагой 420-430 кілаграмаў. Не кожнае сельгаспрадпрыемства можа адразу адправіць такую колькасць адкормкаў на камбінат.

– Пашанцавала гаспадарцы і з галоўным аграномам. Ці не так?

– Сапраўды, Сяргей Міхаленка – добры аграном, для яго праца на зямлі – прызванне. З ліку тых, хто любіць сваю справу і можа адстойваць уласны пункт гледжання. Дзякуючы зладжанай рабоце механізатараў, паляводаў мы атрымалі нядрэнны ўраджай зерневых і зернебабовых, рапсу. Асноўны ўпор робім заўсёды на апрацоўку пасеваў, барацьбу з пустазеллем і шкоднікамі раслін. Грошай на сродкі аховы не шкадуем, каб не страціць 50% зерня. Забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі, хімічнымі прэпаратамі ў нас заўсёды высокая. Належную ўвагу ўдзяляем насеннаму матэрыялу, рыхтуем свой, а суперэліту для далейшага размнажэння закупляем.

Летась мы занялі ў вобласці першае месца па намалоце насення кукурузы. Не першы год супрацоўнічаем з эксперыментальнай базай “Крынічнае”, дзе атрымліваем так званыя бацькоўскія формы каралевы палёў, высяваем іх, даглядаем. Убіраць кукурузу прыязджаюць прадстаўнікі базы, яны ж вывозяць і пачаткі. Прадпрыемства разлічваецца з намі. У 2014-м атрымалі за свае паслугі 2,8 млрд рублёў. У гаспадарцы ёсць вопыт па вырошчванні гэтай культуры, ды і землі ў ААТ “Імя Жукава” ўрадлівыя, таму такі тандэм узаемавыгадны.

– Ведаю, што ў ААТ “Імя Жукава” на МАЗах працуюць выдатныя вадзіцелі. Як выкарыстоўваеце іх патэнцыял?

– Пра нашых “мазістаў”, як я іх называю, пісалі шмат, гэта сапраўды заслужаныя і паважаныя людзі, галоўнае – без цягі да спіртнога. Аўтамашыны падтрымліваем у добрым тэхнічным стане агульнымі намаганнямі. Купляем запчасткі, рамантуем, бо амаль усе перавозкі ажццяўляем сваім транспартам. І ўнутры гаспадаркі, і за яе межамі.

Механізатары таксама вопытныя, умелыя. Пра іх расказвалася на старонках “Маяка Палесся” не аднойчы, думаю, напішаце яшчэ не раз. Прадстаўнікі сталёвай гвардыі выходзілі ў лік лепшых па выніках раённага спаборніцтва на палявых работах. Добрых людзей шмат сярод ветэранаў, моладзі. Пашанцавала і з галоўным бухгалтарам. Дзяніс Астапенка 22 лютага адзначыць дзевяць год з таго дня, як прыйшоў у ААТ “Імя Жукава”. Праўда, назва гаспадаркі была іншая, але ж гэта сутнасць справы не мяняе. Калі чалавек ­– прафесіянал у сваёй галіне, ён праявіць здольнасці ў любым калектыве. Вось яшчэ б ветэрынарнага ўрача дачакацца! Няма ў нас пакуль спецыяліста такога профілю.

– Якія планы ў дырэкцыі на бягучы год? Як думаеце паляпшаць свае вытворчыя паказчыкі?

– Павышаць давядзецца вытворчасць малака, мяса, зерня, усіх сельгаскультур, каб былі сродкі для існавання. Ды і нядобра будзе, калі збавім тэмпы і знізім планку, скоцімся ўніз. Азімы рапс, па ўсёй верагоднасці, давядзецца перасяваць, а на яго спадзяваліся. Ёсць насенне той жа кукурузы (100% да патрэбнага), іншых культур.

Рамантуем тэхніку, каб арганізавана правесці веснавыя палявыя работы. На запасныя часткі выдзелілі каля 300 мільёнаў уласных сродкаў. Восенню купілі новы энерганасычаны трактар, апырсквальнік. Не хапае пакуль сельгасмашын для ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў, думаю, з цягам часу і яны з’явяцца ў механічнай майстэрні. Будзем працаваць, улічваць недахопы, якія ёсць. Гэты год – трэці па ліку з таго дня, як узначаліў калектыў.  Думаў, часова, а атрымалася зусім па-іншаму. Спадзяюся, што людзі мяне не падвядуць. Веру ў іх і жыву надзеяй, што 2015-ты будзе для ААТ “Імя Жукава” таксама спрыяльны.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *